Фота Коммерсантъ

Фота Коммерсантъ

Расійскі тэлевядучы, гендырэктар агенцтва «Расія сёння» Дзмітры Кісялёў ўдзельнічаў у праграме Дзярждэпартамента ЗША. Пра гэта сёння паведаміў у твітэры былы амерыканскі амбасадар у Маскве Майкл Макфол. Ён згадаў пра гэта ў ходзе абмеркавання з карыстальнікамі «новай эры» расійска-амерыканскіх адносінаў.

«Калегі, вашыя «патрыёты» любяць крытыкаваць Амерыку, а потым адпачываць у нас. Колькі віз мы выдалі гэтыя людзям, калі я быў амбасадарам», — адзначыў Макфол.

Як паведамляе Слон.Ру, Кісялёў ездзіў у ЗША па праграме Дзярждэпу ў 2010 годзе. Яго паездка цалкам аплачвалася амерыканскім бокам. Сам тэлевядучы вельмі нервова адрэагаваў на просьбу выдання пракаментаваць гэта.

«Вы мне, калі ласка, больш не тэлефануйце! Ніколі, пажыццёва, я вас прашу!» — заявіў Кісялёў.

Як вядома, асоба Дзмітрыя Кісялёва патрапіла ў ліст персон, якіх датычаць санкцыі ЕС ў сувязі з расійскай анэксіяй Крыма.

16 сакавіка Кісялёў у выніковай праграме на «Расіі 1» прыгразіў ператварыць ЗША ў «радыёактыўны попел» у выпадку, калі ЗША распачне ваеннае ўмяшальніцтва з-за сітуацыі з Украінай.

У лютым прэзідэнт Уладзімір Пуцін узнагародзіў Кісялёва ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені. У адпаведным указе гаворыцца, што ўзнагарода Кісялёву ўручаная «за дасягнутыя працоўныя поспехі і значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Расійскай Федэрацыі». Акрамя таго, прэзідэнт падкрэсліў поспехі журналіста ў «гуманітарнай сферы, умацаванні законнасці, абароне правоў і інтарэсаў грамадзян і шматгадовую, добрасумленную працу».

Кісялёў вядомы як адзін з самых жорсткіх дзяржпрапагандыстаў.

16 лютага Кісялёў у сюжэце «Палітычнае членашкодніцтва» перадачы «Весці тыдня» выступіў з рэзкай крытыкай «Эха Масквы» і вядучых аўтараў радыёстанцыі. Галоўнымі аб'ектамі абвінавачванняў Кісялёва сталі паэт Ігар Ірценьяў і публіцыст Віктар Шандаровіч, нацыянальнасць якіх Кісялёў не прамінуў адзначыць.

8 сьнежня ўкраінскі журналіст Віталь Седюк падчас прамога ўключэння з Плошчы незалежнасці ў Кіеве уварваўся ў кадр тэлеканала «Расія 24» і, працягваючы бутафорскую статуэтку Оскара карэспандэнту, папрасіў перадаць яе Кісялёву «за хлусню і лухту пра Еўрамайдан».

Раней медыйны скандал справакавала выказванне Кісялёва аб тым, што неабходна «закопваць сэрцы гамасэксуалістаў як непрыдатныя для працягу новага жыцця».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?