У Магілёве 25 сакавіка атрымаў працяг судовы працэс па справе былога старшыні Гомельскага гарвыканкама Віктара Піліпца і шэрагу іншых чыноўнікаў, якія абвінавачваюцца ў карупцыі. 

17 сакавіка пракурор Дзяніс Кічыгін пасля амаль паўтарамесячнага перапынку крыху змяніў выстаўленыя абвінавачванні.

Зараз падсудным ставіцца ў віну незаконнае адчужэнне з камунальнай уласнасці 24 кватэр, якія затым былі прададзены па цане значна ніжэйшай за рынкавую іх сваякам і знаёмым. Частка жылых памяшканняў была аформлена на падстаўных асоб. Чыноўнікам інкрымінуецца частка 3 артыкула 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі). 

Піліпец, якому далі магчымасць на працягу тыдня азнаёміцца з абвінавачаннямі, вінаватым сябе не прызнаў. «Абвінавачанні надуманыя, неаб'ектыўныя, прадузятыя і гэтак далей. У іх няма ніводнага слова праўды», — заявіў падсудны. 

Паводле яго слоў, кватэры, якія фігуруюць у абвінавачанні, не з'яўляліся і не з'яўляюцца камунальнай уласнасцю. «Яны не былі зарэгістраваныя ў БТІ як аб'екты нерухомасці. Гэта былі аб'екты долевага будаўніцтва», — адзначыў Піліпец. 

Таксама ён адмаўляе, што даваў сваім падпарадкаваным даручэнні, якія супярэчаць закону. 

Што да набыцця кватэр для сябе і сваёй дачкі, то, паводле слоў Піліпца, яны абодва мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. 

Звяртаючыся да дзяржаўнага абвінаваўцы, Віктар Піліпец заявіў, што будзе «вельмі расчараваны», калі суд стане на бок абвінавачання. 

Як паведамлялася раней, Магілёўскі абласны суд пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да службовых асоб Гомельскага гарвыканкама 4 лістапада 2013 года. На лаве падсудных акрамя Піліпца — дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Гомеля Ігар Адарчанка, яго намеснік па эканоміцы і фінансах Валерый Барысевіч, начальнік жыллёва-інвестыцыйнага аддзела Антаніна Зелянок і начальнік планава-дагаворнага аддзела Ала Нізкоўская. Піліпец і Нізкоўская ўтрымліваюцца пад вартай у Магілёўскім СІЗА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?