Сяргей Запрудзкі

Артыкул Данілы Жукоўскага «ЬЬЬ» у многім удала і па‑новаму ставіць некаторыя, раней абмеркаваныя, пытаньні. Ня буду тут спыняцца на важных думках і фармулёўках аўтара, пакажу толькі на адзін спрэчны момант: пытаньне пра «саступкі супраціўнага боку», якіх чакае аўтар. Дый ня ён адзін.

Вось і ў допісе Henika Lojki згадваецца магчымасьць (у дадзеным выпадку, праўда, якраз немагчымасьць) таго, што ў адным памяшканьні сядуць «нашы і акадэмічныя мовазнаўцы». Здаецца, Жукоўскі і Лойка хацелі б нейкай задэманстраванай згоды і «саступак» з боку адной з канкуруючых партый. У 1993 годзе ў 16‑м нумары «Нашай Нівы» пад загалоўкам «Ад рэдакцыі» (верагодна, рукою Дубаўца) было напісана наступнае (далей вылучана і дададзена ўсюды мною. — С.З.): «Гутарка йдзе зусім не пра мяккія знакі (sic!) й падобнае, а — пра склад камісіі й выніковы дакумэнт. Думаю, калі б нейкая «кааліцыйная» камісія — з роўным удзелам прадстаўнікоў усіх асноўных пунктаў гледжаньня — прыняла шырока аргумэнтаваную, пагоджаную, усебаковую праграму, дзе высновай было б «нічога зьмяняць ня трэба!» (калі такое магчыма) — дык такую праграму прынялі б усе, у тым ліку й сама мова (sic!)». І ў 2003 годзе напярэдадні сходу дэмакратычных сілаў рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько хацеў, каб на сходзе быў дадзены старт «аўтарытэтнай уніфікацыі беларускіх правапісаў» (НН. 2003. 14 сакавіка).

Ды што там: нават З.Саўка на разьвітаньне пасьля круглага стала ў ТБМ сказаў журналістам, што гэта толькі пачатак «нашай супольнай» (чытай: з Інстытутам мовазнаўства) працы.

Ці выйдзе што з жаданьня атрымаць «саступкі»?

Зрэшты: хто каму мае саступаць?

Здаецца, найпрасьцей ідэнтыфікаваць удзельнікаў эвэнтуальнай «правапіснай згоды» можна было б у выпадку фармулёўкі Henika Lojki: за перамоўным сталом павінныя апынуцца «нашы» і«акадэмічныя» мовазнаўцы. «Нашы» — гэта, ясна, Вячорка і Саўка. Праўда, магчыма, яшчэ С.Богдан захоча стаць непасрэдным удзельнікам «арфаграфічнай зьдзелкі»: як‑ніяк, ён добра паказаў сябе як «наш» мовазнаўца падчас нядаўняй дыскусіі. А можа, і не захоча… Ці будзе прадстаўляць «нашых» мовазнаўцаў Сяргей Шупа? А Юрась Бушлякоў? А Зьміцер Санько? А Янка Запруднік? Як можна здагадацца, «супраціўны» («акадэмічны») бок будзе (можа) раўніва сачыць за тым, хто будзе выказваць пазыцыю «клясыкаў», і колькі будзе такіх прадстаўнікоў.

Здавалася б, нескладана ідэнтыфікаваць «акадэмічную» партыю. Нумар першы тут, у сьпісе, напэўна, Аляксандар Лукашанец. Але хто яшчэ? Віктар Іўчанкаў? Але ён ня мае дачыненьня да Акадэміі. То, значыць, Вераніка Курцова, якая была разам з Лукашанцам на паседжаньні «круглага стала»? Але яна правапісам не займаецца… Ці Алена Анісім (вяла паседжаньне «круглага стала»)? Але яна не выказвала нейкай адмысловай «акадэмічнай» пазыцыі… Значыць, Генадзь Цыхун? Але ён мае свой погляд на наяўную сытуацыю…

Аднак ці ёсьць вартыя ўвагі мовазнаўцы па‑за межамі акрэсьленых вышэй асяродкаў «нашых» і «акадэмічных»? Ці клікаць Дубаўца? Вось жа ён у 1993 годзе пісаў пра «роўны ўдзел прадстаўнікоў усіх асноўных пунктаў гледжаньня» (заўважу: «прадстаўнікоў пунктаў гледжаньня», а не «мовазнаўцаў»). Яшчэ пару гадоў таму прыхільнікі «клясыкі», напэўна, маглі б уключыць Дубаўца ў склад «нашай» партыі; цяпер, напэўна, яны гэтага ня зробяць… Ці, напісаўшы «здрадніцкі» артыкул, Дубавец перастаў мець нейкі аўтарытэтны пункт гледжаньня? А можа, яго захочуць трымаць за «свайго» «акадэмічныя»?

А ці не захоча быць прадстаўленым на «правапісным гандлі» Саюз пісьменьнікаў (першы ці другі)? А рэдактары «Нашай Нівы», «Архэ», «Роднага слова», «Звязды», «Нівы»? А рэдактары выдавецтваў а, б, в і г? А прадстаўнікі радыё? А ці ёсьць мовазнаўцы ў БДУ? (Паводле «народнага акадэміка» Саўкі, такіх няма, але гэта ня ўсім відавочна). А ў Гомельскім унівэрсытэце? А ў Гарадзенскім? А ці захочам выслухаць П.Садоўскага? А настаўнікаў?

Аднак, уявім сабе, што нехта ўзяўся пасьпяхова разьвязаць усе «кадравыя» пытаньні будучай кампраміснай сустрэчы і пасьпяхова справіўся са сваёй задачай. Тады паўстае пытаньне парадку дня такога пагаджальнага форуму. Ён, як відаць, будзе выглядаць наступным чынам:

Якія канкрэтныя моўныя рысы павінныя «здаць» прадстаўнікі «акадэмічных» мовазнаўцаў, каб прадстаўнікі «клясыкаў» задаволіліся гэтымі саступкамі і перайшлі на «новы», «узгоднены» правапіс?

Калі б дырэктарам Інстытуту мовазнаўства быў я, то я адмовіўся б працаваць з такім парадкам дня.

Па‑першае, Інстытут мовазнаўства займаецца навуковымі пытаньнямі. Пытаньне прыдуманага правапіснымі «тэарэтыкамі» «правапіснага гандлю» — ненавуковае.

Па‑другое, Інстытут мовазнаўства ня мае нейкага чароўнага ўплыву на моўнае ўжываньне — прынамсі, у той яго частцы, дзе ад яго чакаюцца «саступкі». Здаецца, многія людзі думаюць, што ўвесьці ў правапіс нейкае (новае) правіла (рэальна, а не фіктыўна) гэтак жа лёгка, як націснуць кнопку? У дадзенай сытуацыі Інстытут ня можа паўплываць на ўвядзеньне нейкай рысы (мяккага знаку) без ажыцьцяўленьня пэўнай працэдуры і бяз санкцыі як мінімум Міністэрства адукацыі. Зусім ня факт, што пры ажыцьцяўленьні пэўнай працэдуры шалі схіляцца на карысьць мяккага знаку. Хутчэй наадварот. Зрэшты, тут можна абысьціся й без здагадак: глядзі наяўны на сёньня праект Інстытуту мовазнаўства. У гэтым пляне Інстытут, калі ён будзе шчырым, проста ня мае чаго паабяцаць «супраціўнаму боку».

Па‑трэцяе, паводзіны «нашых мовазнаўцаў» паказваюць, што яны ня надта сур’ёзныя людзі. Яны, бывае, крывяць душой. Пэўная колькасьць іхных «правапісных» заяў — выразна прапагандысцкія. Ці кантралююць яны сытуацыю ў «сваім» лягеры?

Выснова. Ахвотнікі атрымаць «саступкі» ад «афіцыйнага» боку павінныя запрашаць на перамовы больш высокія (прычым ненавуковыя) інстанцыі, чым «акадэмічныя» мовазнаўцы. Акурат па‑за межамі навуковых інстытуцый яны могуць дабіцца чаканых «саступак». Гэтым няхай і зоймуцца.

Ня трэба штораз вольна і нявольна ўводзіць людзей у зман, што «правапісная» дыскусія — навуковая.

P.S. Тлумачэньне загалоўка. У мяне 14 гадоў таму ўжо быў «правапісны» артыкул пад назвай «Складанае мастацтва кампрамісу».

P.P.S. …Ці ўсе заўважылі: Дубавец у 1993 годзе дапускаў магчымасьць дасягненьня жаданай згоды, калі нават ня будзе ніякіх саступак? Ах, гэты крэатыўны Дубавец!..

Сяргей Запрудзкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0