Мітрапаліт Тадэуш Кандрусевіч яшчэ толькі 10 лістапада прыступіць да сваіх пастырскіх абавязкаў на Беларусі, але ўжо зрабіў значныя палітычныя крокі, падобных якім мы даўно ня бачылі з боку Каталіцкай Царквы.

Прыбыўшы ў Мінск учора ў другой палове дня, ён пасьпеў і на канфэрэнцыі хрысьцьянска-мусульманскай выступіць, і з мітрапалітам Філарэтам прыватна пагутарыць, і разам з іншымі царкооўнымі дзеячамі з Лукашэнкай сустрэцца.

Уражваюць тут ня толькі тэмпы самога Кандрусевіча, але і апэратыўнасьць афіцыйнага каталіцкага сайту catholic.by, які тут жа даваў даволі падрабязную інфармацыю, і нават з карцінкамі. Чаго, між іншым, ня скажаш пра афіцыйны праваслаўны сайт church.by.

Ня ведаю, што там далей будзе, але ўжо даволі весела. Уносіць нейкі ажыўляльны элемэнт у наша “памяркоўнае” жыцьцё.

Тут як раз адзін з маіх каментатараў жаліўся, што няма узаемнага супрацоўніцтва і навогул каталікі быццам на “бальнічным”. Ну вось вам і актыўнасьць і нейкае супрацоўніцтва нагадваецца. Ну пакуль, праўда, больш на словах. Але бяз слоў таксама нельга. Іншая справа, калі толькі словы і застануцца.

“Пасля таго, як арцыбіскуп Кандрусевіч прыбыў у Мінскае Епархіяльнае ўпраўленне Беларускай Праваслаўнай Царквы, дзе сёння працягвалі сваю працу ўдзельнікі Міжнароднай канферэнцыі «Дыялог хрысціянства і ісламу ва ўмовах глабалізацыі», Мітрапаліт Філарэт запрасіў яго заняць месца ў прзідыуме”.

“Праваслаўны іерарх шчыра прывітаў Тадэвуша Кандрусевіча і павіншаваў яго з вяртаннем на Радзіму, пасля чаго папрасіў выступіць з кароткаю прамоваю перад удзельнікамі канферэнцыі”.

Зразумела, выступіў, падзякаваў і гэтак далей. Але справа на гэтым не скончылася.

“Пасля завяршэння пасяджэння Мітрапаліт Філарэт запрасіў арцыбіскупа Кандрусевіча ў свае прыватныя апартаменты, дзе за гарбатаю адбылася нефармальная размова іерархаў дзвюх асноўных канфесій Беларусі. У гэтай размове Мітрапаліт Філарэт выказаў сваё задавальненне тым, што Тадэвуш Кандрусевіч будзе цяпер несці сваё пастырскае служэнне на Беларусі, а таксама спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва. Мітрапаліт Кандрусевіч у сваю чаргу адзначыў, што сама гэтая сустрэча дае добрую надзею на развіццё плённага супрацоўніцтва і запэўніў, што будзе заахвочваць вернікаў і духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі актыўна ўдзельнічаць у сумесных мерапрыемствах, арганізаваных Беларускай Праваслаўнай Царквою. Акрамя таго, іерархі больш канкрэтна абмеркавалі накірункі супрацоўніцтва Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла ў сферы навукі і культуры.

Сустрэча прайшла ў духу узаемаразумення і адкрытасці сяброў і саратнікаў. Іерархі пажадалі адзін аднаму поспехаў у далейшай дзейнасці і выказалі спадзяванне на паспяховае развіццё ўзаемаадносінаў”.

Як кажуць – дай, Божа. Калі сапраўды супрацоўніцтва будзе ў справа Божых...

Бо можна і загуляцца. Прэзыдэнт пажадаў сустрэцца з удзельнікамі канфэрэнцыі. Ну як не выкарыстаць такі повад? Здаецца, што менавіта для гэтай сустрэчы, а не для мітрапаліта Філарэта і выступу канферэнцыі і прыбыў тэрмінова ў Мінск Тадэуш Кадрусевіч.

Што ж такое ён так хацеў сказаць прэзыдэнту?

“Тадэвуш Кандрусевіч, які на працягу 16-ці гадоў здзяйсняў пастырскае кіраўніцтва архідыяцэзіяй Маці Божай у Маскве, у сваёй кароткай прамове згадаў пра тое, як некалькі гадоў таму на адным з прыёмаў у Крамлі быў прадстаўлены Аляксандру Лукашэнку, і тады Прэзідэнт спытаўся ў яго: «А калі Вы вернецеся ў Беларусь?». «Вось, я вярнуўся», — дадаў арцыбіскуп, паведаміўшы, што 21 верасня гэтага года Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прызначыў яго арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.

Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што хоць ён вяртаецца на месца свайго папярэдняга служэння, аднак сёння гэтае «старое» месца выглядае цалкам па-новаму. Змяняецца свет, шмат зменаў адбылося за гэтыя гады і ў Беларусі: узняўся ўзровень жыцця, папрыгажэлі гарады, з’явілася сучасная інфраструктура, адбылося шмат іншых станоўчых зменаў. Змяніліся таксама адносіны дзяржавы да рэлігіі, дзякуючы чаму сёння стала больш месцаў для малітвы, больш святароў, больш магчымасцяў вызнаваць сваю веру.

Разам з тым сучасны свет ставіць перад намі новыя выклікі: тэрарызм, ксенафобія, секулярызм, маральны рэлятывізм, які ў наш час становіцца новым крэдо — вызнаннем веры сучаснага чалавека. На гэтыя выклікі мы павінны даць належны адказ. Гэта можна зрабіць толькі ў супрацоўніцтве з іншымі канфесіямі і рэлігіямі. Таму вельмі вялікае значэнне мае сённяшняя канферэнцыя, арганізаваная Беларускаю Праваслаўнаю Царквою, якая прысвечана надзвычай важнай і актуальнай для сучаснага свету тэме: суіснаванню хрысціянства і іслама. Я вяртаюся з Расіі ўзбагачаным вялікім вопытам дыялогу і добрых адносінаў з вызнаўцамі гэтай рэлігіі.

У свеце Беларусь з’яўляецца прыкладам мірнага суіснавання розных нацыянальнасцяў, культур і рэлігій. Іерарх пацвердзіў сваю адкрытасць да ўзаемадзеяння і дыялогу з дзяржавай, з іншымі канфесіямі і рэлігіямі, перадусім з Праваслаўнай Царквою, на карысць абароны духоўных і маральных каштоўнасцяў, таму што Касцёл, хоць і аддзелены ад дзяржавы, але не ізаляваны ад грамадства. Улада і Касцёл існуюць для народа, а таму павінны ўзаемадзейнічаць, і мы маем шырокае поле для такога ўзаемадзеяння. Дзякуючы гэтаму, на думку Мітрапаліта, Беларусь можа стаць утульным домам для ўсіх яе жыхароў, незалежна ад паходжання і веравызнання. Напрыканцы прамовы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў Прэзідэнту Лукашэнку, а ў яго асобе — усяму беларускаму народу, Божага благаслаўлення”.

Ад імя народу дзякуй за благаславеньне. Праўда, неяк няўтульна нам “у яго асобе”, шчыра кажучы…

“Асобе” ж патрэбна толькі тое, што ёй патрэбна. І гэта сустрэча, як потым стала зразумелым, ладзілася па сутнасьці толькі для таго, каб згладзіць вядомы канфлікт з Ізраілем. Апраўданьням наконт тэмы антысэмітызму была прысьвечана асноўная частка афіцыйных рэпартажаў па ўсім беларускім каналам.

Гэта, канешне, не азначае, што ня трэба сустракацца з уладай, знаходзіць нейкае узаемапаразуменьне. Царква павінна дзейнічаць ва ўсякіх умовах, спрыяльныя яны ці не. І калі ісьці на кампрамісы, то добра ведаць, што табе ў выніку гандлю імкнуцца падсунуць. У сувязі з гэтым не пакрыўдзіць памятаць, што шмат у чым прырода сучаснай ўлады несумяшчальная з прыродай і хрысьціянскай, і мусульманскай веры. Таму як бы мы не жадалі “узаемадзейнічаць”, гэта можа не атрымацца таму, што замест “шырокага поля для ўзаемадзеяньня” пакуль поле вядомай ідэалёгіі, пад знакамі якой “узаемадзеяньне” зводзілася да вынішчэньня веры. І гэтыя знакі падзяляюць і ў любым выпадку ператвараюць стасункі ў супрацьстаяньне:

Заўтра праваслаўныя адзначаюць памяць сьвятых навамучанікаў – тых людзей, якія сьведчылі аб хрысьціянскай веры да самой сьмерці сваёй у час панаваньня той ідэалёгіі і ўлады, якая меціць сябе гэтымі знакамі.

Заўтра ж хрысьціяне іншых канфэсій таксама заклікаюць пакаяцца ў грэху камунізму і ўзгадаць ягоныя ахвяры. Гэтае супадзеньне атрымалася выпадкова… А можа і зусім невыпадкова?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?