фота kupalauski.by

фота kupalauski.by

фота kupalauski.by

фота kupalauski.by

фота kupalauski.by

фота kupalauski.by

фота kupalauski.by

фота kupalauski.by

фота kupalauski.by

фота kupalauski.by

Камедыя Мальера, паводле якой створаны спектакль, калі яе чытаеш, падаецца безнадзейна састарэлай.

Каго ў пачатку ХХІ стагоддзя зацікавіць правільны, занудны тэкст часоў класіцызму — пра бабніка і блюзнера дона Жуана, які за сваю распусту нарэшце быў пакараны Небам?

Але купалаўцы бліскуча абверглі такі песімізм.

Па­-беларуску камедыю перастварыў паэт Андрэй Хадановіч. Дзякуючы яму, героі Мальера размаўляюць жывой сучаснай беларускай мовай.

«Механізм чалавечага цела з усімі яго прычындаламі», — кажа Сганарэль (Віктар Манаеў). «Трэба з дуба ляснуцца, каб размаўляць са статуяй», — адзначае ў іншай сітуацыі дон Жуан (Павел Харланчук).

Паставіў «Дона Жуана» рэжысёр Анатоль Праўдзін з Санкт­Пецярбурга — яго запрасіў у Мінск кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін. Праўдзін перанёс дзеянне п’есы ў наш час. Як выявілася, дзеля гэтага трэба было толькі крыху асучасніць касцюмы герояў і канфлікт. І наколькі сугучныя з сённяшнім днём словы Мальера, напісаныя ў 1665 годзе! А маналог дона Жуана пра крывадушша («Прыкрыліся дабрадзейнасцю і робяць гнюснасці») дык наўпрост прымушае згадаць пра набалелае.

Дон Жуан у спектаклі паказаны як тыповы «мажор».

Самазакаханы нарцыс, ён уважліва сочыць за сваім выглядам. Гэта падкрэсліваецца ў сцэне з гасцямі: нягледзячы на іх прыход, дон Жуан працягвае рабіць сабе маску.

Цынічны і бессаромны ў сваёй абаяльнасці і маладосці, герой Харланчука з лёгкасцю спакушае і вытанчаную арыстакратку Эльвіру (Юлія Шпілеўская), і недарэчную дурнічку­сялянку Шарлоту (Кацярына Алейнікава). Яму прыемны сам працэс.

Жыццёвая філасофія дона Жуана бачная ў размове з жабраком (Арнольд Памазан): на просьбу таго пра міласціну галоўны герой адказвае, што яе трэба зарабіць блюзнерствам. У яго цынічным свеце няма месца сумленню, а грошы граюць галоўную ролю. У сучасным кіно такіх герояў свет, і, што цікава, з іх многія выклікаюць сімпатыю. Харланчукоў дон Жуан дазваляе адкінуць выкручаную мараль і пабачыць зло ў абліччы зла. Магчыма, сыграць гэты вобраз так пераканаўча Харланчуку дапамог не толькі яго талент, але і яго пратэстантызм.

У версіі Анатоля Праўдзіна дон Жуан паступова набывае рысы пачвары, ён дасягае мэты любымі сродкамі.

Ён маніпулятар людзьмі і дэмагог, ён сее вакол пакуты і смерць. Селянін П’еро, у якога герой дзеля забавы адбівае нявесту, сканчае жыццё самагубствам. Гандляра Дыманша, пазычыўшы ў яго грошы, дон Жуан палохае да смерці (у Мальера такога сюжэтнага павароту няма).

Са сваімі служкамі, якія апрануты ў скураныя курткі і берцы, дон Жуан тэрарызуе наваколле і ўсё больш нагадвае кіраўніка банды з крымінальнага серыяла — магчыма, рэжысёр і скарыстаў гэты вобраз, бо ён сучаснаму гледачу ясны.

Цікава, як змяняецца вобраз Сганарэля (Віктар Манаеў), слугі дона Жуана. (Ах, гэта Манаеў — вечны слуга.)

Ён спачатку выступае антыподам гаспадара, заклікае яго схамянуцца, вярнуцца да хрысціянскіх прыказанняў. Але паказальны фінальны маналог Сганарэля: ніводная смерць, якая адбылася па іх віне, не засмучае слугу. Герой Манаева падкрэслівае згубнасць супрацоўніцтва са злом. Немагчыма хадзіць па гразі і не ўквэцацца.

Сцэнічнае адзенне «брыгады» дона Жуана вырашанае праз брутальныя чырвоны і чорны колеры (мастак па касцюмах Валянціна Праўдзіна). А вось уборы дона Алонса і дона Луіса (братоў Эльвіры, якія збіраюцца помсціць за зняважаны гонар сястры), наадварот, прадстаўленыя ў мяккіх танах (белы, блакітны, шэры). Гэтыя героі і самі мяккія і бяскрыўдныя, смешныя ў сваёй бездапаможнасці супраць хама і цыніка. Спробы кампрамісу з ім згубныя: дон Жуан проста здзекуецца з братоў, размалёўваючы іх, нібы блазнаў у цырку.

Фінал спектакля — што ў часы Мальера, што сёння, — той самы: калі грамадства не можа даць рады нягоднікам, застаецца чакаць толькі боскай кары.

Гібель дона Жуана паказаная маляўніча. Ён паціскае руку камандору — і ўвесь пачынае палаць, нібы ад вогнішча. Да паміраючага нягодніка падыходзіць анёл і ўстаўляе ў яго вопратку ружы, нібыта на пахаванні.

Калі дон Жуан канае, выходзіць Сганарэль і роспачна пытаецца: дзе мае грошы?

Наступныя прэм'еры «Дон Жуана» — 8, 9 і 30 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?