Апошнія гады кампанія «Будзьма беларусамі!» не проста папулярызуе беларускую культуру і мову як падмурак для яднання нацыі, але і актыўна запрашае, падштурхоўвае, а часам і прымушае задумацца пра тое, што культура стварае і паляпшае нашае жыццё.

«Пакуль што беларусы – пабочныя назіральнікі ў культуры. Культура ўспрымаецца выключна як мастацтва і, адпаведна, цікаўнасць выклікае далёка не ва ўсіх. Мы нячаста задумваемся, што культура – гэта і тое, што мы робім, і тое, як мы гэта робім, і, можа, найперш – тое, што мы думаем», – адзначыла каардынатар кампаніі Ніна Шыдлоўская. Каб думкі не блукалі ў цемры, не губляліся ў штодзённай мітусні і клопатах, кампанія «Будзьма беларусамі!» збірае разам адмыслоўцаў і аматараў, каб прагаворваць, разважаць і спрачацца на абсалютна розныя тэмы. Вельмі важна, каб дзякуючы дыскусіям знаходзіліся новыя ідэі, ракурсы, гучалі розныя меркаванні, якія пашыраюць наш кругагляд.

Тэма публічнай гутаркі ў прасторы «Цэх», з якой распачаўся курс веснавых дыскусій кампаніі «Будзьма беларусамі!», гучала шырока: «Навошта нам музей?» Гаворка пайшла не пра багацце фондаў ды ўнікальнасць экспазіцый, а пра забаўляльны, інтэрактыўны складнік музейнай справы. Ці патрэбная «ноч музеяў», колькі павінен каштаваць квіток у «нацыянальны» і, урэшце, чаму нельга мацаць экспанаты?

Няціхая музейная ноч

Ноч музеяў – час вялікіх ператварэнняў, калі яны фактычна скідаюць сваю галоўную функцыю сховішча каштоўнасцяў і пачынаюць спаборнічаць у арганізацыі народных гулянняў. На першы план выходзяць мімы і танцоры, конкурсы касцюмаў, усе магчымыя гульні, шоу і майстар-класы, экспанаты ж ператвараюцца ў маўклівыя дэкарацыі. Што дае гэты вечар адкрытых дзвярэй самім музеям?

Дзіяна Шантарзагадчык сектара выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: «Ноч музеяў – адно з самых папулярных мерапрыемстваў. У апошнія тры гады яго наведвае штогод больш за 10 тысяч чалавек, а калі б мы працягнулі час працы і пасля поўначы, то было б яшчэ больш. Усё ж асноўная мэта «ночы музеяў» – прыцягнуць увагу да экспазіцыі. Сацапытанне паказала, што каля 17% вярнулася ў наш музей менавіта пасля гэтага мерапрыемства. Нашае кіраўніцтва лічыць, што гэта панацэя, і каб павялічыць колькасць наведнікаў, нават былі спробы зрабіць таксама «вераснёвую ноч музеяў» да Дня горада. Але практыка паказвае, што «ноч музеяў» павінная ўсё-такі быць адна».

Вольга Пархімовічзагадчыца аддзела культурна-адукацыйнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: «Мы ладзім дзве «ночы музеяў» на год, бо ў нас яшчэ ёсць «Купальская ноч у Купалавым доме», калі мы не маем канкурэнтаў сярод калегаў-музейшчыкаў. Купалле ў нас мае ўрбаністычную скіраванасць, але вянкі, папараць-кветка і нават вогнішчы ў тым ці іншым выглядзе прысутнічаюць. Такія акцыі ладзяцца, зразумела, не толькі каб забавіць людзей, а каб пайшла пагалоска. Нас ужо прынамсі менш блытаюць з Музеем Якуба Коласа і ведаюць, дзе мы знаходзімся. Гэта таксама вынік».

«70 тысяч за квіток у музей – ту мач»

Для разагрэву дыскусіі на экране ўзнікла відэаапытанка, у якой мінчукі расказваюць, чаму яны ходзяць альбо не ходзяць у музей і што хацелі б там пабачыць. Рэспандэнтаў знаходзілі каля доміка РСДРП, і выбарка атрымалася яркая. У ёй даследчык літаратуры Язэп Янушкевіч папрасіў больш цікавых экспазіцый, вандроўнік і музыка Верасень выказаўся за тое, каб дазволілі мацаць усе экспанаты, а дызайнерка і фатограф Даша Бубен сказала пра «маладую кроў, якая праз бюракратызм загнівае ў музеях», што пасля не раз цытавалася ў дыскусіі, а таксама паскардзілася на вялікую цану квіткоў: «70-80 тысяч за выставу ў «нацыянальным» – ту мач». Такім чынам тыповае меркаванне мінакоў было: «А што ў нас глядзець? У школе ўжо наглядзеліся. Вось за мяжой музеі – та-ак».

 

Дзіяна Шантар: »Дарагавізна – адна з праблемаў нашага музея. Ёсць акцыя «Апошняя серада месяца», калі ўваход бясплатны, і тады музей проста перапоўнены. Мы не запрашаем музыкаў, не робім рэкламы, людзі самі памятаюць, чакаюць і прыходзяць. Значыць, музей павінен быць гнуткім у цэнавай палітыцы. У нас ёсць, напрыклад, сямейны квіток па выходных – калі бацькі і двое дзяцей атрымліваюць зніжку, таксама ёсць групавы квіток. Пры гэтым нас працягваюць завальваць лістамі, каб мы знізіліцэны. Але арыентуючыся на Расію і Еўропу, можна сказаць, што наш музей не надта дарагі».

«Словаў «музейны маркетынг» баяліся як інфекцыйнай хваробы»

Алесь Зіменка, старшыня беларускага аддзялення ICOM (International Council of Museums): «Усё зводзіцца да фразы «пазабаўляйце нас». У Берліне ў чалавека ёсць 2000 розных варыянтаў культурна прабавіць час штовечар, для Мінска мы набярэм, магчыма, 75-100. Трэба змагацца за наведніка. Дырэктар аднаго музея ў Нідэрландах, у якім каштоўнасці з усяго свету, расказаў, што яны заўважылі памяншэнне наведнікаў. І тады экспазіцыю аформілі як вітрыну крамы, а апісанне экспанатаў – як цэтлік з цаной на жаночых упрыгожаннях. Бо галоўнае пытанне, якое цікавіць маленькіх дзяцей у музеі, – «А колькі гэта каштуе і што будзе, калі гэта скрасці?» Рэклама пераконвае карыстацца пэўнай зубной пастай ці шампунем, а павінная гэтаксама завабліваць нас у музей. Зразумела, што рэкламаваць музей мабільных тэлефонаў, які адкрыўся ў Брэсце, і, скажам, Нацыянальны гістарычны музей трэба па-рознаму.

З іншага боку, давайце прыгадаем, калі ўвогуле ў Беларусі з’явілася рэклама ў музейнай сферы. Калі музейная педагогіка гадоў 30 у нас існуе, то словаў «музейны маркетынг» яшчэ нядаўна ў нас увогуле баяліся як інфекцыйных захворванняў. А цяпер ён прынамсі ёсць, хоць пакуль і ў пялюшках».

Дзіяна Шантар: «Нядаўна ў Нацыянальным музеі, каб прыцягнуць увагу да выставы, мы абвясцілі конкурс двайнікоў, каб кожны, хто прыйдзе ў музей, спраектаваў вобраз з карціны на сябе і сваіх знаёмых, прыз – віп-картка на ўсе выставы на год. Акцыю добра разрэкламавалі: да нас прыязджала тэлебачанне, шмат пісалі ў сацсетках. У выніку нам прыйшло шмат лістоў: «Дашліце нам, калі ласка, фота карцін, а мы тады зможам сказаць, падобныя мы да герояў ці не».

Вольга Пархімовіч: «Наш музей сёння мае новую ўнікальную экспазіцыю. Праблема ў пытанні, дзе мы можам даць рэкламу. Сюжэта ў праграме «Контуры» на чатыры хвіліны, мне здаецца, мала. У іншых краінах музейныя акцыі, такія як «ноч музеяў», падтрымліваюцца дзяржавай, якая дапамагае і з рэкламай, і з транспартам. Мы ж не можам, напрыклад, ладзіць мерапрыемства пасля 12-й, бо людзі не змогуць дабрацца дадому. Атрымліваецца, што чатыры супрацоўнікі музея ладзяць свята для тысяч людзей».

Сцяпан Стурэйкагісторык, краязнаўца, культурніцкі антраполаг, выкладчык:

«Музей – установа некамерцыйная, таму справа музейшчыкаў – у першую чаргу думаць, як зрабіць якасную экспазіцыю, а не рабіць усё, каб толькі завабіць болей людзей. У той жа час музеі павінныя прыслухоўвацца да грамадска-палітычнага жыцця, трымаць руку на пульсе. Паўгода адбываюцца падзеі ва Украіне. Дзе выставы Гістарычнага альбо Нацыянальнага музея, прысвечаныя гісторыі і мастацтву Украіны? Музеі павінныя звяртаць увагу на многія пытанні – гендарныя, палітычныя, праблемы нацыянальных меншасцяў».

Пра цікавую спробу піяру Дзяржаўнага музея прыроды і экалогіі расказала жанчына ў зале, відаць, ягоная супрацоўніца. Музей звярнуўся да кіраўніцтва ГУМа і прапанаваў аздобіць вітрыны пудзіламі жывёлаў. Лісы і совы ў вітрыне дзяржаўнага ўнівермага не засталіся незаўважанымі: нехта смяяўся, нехта захапляўся нечаканасцю арт-аб’ектаў, адна жанчына напісала скаргу, што мёртвыя жывёлы ў цэнтры горада траўмуюць дзяцей. Што праўда, ёй не ўдалося сабраць дастаткова подпісаў для скасавання «экспазіцыі». Ці стаў камусьці больш вядомы музей прыроды і экалогіі пасля гэтай акцыі – пытанне, але ГУМу тое дакладна пайшло на карысць.

Жанчына таксама падтрымала словы рэспандэнтаў, што экспанаты (калі яны не зусім старажытныя) павінныя быць даступныя для абмацвання: «Гэта ж сусветны досвед! А ў нас я прыходжу ў музей з унукам і толькі сачу, як бы ён нічога не мацаў. Нядаўна ўвялі ноу-хау – выдалі такія маленькія ўказачкі. Дробязь, але хаця б не трэба ўвесь час сачыць за дзіцем».

Ці можна граць у прыстаўку ў музеі класіка?

Што можна, а чаго нельга рабіць у дзяржаўным музеі? Усе інтэрактыўныя, модныя і самыя нашумелыя выставы адпраўляюцца ў культурніцкія прасторы кшталту «Цэха» і галерэі «Ў», а для дзяржаўных музеяў застаюцца толькі карціны ў цяжкіх рамах, спакойныя экскурсіі ды сведчанні даўніны за падсветленым шклом?

Выстава «90-я», дзе экспанаваліся самыя розныя артэфакты гэтага нядаўняга яшчэ часу, прайшла ў прасторы «Цэх» у кастрычніку мінулага года і займела вялізны поспех. Чаму яе арганізатары нават не падумалі ўпісаць «90-я» ў сцены класічнага музея?

Яся Каралевіч-Картэль, рэдактарка сайтаў 90s.by і Сitydog: «Мы не планавалі адразу рабіць экспазіцыю, прапанова паступіла ад самога «Цэху». Тады ўжо прыйшлі і зразумелі, што ў нас ёсць вялікая прастора і мы можам абыграць яе інтэрактыўна. У нас быў кут з прыстаўкамі, дзе кожны мог парэзацца ў гульню, любімую з дзяцінства, а на сцяне вісеў дыван, куды людзі вешалі свае фотаздымкі з 90-х. Я разумею, што ў дзяржаўным музеі гэтага б не магло быць, бо нязвыклы фармат. Хаця, магчыма, я таксама ў палоне стэрэатыпаў. Я разумею, што музеям складана ўсталяваць кантакт з дзяржаўнымі ўстановамі, але яны гэта робяць, і ўзнікаюць такія праекты, як, напрыклад, экспазіцыі на вокнах вуліцы Карла Маркса альбо нават кавярня ў Нацыянальным музеі – гэта ўжо здорава і моцна ангажуе наведнікаў».

Дырэктар Тэатра псіхічнай неўраўнаважанасці Ілля Сін, а дакладней, галоўны бухгалтар, як ён паправіў вядоўцу, выступіў з адваротным сведчаннем, бо часта выступае з перфомансамі менавіта ў дзяржаўных музеях. «Самае нефарматнае мастацтва існуе якраз у дзяржаўнай музейнай прасторы, – лічыць ён. – Гэта некамерцыйнае мастацтва, і яно мала што дае музею нават у іміджавым плане, апроч таго, яно кепска гучыць, кепска пахне, і часам пасля яго даводзіцца прыбіраць. Але як ні дзіўна, супрацоўнікі дзяржаўных музеяў якраз больш яго падтрымліваюць».

Пры канцы нехта ў зале расказаў, што недзе быў такі праект, калі музей прыязджаў да людзей у дом. «Добра, калі да вас у хату прыйдзе мастацкі музей, – сказаў Аляксандр Зіненка. – А калі гістарычны? Ці, не дай бог, музей Вялікай Айчыннай вайны?»

У такой дыскусійнай атмасферы прайшло першае з сакавіцкіх афлайнавых ток-шоу, на якіх кампанія «Будзьма беларусамі» паспрабуе высвятляць стасункі з культурай. Наперадзе яшчэ чатыры публічныя дыскусіі, якія, па словах каардынатара кампаніі Ніны Шыдлоўскай, заклікаюць зірнуць на культуру шырэй – не толькі як на літаратуру і мастацтва, а як на ўсе сферы нашай дзейнасці, і ў яшчэ больш маштабным сэнсе – як на лад мыслення ўвогуле. Наступныя дыскусіі будуць прысвечаныя культуры ў бізнэсе, дабрачыннасці, спрадвечных каштоўнасцях і маюць адбывацца ў прасторы «Цэх» кожны тыдзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?