Суд Маскоўскага раёну Мінска 28 сакавіка агучыў вердыкт па пазове жыхароў Мінску адносна правядзення грамадскіх слуханняў аб якасці пітной вады ў Маскоўскім, Фрунзенскім і Кастрычніцкім раёнах Мінску.

Нагадаем, у жніўні 2013 года мінчукі пры падтрымцы ініцыятывы «Наша Кунцаўшчына» і аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя»сабралі больш за 500 подпісаў з патрабваннем правесці грамадскія слуханні з прычыны моцнай хларыраванасці пітной вады ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах Мінска. Подпісы былі накіраваныя ўладам горада.

Суд пастанавіў, што Мінгарвыканкам адказаў аўтарам звароту ў тэрміны, прапісаныя ў законе, і згодна са сваёй кампетэнцыяй.

Датычна ж таго, што мінскія ўлады праігнаравалі патрабванне пра правядзенне грамадскіх слуханняў, суд патлумачыў, што гэта не ў кампетэнцыі Мінгарвыканкаму. 

Між тым як можна патлумачыць заяву пра адсутнасць кампетэнцыі ў Мінгарвыканкама, калі ў арт. 41 Закона аб мясцовым кіраванні і самакіраванні гаворыцца, што «выканкамы ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам … арганізуюць абмеркаванне на адпаведнай тэрыторыі важных пытанняў мясцовага і рэспубліканскага значэння». 

«Мы не патрабавалі выдаткавання нейкіх сродкаў ці нечага завышанага. Мы прапаноўвалі чыноўнікам сустрэцца з людзьмі і абмеркаваць пытанні, якія хвалююць людзей. Але мінскія чыноўнікі, якія жывуць за кошт падаткаў, хаваюцца за паперкамі і дзвярмі, і поўнасцю ігнаруюць інтарэсы простых грамадзян», — адзначыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі

«Мы працягнем гэтую і іншыя кампанію, інфармаваць СМІ і зацікаўленых грамадзян пра яе развіццё, каб стварыць ціск на ўлады, каб абвешчаныя раней планы перавесці да 2018 году Маскоўскі, Фрунзенскі і Кастрычніцкі раёны на артэзіянскую ваду, былі выкананыя. Што тычыцца сённяшняга рашэння суда, то мы будзем абскарджваць яго ў Менскім гарадскім судзе», — кажа Дзяніс Садоўскі.

Увесь гэты час актывісты атрымлівалі толькі адпіскі, маўляў, вада добрая і няма аб чым турбавацца. Пры гэтым галоўнае патрабаванне правесці шырокія грамадскія слуханні ігнаравалася. 

Тады ў Генеральную пракуратуру, Адміністрацыю прэзідэнта і Савет міністраў былі пададзеныя скаргі на дзеянні мінскіх чыноўнікаў. Аднак звароты былі проста перанакіраваныя ў Мінгарвыканкам, на дзеянні якога і скардзіліся мінчукі. У выніку ніякага адказу па сутнасці так і не было атрымана. 

У сувязі з гэтым ад імя 570 чалавек даслалі скаргу на Мінгарвыканкам у суд Маскоўскага раёна Мінска з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў, якія халатна выконвалі свае абавязкі, і галоўнае — аб правядзенні шырокіх грамадскіх слуханняў па праблеме моцнай хларыраванасці пітной вады ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах Мінска. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?