Фобіі вырастаюць з чорнай глыбіні, народжанай злом.

У гэтыя дні, калі генетычна-фантомныя болі прывялі пуцінскую Расію на мяжу дабра і зла, банальная ісціна, што трэба адрозніваць інтэлігентную частку нацыі ад геапалітычных рухаў уладнай машыны, здаецца, перастае быць стэрэатыпна бясспрэчнай. Дэманічны патрыятычны ўгар ужо цячэ па Расіі тысячнымі натоўпамі. Гэты гвалт заглушае голас меншасці, якая заклікае суграмадзян спыніцца і апамятацца. Спіс свядомых апанентаў Пуціна у Расіі пакуль карацейшы, чым колькасць ягоных прыхільнікаў.

Чорнае воблака трывогі, што навісае над нашай паўднёвай суседкай, паступова запаўзае і ў нашу свядомасць. Наша «брацкая двухмоўнасць» – найлепшая перадумова для працягу сучаснага (пасля захопу Крыму) «рускага праекту»: рускі свет канчаецца там, дзе канчаецца руская мова.

І тут, на жаль, добрая беларуская салідарнасць з Украінай – і ў мастацкім асяродку – пачынае набываць няўцямныя грымасы, што пэўным чынам сведчыць пра нашыя комплексы і правінцыйнасць (у негатыўным сэнсе).

Прэзентацыя перакладу шаўчэнскаўскай аповесці «Мастак» на беларускую мову (пераклад Валера Стралка), якая адбылася 20 сакавіка ў Мінску, выклікала ў мяне дваістыя пачуцці.

З аднаго боку, як відовішча (можа, трохі старамоднае), усё было выдатна: недалёка ад украінскай амбасады і помніка Шаўчэнку, на Чычэрына 19 (будынак, дзе сустракаюцца прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў), з прысутнасцю прадстаўнікоў Амбасады Украіны ў РБ, украінскай нацыянальнай меншасці ў Мінску, з выступамі нашых паэтаў, кіраўнікоў творчых саюзаў, грамадскіх дзеячаў, з кананічным партрэтам Тараса Шаўчэнкі на задніку сцэны, сціплымі копіямі ягоных жывапісных і графічных твораў, раскладзенымі тут жа на краю сцэны, — усё настройвала на сяброўскую гутарку (народу было не так і шмат) пра генія украінскай нацыі, чыё 200-годдзе з дня нараджэння адзначаецца ў гэтыя трывожныя сакавіцкія дні 2014 г. не толькі на ўкраінскім Майдане.

Герой вечарыны — пасля Тараса Шэўчэнкі — спрактыкаваны перакладчык, добры знаўца беларускай і ўкраінскай моў, Валер Стралко, як ужо шматкроць уганараваны лаўрэат, выглядаў імпазантна і маладжава (дагэтуль бегае марафон), стрымана, дыпламатычна рэагаваў на часам па-ментарску фармуляваныя суперлатывы ў свой адрас з боку мэтраў — Сяргея Законнікава, Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Пашкевіча, Барыса Пятровіча.

Аднак пэўны дыскамфорт вісеў у паветры. Для мяне ва ўсякім разе. Гутарка пра Шаўчэнку і кнігу з назвай «Мастак», якая акрамя тэксту аповесці ўтрымлівае выбраныя вершы з «Кабзара», салідную прадмову-рэферат і выказванні ўсясветных славутасцяў пра Тараса Шаўчэнку, набывала часам занадта мітынговыя рысы. Выступоўцы вельмі ж ужо прамалінейна дрэйфавалі ў бок Майдану. Дамінанта гутаркі пераважвала ў бок актуаліяў, стэрэатыпнай фальклярызацыі дабра і зла ў духу занадта патрыятычна «спрамленай» прадмовы да кнігі, узятай ад акадэмікаў Івана Дзюбы і Міколы Жулінскага. Былі сказаныя добрыя словы і пра аповесць «Мастак» як адметную сярод празаічных твораў Тараса Шаўчэнкі, дзе ён з значнай доляй аўтабіяграфізму прадэманстраваў маштаб сваёй асобы як інтэлектуал еўрапейскага маштабу, і які, як сапраўдны народны паэт, ніколі не забываў пра абяздоленых і пакрыўджаных.

Канечне, гэтая вечарына была не навуковая канферэнцыя, дзе можна і трэба было б гаварыць пра ўкраінскага генія усёабдымна (як бы сказаў сучасны еўрапейскі даследчык, — «інклюзіўна»). Але, здаецца, было проста недапушчальна і этычна непаважліва да асобы Тараса Шаўчэнкі не сказаць пра яго рускамоўную творчую спадчыну. бо аповесць «Мастак» была напісаная на расійскай мове (!).

І беларускі пераклад быў зроблены з расійскай. Чамусьці ва ўсіх друкаваных публікацыях-анонсах пра беларускі пераклад гэтай аповесці нідзе не ўзгадвалася пра гэта: ні ў артыкуле Лявона Баршчэўскага у «Народнай волі» Талент і прароцтвы вялікага Тараса(НВ, 18. 03. 2014 г.), ні ў надрукаваным урыўку з аповесці ў «Дзеяслове» (№67-2013). Баршчэўскі пісаў пра «ўпершыню перакладзеную на беларускую мову аповесць «Мастак». У часопісе СБП перад публікацыяй урыўка сціпла напісана «Пераклаў Валер Стралко». Рэдакцыя парушыла этыку і літару перакладніцкай традыцыі. У самой кніжцы, якая прэзентавалася, звесткі пра рускі арыгінал можа знайсці толькі вельмі занудлівы чытач прадмовы ўкраінскіх акадэмікаў «На вечным шляху да Шаўчэнкі» і ў кароценькім пасляслоўі Барыса Пятовіча «Шаўчэнка і сёння актуальны». Акадэмікі (с. 36) толькі ўзгадваюць назву аповесьці сярод знойдзеных дзевяці расійскамоўных, а аўтар пасляслоўя абмяжоўваецца канстатацыяй: «Напісаная па-руску, яна ўпершыню перакладзеная на беларускую мову».

Адзін з выступоўцаў нават сказаў: «Во, можна ж і па-украінску ўжо тады было вытанчана пісаць пра высокае мастацтва!».

Сама аповесць напісана вельмі простай тагачаснай пецярбурскай моваю, без мудрагелістага сюжэту, — просценькія ўспаміны ў выглядзе як бы дзённікавых запісаў і лістоў удзячнага маладога мастака да свайго дабрадзея, перасыпаныя велізарнай колькасцю імён мастакоў, філосафаў, пісьменнікаў, гісторыкаў з антычнасці, сярэднявечча і сучаснікаў аўтара.

Рэч у простай гістарычнай праўдзе, якая ніяк не прыніжае геній і «украінскасць» Шаўчэнкі. Хутчэй наадварот. Таму я «вылез» па-за рэгламентам і спрабаваў кароткай рэплікай справакаваць вядоўцу вечарыны ўзгадаць пра «расійскія аповесці» Шаўчэнкі, які ў адным з лістоў (1853 г.) сам піша пра «дзесяткі два» такіх твораў. Проста сказаць, што аповесць перакладзена з расейскай мовы, ужо было немагчыма: «фігура змоўчвання» зайшла занадта далёка.

У поўным выданні Шаўчэнкі расійскамоўных тэкстаў набіраецца каля чатырох тамоў. Успаміны. лісты, дзённікі – надзвычай цікавыя для чытання нават для самага патрабавальнага эстэта.

Аповесці захаваліся не ўсе. Як па мне, дык некаторыя з іх — проста бліскучыя. У эпісталярнай расійскамоўнай спадчыне Шаўчэнкі крытычныя адносіны да «рускага» — не заалагічна-этнічныя. «Антырускасць» Шаўчэнкі – ў непрыманні расійскай прыгоннай рэчаіснасці, якая ніяк не звязваецца з ягонымі часта з’едліва-іранічнымі заўвагамі на расійскую «візантыйшчыну» ды «суздальшчыну» ў архітэктуры і знешнім аздабленнем жыццёвай прасторы. У гэтых выказваннях шмат ад асабістага густу, выхаванага на еўрапейскіх мастацкіх традыцыях. Так, аб расійскім праваслаўным абрадзе ён піша: «В архирейской службе с её обстановкою и вообще в декорации мне показалось что-то тибетское или японское. И при этой кукольной комедии читается Евангелие …» (16.02.1858).Або: «Был на пасхальной заутрене в Кремле. Свету мало, звону много, крестный ход, словно вяземский пряник, движется в толпе. Отсутствие малейшей гармонии, ни тени изящного …» (22.03. 1858). Пра Храм Хрыста-Збаўцы: «Храм Спаса вообще, а главный купол в особенности, безобразен. Крайне неудачное громадное произведение, похожее на толстую купчиху в золотом повойнике …».

Тарас Шаўчэнка сціпла гаварыў пра мастацкасць сваёй расійскай мовы, але гэта толькі сведчанне патрабавальнасці да сябе. Пачытайце, напрыклад, радкі з аповесці «Матрос», дзе кароткімі мазкамі, дынамічна апісваецца стан вады, неба, паветра перад пачаткам шторму и пасля яго. Тут словы, фарбы і рытм зліліся ў адно гарманічнае цэлае, з сузірання прыроды нараджаецца проза, з прозы – паэзія, з паэзіі – музыка.

Можна зразумець украінскіх «патрыятычных» сучаснікаў Тараса Шаўчэнкі, (узгадайце адносіны нашых некаторых патрыётаў да расійскамоўных твораў Алеся Адамовіча), якія пасля яго смерці хацелі як найхутчэй вывезці з грамадскай памяці «рускія фацэты» геніяльнага земляка: распрадавалі як не задарма ягоныя расейскамоўныя творы, хавалі ў прыватных калекцыях, нават палілі, фабрыкавалі пост фактум адмоўныя рэцэнзіі выдавецтваў.Тады яшчэ ўкраінская нацыя сцвярджала сябе, не была ў розных мастацкіх жанрах самадастатковай.

Сёння, падчас разгулу шавіністычных расейскіх дэманаў, і ва Ўкраіне і ў Расіі, калі ўзгадваюць імя Тараса Шаўчэнкі, гавораць не толькі пра яго нацыянальны геній, але і пра феномен людскасці і падтрымку мастака-самародка расійскімі мецэнатамі і мастакамі.

Фобіі і дэманічная цемра не могуць быць пераможаныя толькі сілай фізічнага супраціву, але і дабрынёй і праўдай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?