Даходы і расходы кансалідаванага бюджэту на 2008 год павялічацца ў параўнанні з гэтым годам на 14 і 15% адпаведна. Пра гэта заявіў намеснік міністра фінансаў Уладзімір Амарын 24 кастрычніка на пасяджэнні камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы.

Паводле яго слоў, даходы бюджэту 2008 года з улікам паступленняў у спецыяльныя фонды і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва складуць 50,6 трлн. рублёў (рост на 6,3 трлн.).

Паводле слоў намесніка міністра фінансаў, зменіцца структура даходнай часткі бюджэту. У прыватнасці, узрастуць паступленні ад падатку на дададзены кошт. «Акрамя гэтага, у бюджэце 2008 года ўзрасце доля даходаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці, што звязана з павышэннем пошлін на транзіт нафтапрадуктаў. Даходы ад такой дзейнасці павялічацца на 17,2%», — паведаміў ён.

У.Амарын зазначыў, што расходы бюджэту 2008 года запланаваны на ўзроўні 40,9 трлн. рублёў (рост 5,4 трлн.). Ён паведаміў, што расходы на фінансаванне рэальнага сектара эканомікі складуць 12,4 трлн., на АПК — 3,5 трлн., на рэалізацыю дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы (будаўніцтва спарткомплексу «Мінск‑Арэна», папяровага завода ў Шклове і інш.) — 1,152 трлн., што ў 1,5 разу больш у параўнанні з дзяржаўнымі капітальнымі ўкладаннямі на 2006 год.

На сацыяльныя патрэбы, паводле слоў Амарына, будзе зрасходавана 60% усяго бюджэту. Гэта, паводле яго слоў, дазволіць забяспечыць рост зарплаты на 5—7%. Сярэднямесячная зарплата ў бюджэтнай сферы ў 2008 годзе будзе складаць прыблізна 700 тыс. рублёў.

У.Амарын таксама паведаміў, што ў 2008 годзе расходы на ахову здароўя вырастуць у параўнанні з 2007 годам на 16%, адукацыю — на 16,6%, культуру і спорт — на 13,5%, навуку — на 22%.

Дэфіцыт бюджэту 2008 года запланаваны ў 2,2 трлн. рублёў, што складзе прыблізна 2% ВУП.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0