Цяпер колькасць галадоўнікаў-працаўнікоў Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў узрасла да сямі чалавек. Прычына галадоўкі — невыкананне адміністрацыяй прадпрыемства дасягнутых 24 студзеня дамоўленасцяў з прафсаюзам пра пачатак перамоваў па калектыўнай дамове.
Нагадаем, 25 сакавіка старшыня першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) Міхаіл Кавалькоў і яшчэ чатыры работнікі завода — Сяргей Пічугаў, Ірына Коршунава, Генадзь Лабачоў, Аксана Кернажыцкая — абвясцілі трохдзённую папераджальную галадоўку. Прычынай яны называюць невыкананне адміністрацыяй прадпрыемства дасягнутых 24 студзеня дамоўленасцяў з СПБ пра пачатак перамоваў па калектыўнай дамове. З раніцы да акцыі далучыўся Віктар Восіпаў, а таксама двое раней звольненых завадчан: Віталь Садоўскі і Аляксандр Нікітка.
Аб сваім рашэнні далучыцца да галадоўкі паведаміў працоўны БЗТДіА Аляксандр Бенасік.
«Надакучыла цярпець усю гэтую хлусню і падман», — сказаў ён.
Міхаіл Кавалькоў праводзіць галадоўку на прахадной завода, астатнія — на сваіх працоўных месцах.
Паводле словаў Генадзя Лабачова, ніякай рэакцыі з боку адміністрацыі на галадоўку не было, за выключэннем зваротаў з пытаннем, ці сапраўды яны ўдзельнічаюць у акцыі.
Раней паведамлялася, што 23 студзеня Міхаіл Кавалькоў накіраваў ліст кіраўніцтву БЗТДіА, міністрам прамысловасці, працы і сацыяльнай абароны, старшыні Бабруйскага гарвыканкама і пракурору Першамайскага раёна Бабруйска. Ён высунуў шэраг патрабаванняў, а менавіта:
Спыніць пераслед работнікаў прадпрыемства за ўдзел у дзейнасці СПБ і ўступіць у перамовы з прафсаюзнай пярвічкай па выпрацоўцы і падпісанні калектыўнай дамовы; ліквідаваць дыскрымінацыйныя пункты калектыўнай дамовы і распаўсюдзіць яе дзеянне на ўсіх працаўнікоў завода; забяспечыць старшыні пяршоўкі бесперашкодны доступ на прадпрыемства.