28 сакавіка суд прызнаў скаргу палітвязня Мікалая Аўтуховіча неабгрунтаванай і адмовіў у яе задавальненні. Рашэнне прынята суддзёй Ленінскага раённага суда Горадні Жанай Краўчанкай. Два папярэднія дні ў Гарадзенскай турме нумар 1 на выязным пасяджэнні адбываўся разгляд скаргі вязня на спагнанні, якімі пакарала яго адміністрацыя.

Двойчы яму далі вымову і адзін раз змясцілі ў штрафны ізалятар. Мікалай Аўтуховіч спадзяваўся, што калі скаргу задаволяць, гэта можа паўплываць на ўмовы яго жыцця пасля вызвалення.

8 красавіка заканчваецца тэрмін зняволення, і Мікалай Аўтуховіч цягам 1 года і 4 месяцаў будзе надалей знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам дома ў Ваўкавыску.

У 2009 годзе Мікалая Аўтуховіча зняволіліна пяць гадоў і два месяцы. Падставай сталі пяць паляўнічых патронаў: артыкул 295 частка 3 Крымінальнага кодэксу — «незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў».

18 сакавіка ў Гарадзенскай турме адбыўся выязны суд. Разглядалася пытанне пра ўсталяванне над Мікалаем Аўтуховічам прэвентыўнага нагляду. Суд праходзіў без адваката, яму паведамілі пра працэс за паўгадзіны да яго пачатку.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, над палітычным вязнем усталяваны прэвентыўны нагляд тэрмінам на 1 год і 4 месяцы. Аўтуховіч разлічваў на больш мяккі прысуд - шэсць месяцаў нагляду.

Ваўкавыскі прадпрымальнік, ветэран афганскай вайны быў асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы зняволення за захоўванне пяці патронаў да паляўнічай зброі.

Як лічыць сам вязень - за змаганне з карупцыяй ва ўладзе. Дома яго чакае сям’я, і найперш маці, з якой у кантакце знаходзіцца сябра вязня Аляксандр Сезень:

«Мама яго чакае, хвалюецца. Пераказвала для яго прывітанні. Яна цяпер у вёсцы, выхоўвае ўнукаў. Магчыма, і ў турму неяк даходзіць гэта інфармацыя. Мікалай усё ж спадзяецца, што ўлада ў дачыненні да яго не будзе чыніць правакацый і 8 красавіка ён выйдзе на волю».

Мікалай Аўтуховіч цяпер адбывае пакаранне ў Гарадзенскай крытай турме №1, пачаткова знаходзіўся ў калоніі №5 у Івацэвічах. У час зняволення вязень падвяргаецца няспыннаму ціску, шмат разоў узнікалі пагрозы не толькі для яго здароўя, але і для жыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?