У цэнтры Кіева каля кавярні «Мафія» былі параненыя тры чалавекі, паведаміў міністр унутраных спраў Арсен Авакаў на старонцы ў Facebook.

«Нехта Орэст з «Правага сектара», па сведчанні відавочцаў, адкрыў стральбу. Паранена трое — двое цяжка. Сярод параненых — двое байцоў Самаабароны Майдану, намеснік кіраўніка Кіеўгарміністрацыі Богдан Дубас», — напісаў Авакаў.

Паводле яго слоў, прычыны стральбы невядомыя.

«Той, хто страляў, быў заблакаваны ў прыбіральні кафэ іншымі актывістамі. Да прыбыцця міліцыі ў кафэ прыбылі з гатэля «Дняпро» цяжка ўзброеныя прадстаўнікі Правага сектара, вывелі стралка праз утвораны калідор і канваявалі ў гатэль «Дняпро», — цытуе міністра «Сегодня».

Ён таксама напісаў, што даў каманду затрымаць вінаватых. «Што павінен рабіць міністр? Правільна — аддаў каманду блакаваць бандфарміраванні. Затрымаць вінаватых. Усе сілавыя атрады прыведзены ў стан баявой гатоўнасці.

Такі мой абавязак — так дыктуе закон. А заўтра — заўтра я гатовы і да адстаўкі, і да далейшай барацьбы. Адзін супраць іх — гатовы, будзе нас больш — гут. Усяму ёсць мяжа і ўсяму бывае час яснасці! Працую», — напісаў Авакаў.

Як паведаміла журналіст Міхайліна Скорык на сваёй старонцы ў Facebook, зараз высвятляюць асобу стралка. «Па словах сотніка 11-й сотні Анатоля Вядмедзя, канфлікт з Правым сектарам адбыўся «з-за пытання разбору намётаў, пытання разбору барыкадаў». Стрэлы прагучалі з баявога пісталета», — напісала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?