Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

«Вось, толькі што купіў, не змог стрымацца, - кажа мастак. – Гэта карціна мастака Бельскага, называецца «Назаўжды з Масквой, назаўжды разам з рускім народам», ён украінец, з Кіева. Цяпер мне будзе чым апеляваць падчас дыскусій, а то, ведаеце, увесь час пытаюцца пра Украіну».

Скандальна вядомы мастак Нікас Сафронаў прыехаў на адкрыццё персанальнай выставы ў Мінску, падчас гутаркі з «НН» у мінулым годзе, мастак абяцаў, што на адкрыццё прыдзе Аляксандр Лукашэнка. Сёння ж высветлілася: пакуль што мастак з кіраўніком краіны не звязваўся, але той «абавязкова зазірне на выставу і падзеліцца ўражаннем».

Пра аўтарытэты

А зараз у Сафронава думкі пра іншае.

«Мы вырашылі з маім сябрам Андрэем Бярэзіным, што я намалюю карціну да чэмпіяната свету ў Мінску, у падарунак для беларускага народа. Я ўжо намаляваў 10 карцін да Алімпіяды ў Сочы, гэтая серыя, здаецца, на выставе таксама ёсць. А галоўную з іх, «Барс на гары», пасля купілі для Пуціна, відаць нехта хоча падарыць», — расказвае Сафронаў.

Пуцін у шкале аўтарытэтаў мастака, відавочна, займае самае пачэснае месца. Пра прэзідэнта Расіі мастак узгадвае ўвесь час з вялікай павагай, і надзвычай цешыцца, што Уладзімір Уладзіміравіч упадабаў свой партрэт аўтарства Сафронава.

«Калі мне званне зараз давалі, Уладзімір Уладзіміравіч мне так і сказаў: «Нікас, мне вельмі падабаецца ваш партрэт, даўно хацеў сказаць», — пра гэта мастак узгадвае, калі гаворка заходзіць пра тое, што Сафронаў у пачатку 2000-х трапіў у скандал. Некаторыя з ягоных карцін апынуліся тыпаграфскімі копіямі з фарбай. — «Хто ж Пуціну копію будзе дарыць? Вы ўявіць такое можаце?»

Той самы скандал, паводле словаў мастака, скончыўся тым, што стваральніка падробак арыштавалі і адправілі ў Матроскую Цішыню — сумнавядомую турму.

Аднойчы ў Сафронава скралі электронны архіў, дзе былі ягоныя працы, а таксама прыватныя фоты ў стылі ню. І пасля гэтага пачалася падробка карцін. Аднак Сафронаў не стаў ініцыяваць гучныя працэсы:

«Я проста пайшоў і памаліўся. Гэтага чалавека, дарэчы, неўзабаве задавіў цягнік. Як кажуць, Бог шэльму меціць».

Дарэчы, партрэтаў Пуціна мастак зрабіў пяць ці шэсць — некаторыя міністры таксама захацелі мець такі партрэт у сябе ў кабінеце.

Пра Беларусь

Пра Беларусь мастак разважае шмат і ахвотна. Беларусы ў ягоным разуменні: «рабацягі, не простыя, ранімыя, «ад зямлі», гасцінныя, хлебасольныя, і фантастычна прыгожыя, асабліва жанчыны».

Дарэчы, Сафронаў прывёз у Мінск свайго вайсковага сябра, каб паказаць яму беларускіх жанчын.

Пра палітычную сітуацыю Сафронаў адразу кажа, што ён — «чалавек міра», і яму крыўдна бачыць, як народы сварацца.

«Гэта як калі б адзін брат адняў рубашку ў іншага брата, палітыкі нас сутыкаюць ілбамі ўвесь час, мне гэта не падабаецца», — параўноўвае мастак.

Адразу прыгадвае толькі што набытую карціну «Назаўжды з Масквой, назаўжды разам з рускім народам», кажучы, што магчыма, падорыць яе Пуціну.

«Увогуле, я хачу купіць сабе сядзібу ў Беларусі, я бачыў сядзібу Рэпіна тут, мне вельмі спадабалася. Цяпер там дом-музей. Думаю таксама купіць сядзібу па суседстве, калі-небудзь таксама музей зробяць. Куплю сабе брычку і буду ездзіць ва Украіну, на Палтаву, там у мяне таксама домік».

На прэс-канферэнцыі адна з журналістак спытала, ці не плануе Сафронаў намаляваць да Чэмпіяната партрэт Дар’і Домрачавай. Калі мастаку патлумачыцлі хто гэта, то Сафронаў адразу захапіўся ідэяй.

«Канешне, я намалюю яе бсяплатна, і гэта і будзе мой падарунак беларускаму народу, і перададзім карціну ў музей, хай толькі паспрабуюць яе не ўзяць!»

Пра кошты на сапраўднае мастацтва

Мастаку не падабаецца, што пра яго ўвесь час ходзяць розныя чуткі. Але што рабіць, кажа ён, гэта здараецца з любым чалавекам, які становіцца вядомым: «А калі ўваходзіш у першую дзясятку ў свеце, дык тым больш». Сваю думку мастак праілюстраваў гісторыяй з Пуціным, у якога тыя самыя праблемы: чуткі пра тое, што расійскі прэзідэнт скраў пярсёнак, апынуліся жартам.

Сафронаў увесь час разважае пра «сапраўднае мастацтва», да якога яго творчасць, зразумела, адносіцца. Ён не разумее вулічнае мастацтва і тое сучаснае, якое адыходзіць ад класічнага фундамента. І публіка, на думку мастака, яго любіць.

«У мяне жанчына зараз замовіла партрэт свой, кажа 25 год на яго грошы ашчаджала, — кажа мастак. — Адкуль яна маю творчасць ужо 25 год ведае?»

Такіх гісторый у мастака шмат: нехта заплаціў мільён даляраў, каб купіць кватэру менавіта ў адным доме з Сафронавым, нехта восемь гадоў ашчаджаў на партрэт, і калі Сафронаў пра гэта даведаўся, то аддаў палову сумы назад, ці пра тое, што, паводле словаў галерэйшчыкаў, на ягоныя выставы ходзяць актыўней, чым на Рэнуара.

А на аўкцыёне Сотбіс увогуле сказалі, што не могуць пакуль прадаваць карціны Сафронава, бо падробкі ім нясуць дзясяткамі. Разам з Чакам Норысам ён займаўся дабрачыннасцю, накіраванай супраць наркотыкаў у ЗША, меў добрыя стасункі з Бушам.

А кватэра мастака ўключана ў спіс ЮНЭСКА, як помнік культуры, і лічыцца адной з дзесяці найлепшых кватэр у свеце.

Пра цэны на карціны мастак не кажа, дакладней, не называе сумы, «бо што такое сумы перад вечнасцю, калі карціна зараз каштуе мільён, яна ж будзе даражэць».

Кажуць, на выставе ў Мінску карціны набыць можна, некаторыя з іх каштуюць 10 000 еўра.

Сафронаў жыве духоўным жыццём, будуе храмы: напрыклад, у Віцебску, ён даваў аўтографы («вельмі шмат, можа тысячу»), а побач стаяла манашка і збірала на храм. Тады мастак пачаў даваць аўтографы толькі тым, хто ахвяруе. «Яна мне пасля сказала, што за гадзіну сабрала болей, чым за папярэднія пяць год», — паведамляе Нікас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?