Айчыннае Сеціва падхапіла і раскручвае тэзу Альбэрта Гора пра "вірус свабоды" ў Беларусі. Між тым шаноўны ляўрэат у сваім новым нобэлеўскім фраку капітальна сеў у лужыну.

Аказваецца, гэты "вірус" Гор убачыў у прыходзе кампаніі "Тэлеком Аўстрыя" на наш рынак. Так, ня падайце з крэсла, гаворка ідзе менавіта пра той сюжэт, які айчынная апазыцыя ўжо зрабіла піяраўскім узорам "распродажу Радзімы з-пад крыса".

Цяпер жа, насупраць, улады атрымалі магутную піяраўскую падтрымку: во, нават былы віцэ-прэзыдэнт ЗША канстатуе, што тутэйшае кіраўніцтва, ціха пракручваючы прыватызацыйныя камбінацыі, робіць прагрэсыўную справу!

Пяць хвілін таму я выказаў сваё ўражаньне ад заявы Гора вядомаму прыхільніку лібэральнай эканомікі Яраславу Раманчуку. Той таксама ня бачыць "вірусу свабоды" ў сюжэце з продажам акцый МЦС і лічыць, што амэрыканец сапраўды сеў у лужыну.

— А яшчэ раней, — дадае Яраслаў, — сеў у лужыну Нобэлеўскі камітэт, даўшы прэмію за спэкуляцыйную, ненавуковую тэму.

На думку Раманчука, зараз Гор у эўфарыі можа нагаварыць яшчэ сем бочак арыштантаў. Наш экспэрт лічыць, што такая вось асана дзейнасьці асобных заходніх фірмаў у Беларусі ігнаруе прынцыпы этыкі бізнэсу, празрыстых схемаў працы. Не сакрэт, кажа Яраслаў, што некаторыя кампаніі заплюшчваюць вочы і на тыя прынцыпы, і ўвогуле на "беларускі кантэкст" дзеля банальнай пагоні за прыбыткам.

Адарванымі ад кантэксту выглядаюць і сылягізмы Гора наконт таго, што распаўсюд камунікацыйных тэхналёгіяў сам па сабе ёсьць чыньнікам дэмакратызацыі. Мы добра ведаем, што ў Кітаі, Іране ці М'янме з інтэрнэтам, напрыклад, робяць што хочуць. І ў нас ніводзін правайдэр, ніводзін мабільны апэратар не даваў гарантыяў, што ня будзе, у прыватнасьці, супрацоўнічаць са спэцслужбамі, зазначае Раманчук. Дый куды падзенесься, калі ўсе фірмы — пад каўпаком тутэйшага заканадаўства?

Рэзюмэ майго суразмоўцы такое: заява Гора лінула вады на млын беларускіх уладаў і дыскрэдытуе ідэю барацьбы за перамены ў краіне.

Тутэйшым пасыянарам застаецца мець сваю галаву на плячах і хаця б ня пляскаць у ладкі, калі з Захаду гучаць пасажы, што нагадваюць лекцыю гросмайстра Бэндэра ў Старых Васюках.

ЗЫ. Канешне, па вялікім рахунку тэхналёгіі спрыяюць прагрэсу. Але болей няўдалы прыклад для ілюстрацыі гэтай тэзы знайсьці цяжка…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?