Суд па скарзе ваўкавыскага прадпрымальніка, палітзняволенага Мікалая Аўтуховіча працягнецца некалькі дзён.

Аўтуховіч, нагадаем, спрабуе абскардзіць усе адміністрацыйныя спагнанні, накладзеныя на яго за апошнія гады. Суд праходзіць на тэрыторыі гродзенскай турмы №1, дзе адбывае пакаранне прадпрымальнік, працэс вядзе суддзя Жанна Казакевіч. 

Паводле слоў праваабаронцы Алега Волчака, працэс прадоўжыцца не менш як тры дні з-за вялікай колькасці сведак.

У першы дзень суда, 26 сакавіка, дапытвалі Аўтуховіча, які сцвярджае, што ўсе накладзеныя на яго спагнанні надуманыя.

У ролі сведак выступаюць супрацоўнікі турмы, якія складалі рапарты. Некаторыя сведкі, выкліканыя ў суд, ужо змянілі месца жыхарства, і гэта таксама паўплывала на працягласць працэсу. 

Мікалай Аўтуховіч, нагадаем, павінен выйсці на волю 8 красавіка. Пасля гэтага на працягу аднаго года і чатырох месяцаў ён павінен будзе знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам — такое рашэнне было прынятае судом 18 сакавіка.

Аднак калі суд адменіць спагнанні, накладзеныя на Аўтуховіча ў турме, можа быць перагледжана рашэнне аб прэвентыўным наглядзе. 

Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага 2009 года. У маі 2010-га за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі Вярхоўны суд Беларусі прызнаў яго вінаватым на падставе часткі 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і прыгаварыў да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму. У студзені 2012 года суд зрабіў больш жорсткімі Аўтуховічу ўмовы адбывання пакарання, прызнаўшы яго «злосным парушальнікам рэжыму», пасля чаго асуджанага прадпрымальніка перавялі з калоніі № 5 у Івацэвічах (Брэсцкая вобласць) у гродзенскую турму. 

Гэта ўжо другая судзімасць Мікалая Аўтуховіча. Першы раз ён быў арыштаваны ў кастрычніку 2005 года па абвінавачанні ў нявыплаце падаткаў і асуджаны на тры з паловай гады пазбаўлення волі. У абодвух выпадках праваабаронцы прызнавалі Аўтуховіча палітзняволеным, асуджаным за сваю актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?