У 19-гадовай берасьцейкi роды пачалiся на прыёме ў палiклiнiцы.

Выпускнiца аднаго з каледжаў горада прыйшла на прыём да гiнеколага, бо ў яе забалеў жывот. Яшчэ ў чарзе дзяўчына адчула сябе дрэнна, стала бледнай. Яе прапусцiлi да доктара. Як толькi пацыентка села ў крэсла, урач убачыла, што пачынаюцца роды.

Юная парадзiха наракала, што не хоча быць цяжарнай, не хоча нараджаць, бо мама будзе сварыцца i пакарае яе. Паводле слоў галоўнага лекара Брэсцкай лячэбна-кансультацыйнай палiклiнiкi Людмiлы Рудой, у якой i адбывалася апiсанае, медыкi спрацавалi квалiфiкавана i аператыўна. Было вiдавочна, што адпускаць з такiм настроем пацыентку нельга. Таму затрымалi будучую мацi да прыезду "хуткай дапамогi" i адправiлi ў радзiльны дом. Фельчара "хуткай" пракансультавалi аб тым, што перадаваць у прыёмным пакоi прывезеную трэба лiтаральна з рук у рукi. Так было ўсё i зроблена, а праз лiчаныя хвiлiны маладая брастаўчанка нарадзiла здаровую дзяўчынку вагой тры кiлаграмы сто грамаў. I хоць незвычайная пацыентка — дзяўчына поўнага целаскладу, мала што змянiлася ў яе фiгуры, але ўрачы не вельмi вераць у версiю поўнага няведання аб сваёй цяжарнасцi на працягу дзевяцi месяцаў, на якой настойвала маладая мацi.

Скончылася гiсторыя, можна сказаць, добра. Малой пайшоў ужо другi месяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?