25 кастрычніка 2007 году Мыцішчанскі гарадзкі суд прыняў рашэньне вызваліць грамадзяніна Беларусі Пятра Ждановіча. Фэдэральная служба па кантролі за абарачэньнем наркотыкаў (ФСКН) хацела асудзіць Ждановіча на тэрмін ад 8 да 20 гадоў пазбаўленьня волі за таблеткі ад кашлю «Тусал».

Пятро Ждановіч быў арыштаваны 13 верасьня 2006 году ў выніку правакацыі, арганізаванай супрацоўнікамі ФСКН. Яго папрасілі прывезьці лекі ад кашлю «Тусал», якія прадаюцца ў Беларусі свабодна без рэцэпту ў аптэках. Правакатар сказаў, што хворы на хранічны бранхіт, і гэтыя лекі неабходныя яму для лячэньня. Па прыезьдзе ў Маскву Пятро Ждановіч быў арыштаваны апэратыўнікамі ФСКН і абвінавачаны па трох артыкулах у кантрабандзе продажы псыхатропных і моцнадзейных сродкаў. Пасьля гэтага ён больш за год знаходзіўся за кратамі.

У часе сьледзтва зь яго былі зьнятыя ўсе абвінавачаньні, акрамя незаконнага набыцьця, захоўваньня й перавозкі лекавага сродку «Тусал», які ўтрымлівае псыхатропнае рэчыва ў мінімальных колькасьцях.

Урэшце, учора, 25 кастрычніка, быў вынесены прысуд, у якім Ждановічу вызначаная мінімальная мера пакараньня: 3 гады ўмоўна.

Справа Ждановіча, угрунтаваная на правакацыі ФСКН, ёсьць тыповай. Аналягічную правакацыю ФСКН арганізавала супраць грамадзян Беларусі Чачурава й Лагуна. 10 верасьня беларусы былі вырачаныя Цьвярскім судом Масквы на 14 гадоў калёніі строгага рэжыму. Прысуд справакаваў міжнародны скандал: пачаліся масавыя звароты грамадзян да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай абараніць грамадзян Беларусі ад правакацый ФСКН.

29 кастрычніка 2007 году а 14‑й гадзіне Маскоўскі гарадзкі суд разгледзіць касацыйную скаргу пра скасаваньне беспрэцэдэнтнага прысуду Чачураву й Лагуну. Бацькі Аляксандра Чачурава маюць намер зьвярнуцца ў сьледчы камітэт пры пракуратры Масквы з просьбай усчаць крымінальную справу ў дачыненьні да апэратыўнага супрацоўніка УФСКН Масквы, які груба парушыў вымогі фэдэральнага закону аб апэратыўна‑вышуковай дзейнасьці й справакаваў іхнага сына Чачурава на тое, каб прывезьці лекі «Тусал» у Маскву, — паведамляе сайт himdelo.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0