«Першы раз мы пісалі агульнанацыянальную дыктоўку ў 2008-м годзе ў гонар 90-годдзя БНР. Пісалі ва ўсіх куточках зямной кулі, дзе толькі жылі беларусы», — адзначаецца ў звароце.

«Летась мы пачалі перапісваць Біблію ад рукі. І можа так стацца, што да 500-годдзя надрукавання Скарынам Псалтыра, у 2017-м мы перапішам Біблію.

У гэтым годзе мы прапануем напісаць агульнанацыянальную дыктоўку па тэксце Арсенневай «Магутны Божа».

Агульнанацыянальная дыктоўка можа стаць шчытом для абароны нашай мовы. Нашы словы, сказаныя і напісаныя разам, могуць стаць семем, якое прарасце любоўю да Беларусі ў душах нашых дзетак і ўнукаў. Наша супольная дэманстрацыя можа стаць агульнанацыянальнай малітвай, якую пачуе Бог. І стане магутным гімнам, які загартуе нашу волю дзеля абароны Айчыны».

Магутны Божа

Магутны Божа! Уладар сусветаў,
Вялiкiх сонцаў i сэрц малых,
Над Беларуссю, цiхай i ветлай,
Рассып праменне свае хвалы.

Дай спор у працы будзённай, шэрай.
На лусту хлеба, на родны край.
Павагу, сiлу i велiч веры
У нашу праўду, у прышласць дай.

Дай урадлiвасць жытнёвым нiвам,
Учынкам нашым пашлi ўмалот.
Зрабi свабоднай, зрабi шчаслiвай
Краiну нашу i наш народ!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?