8 красавіка з турмы будзе вызвалены ваўкавыскі прадпрымальнік, вэтэран аўганскай вайны Мікалай Аўтуховіч. 

За два тыдні да выхаду на волю з ініцыятывы неабыякавых людзей абвешчаны збор сродкаў для палітвязьня. Дапамагчы Аўтуховічу заклікае колішні начальнік менскага СІЗА № 1, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда» Алег Алкаеў, які цяпер жыве ў Нямеччыне.

Алкаеў зьвярнуўся да беларускага грамадзтва праз Фэйсбук:

«Пасьля адбыцьця незаслужанага пакараньня на волю выходзіць Мікалай Аўтуховіч. Ён ня быў ні апазыцыйным палітыкам, ні чыноўнікам-хабарнікам, ні дзяльцом-крадуном. Тым ня меней агулам быў пазбаўлены волі на доўгіх 9 гадоў! Чаму менавіта Аўтуховіч? Таму што ён не захацеў жыць у хлусьні і крывадушнасьці, якія сталі нормай у сучаснай Беларусі, і ў адзіночку супрацьстаяў карумпаванай сыстэме мясцовай улады. За што і зазнаў на сабе ўсю лютасьць подлай сыстэмы. Праз два тыдні Мікалай выходзіць на свабоду. Барацьба каштавала яму здароўя. Аддаючы даніну павагі ягонай мужнасьці і ў знак удзячнасьці за гераічны прыклад барацьбы за ўласную чалавечую годнасьць мы проста абавязаныя падтрымаць яго цяпер ужо ня словамі, заявамі і праклёнамі, а рэальнай справай. Мы павінны дапамагчы яму аднавіць здароўе, як ён сам піша, «што можна ўратаваць, а што толькі крыху падлячыць. На жаль, ня ўсё можна вярнуць. Гэта будзе ахвяра, нічога ня зробіш…»

Спадар Алкаеў пры гэтым піша: дзяржаўная сыстэма стварыла ў Беларусі такія ўмовы, што дапамагчы матэрыяльна чалавеку, які мае ў гэтым патрэбу, — вялізная праблема. І падказвае, бадай, адзіна магчымае ў дадзенай сытуацыі выйсьце:

«Пасьля 9 гадоў пакутаў Мікалай мае вострую патрэбу ў стацыянарным лекаваньні па цэлым шэрагу паказаньняў. Мы ня можам адкрыць дабрачынны рахунак у беларускім банку, каб сабраць яму грошы — рэжым тут жа накладзе на іх арышт ды яшчэ абвінаваціць Мікалая ў нелегальных даходах. Можна адкрыць рахунак у замежным банку, але колькі нашых грамадзянаў рызыкне дапамагчы, «засьвяціўшы» свае асабістыя дадзеныя? Таму мы вырашылі арганізаваць збор сродкаў праз сыстэму WebMoney — гэтая легальная, але разам з тым ананімная сыстэма электронных грошай паўтара дзясятка гадоў выкарыстоўваецца для безнаяўных разьлікаў за тавары і паслугі ў Беларусі, Расеі, Украіне (усе падрабязнасьці — на сайтах www.webmoney.ru і www.wmtransfer.by). У аддзяленьнях «Белінвэстбанку», «Беларусбанку», «Белпрамбудбанку», Менскага транзытнага банку, «Белзьнешэканомбанку», «БелСьвісБанку», «Альфа-Банку», банку «Масква-Мінск», «Тэхнабанку», «Белаграпрамбанку», «Прыорбанку», а таксама сеткі плацёжных тэрміналаў ОСМП БЕЛ і «Белпошты» — тэхнічнае спрыяньне ў выкарыстаньні гэтай сыстэмы».

Алег Алкаеў нагадвае, што ў турме Мікалай Аўтуховіч, баронячы годнасьць ня толькі сваю, але і іншых незаслужана пакараных, ішоў на самыя радыкальныя крокі. Пасьля выхаду на волю грамадзтва павінна годна ацаніць яго нязломную пазыцыю: «Ён змагаўся ня толькі на волі, але і ў турме. Выяўляў карумпаванасьць турэмнай адміністрацыі, парушэньні вызначаных законам умоваў утрыманьня зьняволеных. І патрабаваў толькі аднаго — справядлівасьці. Справядлівасьці, вызначанай законам. Яго ня чулі і намагаліся зламаць. У адказ Мікалай ішоў на ўсё больш радыкальныя захады, каб адстойваць свае правы: дзьве галадоўкі больш за 70 дзён кожная, ускрыцьцё венаў, парэзы брушной поласьці… Але ён працягваў змагацца і перамог, бо яго не зламалі! Мікалай заўсёды трымаўся на ўсьведамленьні простага прынцыпу, пра які пісаў так: «Самае галоўнае — заўсёды заставацца чалавекам, у любых умовах. Бо нельга потым будзе зноў хадзіць на дзьвюх нагах, калі стаяў на чатырох…».

Рахункі для залічваньня сродкаў на дапамогу Мікалаю Аўтуховічу можна пабачыць тут.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?