Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і выконваючага абавязкі прэзідэнта Украіны, старшыні Вярхоўнай рады Аляксандра Турчынава праходзіць у Ляскавічах Гомельскай вобласці, перадае БелТА.

Дзяржрэзідэнцыя «Ляскавічы» знаходзіцца ў Прыпяцкім нацыянальным парку на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці.

«Нам даўно, мабыць, трэба было сустрэцца, каб абмяняцца меркаваннямі аб сітуацыі, якая складваецца не толькі ва Украіне, але і вакол нас, вызначыцца аб далейшых нашых кроках, ўзаемаадносінах дзвюх дзяржаў і двух вельмі блізкіх народаў. Думаю, што ў выніку сённяшніх перамоваў мы знойдзем нейкія агульныя пункты гледжання. Я думаю, іх шмат, яны ўжо пазначыліся за гэты час. І паспрабуем зблізіць нашы пазіцыі па пытаннях, якія, можа быць, сёння ў сілу недахопу інфармацыі не знаходзяць належнага разумення «, — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у двухбаковых адносінах Беларусі і Украіны ёсць і шмат іншых пытанняў, якія можна абмеркаваць. Ён, у прыватнасці, нагадаў, што некалькі гадоў таму меў магчымасць сустрэчы з Аляксандрам Турчынавым, калі той у складзе ўкраінскай дэлегацыі знаходзіўся ў Гомелі. «Тады вы займаліся эканомікай разам з нашым першым віцэ-прэм'ерам. З тых часоў вы пагружаныя ў адносіны паміж Беларуссю і Украінай, паколькі вы былі сустаршынёй нашай агульнай камісіі і, напэўна, лепш, чым хто-небудзь іншы, ведаеце сітуацыю ў Беларусі і нашыя двухбаковыя адносіны. Таму, калі будзе неабходнасць, мы можам вярнуцца да тых пытаннях, якія мы калісьці вырашалі, і намеціць іншыя ва ўзаемаадносінах нашых дзяржаў «, — сказаў Лукашэнка.

У сваю чаргу Аляксандр Турчынаў адзначыў важнасць двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Украіны.

Фота БелТА.

Фота БелТА.

«Украіна і Беларусь гэта не проста суседзі. Гэта брацкія народы, якія сотні гадоў жылі, працавалі і ваявалі плячо ў плячо. Для нас вельмі важна ўмацоўваць адносіны паміж нашымі народамі, каб паміж нашымі краінамі не было непраходных межаў, каб і беларусы, і ўкраінцы адчувалі сябе ў бяспецы, маглі спадзявацца на дапамогу і падтрымку адзін аднаго «, — заявіў Аляксандр Турчынаў.

«Я ставіў перад сабой галоўнай мэтай гэтага візіту адчуць падтрымку, добрасуседскае стаўленне, дружбу беларускага народа», — падкрэсліў Турчынаў.

Аляксандр Турчынаў адзначыў, што краіны ў сваіх адносінах заўсёды прыходзілі да вырашэння і знаходзілі выхад з любых складаных сітуацый. Ён прапанаваў абмеркаваць на сустрэчы не толькі палітычныя пытанні, але і пытанні эканамічнага супрацоўніцтва.

Беларусь і Украіну традыцыйна звязваюць цесныя адносіны ў розных сферах. У кастрычніку 2013 года падпісана дарожная карта супрацоўніцтва Беларусі і Украіны на 2013—2015 гады. Дакумент вызначае пералік сумесных праектаў у галіне сельгасмашынабудавання, якім будзе аказвацца дзяржаўная падтрымка.

Гуманітарнае супрацоўніцтва ідзе па ўсіх ключавых напрамках, у тым ліку ў сферах адукацыі, навукі, культуры, спорту і працы з дыяспарай.

Пра вынікі перамоваў гл. «Лукашэнка і Турчынаў дамовіліся аб стварэнні Чарнаморска-Балтыйскага транзітнага калідора»

***

Ляскавічы — узорны аграгарадок у Прыпяцкім нацыянальным парку на Петрыкаўшчыне. Тут жыве менш за 1000 чалавек, затое ёсць свой гатэль.

фота Tut.by

А на беразе Прыпяці пабудавалі палескую рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі. Некалькі маленькіх катэджаў і адзін будынак большай плошчы добра бачныя з прагулачных цеплаходаў. (З артыкула НН «Усе рэзідэнцыі прэзідэнта Беларусі: ад «Драздоў» да роднай хаты»)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?