Сёння ў судзе горада Барысава на 14.30 быў прызначаны разгляд адміністрацыйнай справы фаната барысаўскага футбольнага клуба Аляксандра Марозава.

Юнак са сваёй дзяўчынай вяртаўся 25 сакавіка з Гродна дадому цягніком. Каля гадзіны ночы на барысаўскім вакзале яго перастрэлі чатыры супрацоўнікі міліцыі і затрымалі. Да суду ён быў змешчаны ў ізалятар, дзе правёў ноч і ўчорашні дзень.

Марозаў вёз з сабою фанацкую атрыбутыку і некалькі маек з надпісам «Асобны атрад БНР». У чым канкрэтна абвінавачваюць фаната, пакуль невядома.

Цалкам магчыма, што гэта крыху запозненая помста за падтрымку футбольнымі фанатамі БАТЭ Еўрамайдана ў Кіеве. Вядома, што Аляксандр Марозаў з'яўляецца адным з лідэраў фанацкага руху Барысава. 

«Падобная форма ўздзеяння на нашых фанаў даволі распаўсюджаная, — паведаміла карэспандэнту НН крыніца з каляфутбольнага руху. — Закрыць чалавека на суткі, а пасля скласці пратакол, па якім сведкамі будуць выключна супрацоўнікі міліцыі — ужо класіка жанру. Звычайна ўсе абвінавачаныя «лаюцца матам» і «парушаюць правапарадак».

Па апошняй інфармацыі, Марозаў атрымаў 5 сутак арышту. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?