Касьцёл. Рэшткі… Засталіся адны вонкавыя сьцены, некалькі перагародак. Відовішча звонку сумнае, але як толькі трапляеш праз галоўны уваход у былую касьцёльную залю, то адразу ўяуляеш хараство і прыгажосьць, якія тут калісьці былі. На дзьвюх вокнах захаваліся краты, дзе‑нідзе засталіся рамы вакон, на уваходзе яшчэ вісіць правая палова брамы, у паветры нейкім цудам вясёлкай вісяць танюсенькія як павуціньне рэшткі дахавых скляпеньняў…

Але больш за усё уражвае скульптура Маці Божай, яна засталася зусім некранутай, над ёй толькі буслава гняздо, каваны крыж над былым дахам й наша сумнае ліцьвінскае неба… Пры гэтым увесь фасад касьцёлу ў драбінах куль й асколкаў можа з апошняй вайны, а можа з гвалту расейска‑бальшавіцкага 20‑х гадоў…

Вакол касьцёлу могілкі, ад могілкавай агароджы засталося 7‑8 мэтраў каменнага плыту ад вуліцы… Могілкі ўражваюць, нагадваюць сцэны з «Дзікага паляваньня», уражваюць даўніной пахаваньняў, пайшоўшымі у зямлю крыжамі ды помнікамі. Прадзіраючыся праз бэз ды іншы хмызьняк, якім парасьлі ўсё могілкі, разгортваючы ад помнікаў кучы сьмецьця, якім завалілі ўсю прастору вакол касьцёлу «благодарные потомки», заўважаешь даты пахаваньняў: 1833, 1810, 1795… Уражваюць прыгожыя, поўныя гонару і павагі імёны нашых продкау (ніякіх там Воваў, Дзімаў ці Сярожаў), яшчэ засталіся адзінкавыя рэшткі каваных агароджаў, уросшыя у зямлю, матэрял помнікау ня толькі з палёў — ёсьць нават белы італьянскі мармур, дзівіць якасьць працы майстоў — літары на вялікіх помніках ідэальныя, можна мець думку, што рабілі іх сучаснымі прыладмі, а не рукамі, але не…

Але, як і усё вакол, могілкі зьнікаюць, зарасцаюць хмызьняком і сьмецьцем, помнікі ўсе ў сьлядох гвалту, так нават з правага боку ад касьцёлу паверх магільных камянёу пакладзены асфальт і калісьці была зроблена пляцоўка. Мясцовыя жыхары цягнуць камяні помнікау дзеля гаспадарчых патрэб, а назад валяць тонны сьмецьця, на могілках пасуцца коні, каровы, куры…

Уладзіслаў Вепржыцкі. Фота аўтара.

Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі вас пачуюць!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0