На зямлі пачынаецца сусветны патоп. Тысячы людзей спрабуюць уратавацца ў каўчэгу. Але анёлы, якіх Бог калісьці пакараў і адправіў на зямлю ў выглядзе каменных страшных Вартаўнікоў, забіваюць кожнага. Ніхто, акрамя Ноя і яго сям’і, не мае права на выратаванне.

Такую версію біблейскіх па­дзей прадставіў рэжысёр Дарэн Аранофскі, чые фільмы неаднаразова перамагалі на міжнародных фестывалях. У 2008 яго стужка «Рэстлер» узяла венецыянскага «Залатога льва». «Чорны лебедзь» (2010) з бюджэтам $13 млн cабраў у пракаце $ 320 млн. А Наталі Портман, якая сыграла галоўную ролю, атрымала за яе «Оскар». Элітарны рэжысёр, аўтар шэдэўральнай стужкі «Рэквіем па мары», які можа забяспечыць касу — што яшчэ трэба для поспеху?

Аранофскі прызнаваўся, што асоба Ноя захапіла яго, калі рэжысёру было трынаццаць гадоў.

Фільм каштаваў $125 млн. Летам 2012 года пачаліся здымкі, якія пераважна адбываліся ў Ісландыі. Асобныя эпізоды здымаліся ў Амерыцы. Сам каўчэг быў пабудаваны ў Нацыянальным гістарычным парку Planting Fields Arboretum (Нью­Ёрк).

Галоўнае ў фільме — не падзеі сусветнага патопу (яго сціплы паказ якраз займае мінімум часу), а пытанне, хто вырашае лёсы людзей і як інтэрпрэтаваць Божыя словы.

У Сіма, сына Ноя, і Ілы (дзяўчыну-­сірату, якую сям’я галоўнага героя падабрала ў дзяцінстве, іграе Эма Уотсан — Герміёна з фільмаў пра Гары Потэра) павінна нарадзіцца дзіця. Калі гэта будзе хлопчык, ён застанецца жывым і стане апошнім чалавекам на зямлі — вырашае Ной. Калі гэта будзе дзяўчынка — Ной хоча забіць яе.

Вытокі такіх поглядаў — у дзяцінстве героя, ролю якога выконвае Расэл Кроу.

Пасля забойства бацькі, якое адбываецца на вачах у Ноя, ён застаецца ці не адзіным спадчыннікам Сіфа (малодшага, праведнага сына Адама). Астатнія людзі паходзяць ад іншага сына Адама — забойцы Каіна. Усе яны грэшныя, а таму, на думку Ноя, асуджаныя Богам за свае грахі і не маюць права на выратаванне. Нездарма перад пачаткам патопу галоўны герой наўмысна не дапамагае Наэль, каханай свайго сына Хама, і пакідае яе на верную смерць. Ной разумее рашэнне Бога наступным чынам: той задумаў патоп, каб новы свет засялілі толькі бязгрэшныя істоты (жывёлы, птушкі, рыбы). Місія героя — дапамагчы іх выратаваць.

Перад здымкамі Аранофскі казаў, што разумее Ноя як складаную асобу, у якой пасля патопу з’яўляецца пачуцце віны чалавека, які выжыў.

Але ў фільме і смерць Наэль, і забойствы ўсіх астатніх людзей Вартаўнікамі пакідаюць Ноя абыякавым. Ён выконвае задачу, ускладзеную на яго Богам так, як яе разумее, і рухаецца да мэты з маніякальнай упартасцю. І толькі нараджэнне дзвюх дзяўчат­двайнятак прымушае героя Расэла Кроу задумацца, ці перайсці апошнюю мяжу.

З усіх фільмаў Аранофскі «Ной» найбольш падыходзіць пад катэгорыю «галівудскае кіно».

У фільме шмат спецэфектаў (зярнятка, падараванае Мафусаілам, дзядулем Ноя, у імгненне пераўтварае пустыню ў лес) і камп’ютарнай графікі (усе жывёлы былі намаляваныя на камп’ютары). Але галоўнае — у тыповых сюжэтных паваротах і вобразах. Напрыклад, па законе жанра ў такім фільме абавязкова мае быць любоўны трохкутнік. Таму паміж сынамі Ноя, «станоўчым» Сімам і «адмоўным» Хамам, узнікае суперніцтва за Ілу. Дзеля стварэння сюжэтнай напругі трэба, каб быў адмоўны герой, супрацьстаянне якога са станоўчым будзе праходзіць праз увесь сюжэт. Так у фільме з’яўляецца Тубал­Каін, спадчыннік Каіна. У маладосці ён забівае бацьку Ноя. А праз гады адзіны з людзей (акрамя сям’і Ноя) трапляе на каўчэг…

«Усё так і было», — калісьці сказаў Папа Ян Павел ІІ пра фільм «Жарсці Хрыстовы». Новы Папа Францыск на сустрэчы з Расэлам Кроу дабраславіў «Ноя». Так што чакайма «патопу» ў кінатэатрах ва ўсім свеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?