AP

AP

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн яшчэ раз запэўніў, што ЗША і ўвесь Альянс гатовыя забяспечыць бяспеку ўсіх членаў НАТА. Гэтыя словы прагучалі пасля таго як Расія дэ-факта анэксавала Крымскі паўвостраў і правяла беспрэцэдэнтныя вучэнні ля межаў краінаў Балтыі і Польшчы. 

Байдэн нагадаў, што вясной як раз адзначаюць 10-годдзе членства краін Балтыі ў НАТА. Паводле яго словаў, ніхто не разумее важнасць свабоды Еўропы лепш за краіны Балтыі, якія 50 гадоў былі акупаваныя СССР. 

«Сёння я размаўляў з маімі калегамі — прэзідэнтамі Латвіі і Літвы — пра сітуацыю на Украіне. Учора сустракаўся з прэзідэнтам Эстоніі і прэзідэнтам ды прэм'ерам Польшчы. Літоўцы, латышы і эстонцы зусім нядаўна злучыліся на Балтыйскім шляху, Украіна таксама паказала смеласць, ажыццяўляючы жаданне людзей на лепшае жыццё і інтэграцыю ў Еўропу. Расія выбрала жорсткі ваенны адказ: праведзены рэферэндум, які не прызнаюць практычна ўсе краіны свету. Гэта незаконная анэксія Крыма», — сказаў Байдэн. 

«Да блаславіць Бог нашыя народы і войскі», — сказаў у канцы прамовы віцэ-прэзідэнт ЗША. 

У сваю чаргу прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ падзякавала ЗША за аператыўную рэакцыю на крызіс у Крыме. 

19 сакавіка Грыбаўскайтэ сустрэлася з віцэ-прэзідэнтам ЗША Байдэнам і презідэнтам Латвіі Андрысам Берзіньшам і абмеркавала бяспеку краін Балтыі. 

Паводле словаў Грыбаўскайтэ, на сустрэчы размова ішла аб сітуацыі на Украіне і яе значэньні для бяспекі краін Балтыі і ўсёй Еўропы. Прэзідэнт Літвы сказала, што сітуацыя, якая склалася, ацэньваецца як сур'ёзная пагроза, паколькі пасля аддзялення Крыма ад Украіны ў Еўропе ўпершыню з часоў халоднай вайны жорсткім спосабам перачэрчваюць межы краін. 

Грыбаўскайтэ сказала, што ўсе партнёры лічаць вынікі рэферэндуму ў Крыме незаконнымі. Паводле яе словаў, Расія па сутнасці праводзіць анэксію Крыма.

«Сітуацыя выклікае прамую пагрозу», — сказала Грыбаўскайтэ.

У сераду адбылася двухбаковая сустрэча Байдэна і Грыбаўскайтэ, на якой асаблівая ўвага павінна была быць нададзеная бяспецы краін Балтыі. Потым адбылася трохбаковая сустрэча Байдэна, з Грыбаўскайтэ і Берзіньшам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?