— Но известно ли его сиятельству… что здесь дело особенной тонкости?
— Нет тут никакой тонкости, и дело самое простое, полицейское, — отрезал Ведищев.
Борис Акунин «Смерть Ахиллеса»

У міжнародных кодах радыёабмену ёсьць два сыгналы, у якіх воляю выпадку вялікую ролю адыгрывае мяккі знак. Першы — сыгнал тэрміновасьці «ЬЬЬ». Другі — абразьлівы сыгнал, які кірыліцаю перадаецца «ЩЬЬ». Ім пужаюць маладых радыётэлеграфістаў, бо ягоны зьмест: «памяняйце апэратара».

Сп. Дубавец шмат гадоў выкарыстоўвае адну й тую ж мэтоду з чаргаваньня дзьвюх тактыкаў.

Першая частка: палымяным, разумным, але бескампрамісным — часам аж да ксэнафобіі — артыкулам сьцьвярджаць сваё права вызначаць для пэўнай грамады (дзеля прыстойнасьці назавем гэтых людзей «паплечнікамі‑аднадумцамі»), што ў Беларусі належыць лічыць нашым, а што нянашым. У выпадку, калі сродак гуртаваньня й ідэалягічнага падпарадкоўваньня працуе слаба, публіцыст не спыняецца перад тым, каб паспрачацца сам з сабою ў сеціве, апублікаваць шчымлівую, але прыдуманую гісторыю і да т.п.

Другая частка палягае на тым, каб праз пэўны час прапанаваць адмовіцца ад уласнаручна ўзьнятай на шчыт догмы ўзамен на … саступкі супраціўнага боку? Супраціўны бок зь дзіўнай упартасьцю маўчыць наконт якіх‑небудзь cаступак. Прапануецца адмовіцца ад сымбалю веры, бо … гэтак будзе лепш для Беларусі.

Досьвед «змаганьня за тарашкевіцу» як нішто іншае яскрава паказвае, што палітычны інструмэнтар у культурніцкім змаганьні выключна неэфэктыўны. Тут працуе або адміністрацыйны, або ўласна культурны рэсурс. Руслан Равяка дапамог старэйшаму калегу выявіць нішчымнасьць апошняга. У сваіх інвэктывах наконт «Вікіпэдыі» сп. Равяка зрабіў дзьве істотныя памылкі. Па‑першае, абедзьве «Вікіпэдыі»: і наркамаўская (be.wikipedia.org/wiki), і тарашкевіцкая (be‑x‑old.wikipedia.org/wiki), даступныя ў Інтэрнэце. Па‑другое, колькасьць артыкулаў прыблізна аднолькавая (наркамаўская — 6912, тарашкевіцкая — 7670). Тарашкевіцкая істотна перавышае наркамаўскую колькасьцю карыстальнікаў: 885 і 294 адпаведна, але пра гэта сп. Равяка ня згадвае, бо хутчэй за ўсё ня надта цікавіцца той «Вікіпэдыяй». Цяжка бараніць правы або рэчы, якімі не карыстаесься сам (але, магчыма, лічыш для кагосьці абавязковымі).

Гэтак два чалавекі яскрава асьвятлілі два бакі «праблемы тарашкевіцы»: выключна нізкую эфэктыўнасьць абраных спосабаў барацьбы за «вяртаньне клясычнага правапісу» і сьціпласьць культурнага даробку, на які барацьбіты абапіраюцца. Калі зь першым бокам вызначыцца лёгка (менавіта — сыгналізуючы ЬЬЬ і ЩЬЬ), другі патрабуе шырэйшага разгляду.

Для руху «вяртаньня тарашкевіцы» характэрная трывучая нязгода, чаго, уласна кажучы, рух дамагаецца. Нават у позьнім, падагульняючым апытаньні «Ці добра ўчынілі адраджэнцы канца 80‑х, зрабіўшы выбар на карысьць «тарашкевіцы»?» («Arche» №3’2003) уражвае стракатасьць меркаваньняў. Тарашкевіца ў сучасным разуменьні гэтага панятку не паддаецца, нібы тое Дао, апісаньню словам. Сьмешна — бо толькі словам усё гэта ёсьць: дакладней, яшчэ менш — правапісам словаў. Але правапіс згадваюць хіба тыя, хто лічыць захапленьне «тарашкевіцай» памылкай адраджэнцаў. Хто лічыць гэта правільным, або адзіна магчымым крокам, бачыць у мяккіх знаках нешта большае: «Нацыя, якая вучыць мову па трасянкавых слоўніках, чытае творы, напісаныя беларускай савецкай мовай, асуджаная на марудную, а значыць, больш небясьпечную асыміляцыю,» — кажа Павал Жук у згаданым апытаньні. І дзе тут правапіс? Зьмест слова «тарашкевіца» за дзесяцігодзьдзі перажыў вялізарную эвалюцыю — амаль што як слова падводнік, якое ў вядомым творы М. Гарэцкага «Дзьве душы» значыць ні больш ні менш — чалавека, які кіруе падводаю і ня мае аніякае канатацыі з марскімі хвалямі.

Зьяўляючыся міжвольным карыстальнікам тарашкевіцы ў якасьці чытача й аўтара, я часам перачытваў уласныя тэксты ў пошуках таго, што новага дадалі ў іх руплівыя рэдактары, старанна перарабіўшы маю амаль школьную (зь невялікім аднак злоўжываньнем «й», «ня» і «бяз») наркамаўку на «клясычны правапіс». Дадатковых сэнсаў, і ў першую чаргу — далучанасьці да нейкае глыбейшае традыцыі, дадатковых, нарэшце, эстэтычных вартасьцяў у клясыцызаваных варыянтах я не адчуў. Але пераробка была неабходнаю — дзеля таго каб выданьне, якое друкавала мае тэксты, заставалася самім сабою. Вытрымала фармат. Захавала вернасьць ідэі.

У правапісе зь мяккімі знакамі адчуваецца сымбалічны й эстэтычны патэнцыял. Можа, да таго спрычыніліся выхаваныя ў не вядомых мне менскіх установах (неяк недарэчы тут будзе слова «вучэльня») радыёдыктаркі зь іхным чыгунна‑зацьвярдзелым вымаўленьнем, але для мяне культурныя героі нашага мінулага заўсёды гавораць «па‑тарашкевіцку». Калі я чытаю ў Францішка Аляхновіча дыялёгі Попутчіка з савецкімі чыноўнікамі, мне заўсёды падаецца, што было б добра падаць іхныя словы наркамаўкаю, а ягоныя — зь яшчэ большаю колькасьцю мяккіх знакаў. Мяккія знакі ў маім уяўленьні замацаваліся менавіта за гэтаю мэнтальнасьцю, пазначанаю ў літаратуры «Тутэйшымі», «Самсонам Самасуем»… ды эпітафіяй у выглядзе «Ў капцюрох ГПУ». На жаль, гэтая мая тарашкевіца‑сымбаль, за рэдкімі выключэньнямі кшталту асобных тэкстаў сп. Балахонава, не знаходзіць апірышча ў сучасным прыгожым пісьменстве. Мне нават падаецца, што літаратурная палітыка адпаведных выданьняў зусім ня лічыцца зь неабходнасьцю мастацкай прапаганды сваёй правапіснай лініі.

Прырода працэсу, выкліканага рухам «за тарашкевіцу», заклікала да антыдагматычнай варыянтнасьці, экспэрымэнту, гульні з магчымасьцямі, разгортваньня й выпрабаваньня альтэрнатываў, сутыканьня ілбамі розных моўных традыцыяў. Перш за ўсё — у мастацкай прасторы. Вось дзе б разгарнуцца постмадэрністым! Оксфардзкі акцэнт Вячоркі («лё‑лё‑сьсь… лё‑лё‑сьсь»), каўкаскія («Грузыя», «грузыны») захапленьні Пазьняка, напаўнепісьменная наркамаўшчына «Звязды», псэўдастараславянскія экзэрсісы мітрапаліцкіх мовапісцаў, дзівосы ад Пацюпы і Булгакава ў колішніх «Фрагмэнтах», супэрнаркамаўскі пераклад Дантэ Ўл.Скарынкіна…

Нягледзячы на ангажаванасьць у правапісныя спрэчкі інтэлектуалаў і пісьменьнікаў, мастацкага асэнсаваньня апазыцыя «камуністычнага» й «рэпрэсаванага» правапісу не атрымала (хаця быў някепскі першы акорд — паэма С. Сокалава‑Воюша «Ь»). Шмат гадоў (ад першае хвіліны, калі гэта стала дазволеным) сатырыкі шырока выкарыстоўваюць трасянку, супрацьпастаўленьне беларускай і расейскай мовы зрабілася стандартнай зброяй палемістаў і аратараў, а вось дыхатамія савецкага і клясычнага правапісу, або правакацыйная варыянтнасьць апошняга, больш не натхнілі, здаецца, анікога. Перадумовай творчае разьняволенасьці ёсьць, аднак, прызнаньне роўнасьці паміж удзельнікамі спаборніцтва, згода на крытыку ўласнае ідэі. Гэтага выпрабаваньня прыхільнікі моўнае рэформы не адолелі.

Крывадушнічалі тыя, хто казаў пра разьняволеньне творчага патэнцыялу. Усім карцела ўсталяваць свой правапісны стандарт, не забываючыся на абмежаваньні ў лексыцы і як хутчэй прасунуць яго ў школу. Іншага спосабу, як эксплюатаваць паслухмянасьць школьнага настаўніка, які — калі загадаюць — будзе прапагандаваць гіерагліфіку і клінапіс, нашы філёзафы, палітолягі, сацыёлягі, пісьменьнікі і публіцыстыя ня ведаюць — гэтаксама, як іхныя супраціўнікі — філосафы, палітолагі, сацыёлагі, пісьменнікі і публіцысты.

Існавала й існуе плынь практычнае эвалюцыі правапісу, справакаваная дзейнасьцю «тарашкевічаўцаў». Незнарок легітымізаваная празь іхную актыўнасьць варыянтнасьць (бо замест адзінага клясычнага правапісу ўжываецца безьліч варыянтаў) дазваляе і ў наркамаўцы шырэй карыстацца «ня» і бяз». Элемэнты «клясычнасьці» прасочваюцца ў напісаньні запазычаньняў і ўласных імёнаў, іншых лексычных навацыях. Тарашкевіцкі праект даў вынікі на кірунках, дзе не патрабавалася прымусу.

Створаная прастора свабоды, на жаль, засталася незаселенаю вартым тэкстам, які б апраўдваў яе існаваньне (для правапісу гэта ці не адзіна магчымы аргумэнт). Але непараўнальна жахлівей, што нягледзячы на несур’ёзнае выкананьне, стаўленьне да пытаньня заўсёды было звышсур’ёзным, быццам пасьля абнародваньня вынікаў працы нейкае групы створаны ёю звод адразу ж зробіцца абавязковым з унясеньнем адпаведнага артыкулу калі не ў Крымінальны, то ў Адміністратыўны кодэкс (і амаль што дачакаліся, але зь іншага боку!).

Калі што можа выправіць сумнае становішча «клясычнага правапісу» (выраз я бяру ў двукосьсе, бо ягоны сэнс на сёньня аніяк ня зводзіцца да правапісу), дык гэта хіба што істотны мастацкі высілак. Прапанаваны «Радыё Свабода» конкурс «Адзін дзень у БНР» стварае для таго выдатную нагоду. У жанры альтэрнатыўнае гісторыі тарашкевіца сапраўды мае больш правоў за наркамаўку. Іншая рэч, ці гатовыя аўтары да гэткага выкліку і ці дазволіць ім гэткі крок асяродзьдзе. Але калі нам сапраўды дарагі «рэпрэсаваны правапіс», варта ўжыць яго там, дзе ён можа сябе праявіць — у канструяваньні візіі Беларусі, альтэрнатыўнай сёньняшняй. На гэтым полі можна змагацца нават з расейшчынай: сёньня бо найбольшым ростам колькасьці карыстальнікаў можа пахваліцца мова не расейская ці беларуская, а мацерная.

З гэткага гледзішча далейшы лёс, скажам, нашаніўскага праекту залежыць менавіта ад саміх тапельцаў: працягваць абсалютызацыю палітычных тэхналёгіяў ці зьвярнуцца з большаю ўвагаю да сродкаў мастацтва могуць толькі яны самі.

Даніла Жукоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0