Пракаповіч і Мясніковіч адмовіліся ад сустрэчы з ІП на форуме прадпрымальнікаў, што пачнецца ў Мінску 7 красавіка. Пра гэта паведаміў старшыня савета РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.
«Форум пачнецца 7 красавіка ў 12:00 у вялікай зале ўрадавага будынка на вуліцы Мяснікова 39. Зала разлічаная на 438 месцаў. Малаверагодна, што там будуць прадстаўнікі ўлады. Міністэрства па падатках і зборах сказала, што яго прадстаўнікі не могуць прыйсці, а Мясніковіч і Пракаповіч тым больш. З Дзяржстандартам, Дэпартаментам прадпрымальніцтва і Мінгандлем пакуль невядома », — адзначыў ён.
Старшыня «Перспектывы» дадаў, што на мерапрыемстве будзе абмяркоўвацца праект указа аб працы індывідуальных прадпрымальнікаў з 1 ліпеня 2014 года, які Лукашэнка распарадзіўся распрацаваць і ўкараніць.
« Галоўныя праблемы — гэта сертыфікаты і суправаджальныя дакументы. На форуме будуць прадпрымальнікі з рэгіёнаў і Мінска, якія будуць выказвацца, задавальняе іх гэта ці не. Але зразумела, што большасць ІП Беларусі супраць гэтых новаўвядзенняў », — падкрэсліў Анатоль Шумчанка.
Нагадаем, індывідуальныя прадпрымальнікі крытыкуюць праект указа «Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі». У прыватнасці, яны просяць не ўводзіць норму аб абавязковых суправаджальных дакументах для ІП, бо на сёння гэта невыканальнае патрабаванне.