Егіпецкі суд прыгаварыў 528 прыхільнікаў скінутага прэзідэнта Махамеда Мурсі да смяротнага пакарання. Іх прызналі вінаватымі ў забойстве паліцэйскага, нападах на людзей і знішчэнні прыватнай уласнасці. 

Усяго следства вядзецца ў дачыненні да 1200 прыхільнікаў Мурсі, у лік якіх уваходзяць высокапастаўленыя сябры руху «Браты-мусульмане». 

Пасля звяржэння Махамеда Мурсі ў ліпені мінулага года новыя ўлады сталі пераследаваць сябраў руху «Браты-мусульмане» і іншых прыхільнікаў былога прэзідэнта, у выніку чаго сотні актывістаў былі забітыя, а тысячы — арыштаваныя. 

Чакаецца, што прыгавораныя да смерці пададуць апеляцыю. Паводле словаў карэспандэнта Бі-бі-сі Арлы Герын ў Каіры, наступным крокам у судовым працэсе будзе перадача прысуда вярхоўнаму муфцію Егіпта, які павінен ўхваліць рашэнне суда. Завяршальная частка судовага працэсу адбудзецца 28 красавіка. Такім чынам, нават у выпадку адабрэння прысуду муфціем, у асуджаных застанецца досыць часу на апеляцыю. 

Удзельнікі кампаніі за вызваленне прыхільнікаў Мурсі адзначаюць, што хоця ў Егіпце даволі часта выносяцца смяротныя прысуды, іх рэдка прыводзяць у выкананне. 

Паводле словаў афіцыйнага прадстаўніка руху «Браты- мусульмане» Гехада Хадада, вынесеныя прысуды азначаюць, што ў Егіпце наступіў дыктатарскі рэжым. 

«Магчыма, гэта толькі пагроза, і будуць апеляцыі, пасля чаго суд зменіць сваё рашэнне. Тым не менш гэта новы Егіпет пасля дзяржаўнага перавароту. Гэта новая дыктатура, якую спрабуе ўсталяваць міністр абароны фельдмаршал Абдэль Фатах Сісі», — сцвярджае Гехад Хадад. 

Ён таксама дадаў, што сярод іншых актывістаў да смерці прысуджаны лідэр руху «Браты- мусульмане» Махамед Бадзі. Аднак згодна з іншымі крыніцамі, Бадзі з'явіцца ў судзе толькі ў наступны аўторак. 

Прысуд пры адсутнасці абвінавачаных 

Прысуды былі вынесеныя пасля двух судовых пасяджэнняў у горадзе Міння, размешчаным у цэнтральнай частцы Егіпта. Адвакаты абвінавачаных сцвярджаюць, што ў іх не было магчымасці прадставіць аргументы абароны цалкам. 

Паводле словаў адвакатаў, суддзі, якія вынеслі смяротныя прысуды, «адхіліліся ад усіх юрыдычных нормаў» і не далі абвінавачаным права на судовую абарону. 

На судовым працэсе прысутнічала каля 150 падазраваных. Такім чынам, прысуд быў вынесены ў адсутнасці большасці абвінавачаных. Сярод іншых абвінавачванняў ім інкрымінуецца забойства камандзіра паліцэйскай акругі Мацей у горадзе Міння. 

Суд таксама апраўдаў 16 падсудных. Другая група з 700 прыхільнікаў Мурсі паўстане перад судом у наступны аўторак. 

Напады на паліцэйскіх адбыліся ў жніўні на поўдні Егіпта пасля таго, як сілы бяспекі знішчылі два лагеры прыхільнікаў Мурсі ў Каіры і забілі сотні людзей. 

Мурсі быў скінуты ў ліпені мінулага года. Услед за гэтым яму былі прад'яўленыя чатыры абвінавачванні. Яго сыходу папярэднічалі шматтысячныя вулічныя пратэсты. З часу звяржэньня ўраду Мурсі сябры руху «Браты- мусульмане» і іншыя прыхільнікі Мурсі падвергліся пераследу з боку новага ваеннага ўрада Егіпта. Сам рух быў абвешчаны тэрарыстычнай арганізацыяй, а яго дзейнасць апынулася пад забаронай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?