Не захочуць студэнты набываць квіткі на гульні хакейнай зборнай Казахстана, прымушаць нікога не будуць — абяцаюць чыноўнікі.

«Ёсць папера, якая інфармуе рэктараў ВНУ, што ёсць квіткі на чэмпіянат, прапануюць набываць. А хто захоча, хто не — гэта справа кожнай ВНУ», — расказваюць Еўрарадыё у Міністэрстве адукацыі.

Квіткі абяцаюць на паўфіналы, а вось наконт фіналу сказаць не могуць. Раней tut.by паведаміў, што Мінадукацыі падрыхтавала «план па запаўненні месцаў на чэмпіянаце», каб нятопавыя каманды не гулялі пры пустых трыбунах.

Звяртаемся за квіткамі ў прафкамы універсітэтаў. Тут нам адразу абяцаюць Чэхію за 50 тысяч рублёў!

«Квіткі будуць закупляць, але пакуль іх няма. Цяпер заключаюцца дамовы. Каштуюць 50 тысяч рублёў. Не ведаю на якія матчы, але рэктар абяцаў і на Чэхію, і на Расію, і на Беларусь. Яны будуць, можа, праз факультэты распрадавацца», — расказваюць у прафкаме БДУ. Прымусова абяцаюць не заганяць.

Прафкам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта абяцае матчы, на якія застануцца квіткі.

«Універсітэт аплачвае палову кошту. Матчы тыя, на якія яшчэ ёсць квіткі, бо нешта ж ужо раскупілі», — тлумачаць мне ў прафкаме.

А раскупілі месцы на фінал і гульню Беларусь-ЗША, падлічваюць у Дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату.

«Квіткі ёсць на ўсе матчы, акрамя фіналу. На гульні з Расіяй і Беларуссю — на некаторыя матчы ёсць, але няма квіткоў на адкрыццё Беларусь-ЗША. Амаль усё прададзена на гульні з Расіяй, акрамя матча Расія-Казахстан», — падсумоўваюць у Дырэкцыі.

Але толькі на палову і на траціну запоўненыя месцы на гульні Казахстана, Італіі і Францыі. Кошт квіткоў ад 90 да 600 тысяч рублёў.

Ва Універсітэце фізкультуры мне самому нагадваюць, што яны месцяцца «недалёка ад арэны» і гатовыя на ўсё.

«Квіткі яшчэ не вымалі з продажу. Бліжэй да канца, то вядома, мы ж бліжэйшыя суседзі. Спадзяемся, нас не пакрыўдзяць», — кажуць у гэтай ВНУ.

На галоўнай пляцоўцы чэмпіянату, «Мінск-арэне», больш за 15 тысяч месцаў. І толькі ў адным БДУ навучаецца каля 40 тысяч студэнтаў. Усім не хопіць!

Чэмпіянат свету па хакеі, нагадаем, пройдзе ў Мінску з 9 па 25 траўня, у студэнтаў вакацый у гэты час не будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?