На нарадзе па пытаннях удасканальвання страхавой дзейнасці кіраўнік дзяржавы запатрабаваў узмацніць кантроль у гэтай сферы, каб не дапусціць «уцечкі валюты з краіны».

«Як мяне інфармуюць, у Беларусі з'явіліся дзялкі, якія зарабляюць на распаўсюджванні сярод беларусаў страхавых полісаў замежных арганізацый і вывадзе валюты з краіны. Гэта прамое парушэнне заканадаўства, але гэтыя самыя дзялкі ўжо які год пазбягаюць адказу. У чым справа?». 

Ён падкрэсліў, што кантроль за фінансавымі патокамі павінен быць пастаянным: «Нельга дапускаць уцечкі валюты з краіны. Як і нельга дазваляць пэўным дзялкам раскладваць па кішэнях грошы, якія ім практычна не прыналежаць і не павінны прыналежыць».

У якасці прыкладу Лукашэнка прывёў нашумелы выпадак з Беларускім народным страхавым пенсіённым фондам.

«Прыватная страхавая кампанія за кошт сродкаў паспяховых дзяржаўных прадпрыемстваў забяспечвала звышпрыбытак у мільярды рублёў для сваіх акцыянераў! — абурыўся кіраўнік дзяржавы. — Канечне, пасля майго ўмяшання там навялі парадак. Але гэта стала падставай для больш крытычнага позірку на страхавы нагляд, таму былі дадзеныя адпаведныя даручэнні ўраду, Камітэту дзяржаўнага кантролю, Мінфіну». 

У сувязі з гэтым, адзначыў Лукашэнка, падрыхтаваны праект указа, накіраваны на комплекснае ўдасканальванне прававога рэгулявання страхавой дзейнасці, які вынесены на сённяшнюю нараду. 

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем прысутных, наколькі прапанаваны дакумент адпавядае сучасным патрабаванням у гэтай сферы.

«Мы што, будзем зноў арыентавацца на тое, як у Еўропе, Амерыцы? Ці мы будзем глядзець на ўласныя інтарэсы і зыходзіць з іх, каб не было так, як у гэтым так званым народным фондзе: атрымалі прыбытак і па кішэнях расклалі? Правільна, прыбытак трэба атрымліваць, у адваротным выпадку — што гэта за дзейнасць без прыбытку? Але трэба ж паглядзець, каму дастаюцца гэтыя адносна лёгкія грошы», — сказаў Лукашэнка. 

Акрамя таго, адзначыў ён, трэба разгледзець перспектывы развіцця гэтага сектара, паколькі ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы ствараецца агульны страхавых рынак, дзе ў Беларусі ёсць адпаведныя абавязацельствы.

«Наколькі мы гатовы сёння да гэтага? Ці адпавядаюць прапановы ўрада тэндэнцыям інтэграцыйных працэсаў?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. 

Нагадаем, цяпер на страхавым рынку Беларусі дзейнічаюць няроўныя ўмовы гаспадарчай дзейнасці для дзяржаўных і прыватных кампаній. У прыватнасці, толькі дзяржарганізацыі і арганізацыі, у статутных фондах якіх больш чым 50% долей (акцый) знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы, маюць права займацца абавязковымі відамі страхавання. Акрамя таго, толькі ў такіх арганізацый павінны ажыццяўляць страхаванне дзяржаўныя і кантраляваныя дзяржавай кампаніі Беларусі. 

На думку экспертаў страхавога рынку, дзейныя правілы істотна абмяжоўваюць патэнцыял развіцця гэтай сферы паслуг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?