ЦВК Украіны зарэгістраваў 23 кандыдаты ў прэзідэнты. Выбары маюць адбыцца 25 мая. Сярод кандыдатаў ёсць абсалютна розныя людзі. Паводле сённяшняга курса, 1 грыўня роўная 854 рублі.

Аляксандр Кліменка

Хто: Кіраўнік Народнай партыі Украіны. Быў дэпутатам Вярхоўнай Рады мінулага склікання ад блоку «Наша Украіна»

Адкуль: Мар’інка, Данецкая вобласць

Узрост: 48

Даходы: 247,4 тысячы грыўняў за 2013 год

Даходы сям’і: 1 млн 074 тыс. 545 грн.

Што патрэбна ведаць: На Кліменку двойчы заводзілася крымінальныя справы. Першы раз за падробку дакументаў, у другі – за растрату бюджтных сродкаў у асабліва буйных памерах.

Анатоль Грыцэнка

Хто: Лідар партыі Грамадзянская пазіцыя, дэпутат Вярхоўнай Рады ад «Бацькаўшчыны», былы міністр абароны Украіны

Адкуль: вёска Багачоўка Чаркаскай вобласці

Узрост: 56

Даходы: 438 тысяч грыўняў

Даходы сям’і: 1,121 мільёнаў грыўняў

Што патрэбна ведаць: Празаходніх поглядаў, за ўступленне Украіны ў НАТО, але не цяпер. Жанаты з журналісткай Юліяй Маставой, галоўнай рэдактаркай папулярнай газеты «Дзеркало тижня».

Андрэй Грыненка

Хто: бізнэсмэн, дагэтуль у палітыцы сябе не праяўляў

Адкуль: Харкаў

Узрост: 44

Даходы: 5,5 мільёнаў грыўняў

Даходы сям’і: 4,5 мільёны грыўняў

Што патрэбна ведаць: Праграмы не мае. Кажа, што хоча данесці да людзей «праўду аб тым, што адбываецца ва Украіне». Федэралізацыю Украіны не падтрымлівае.

Вадзім Рабіновіч

Хто: прадпрымальнік, прэзідэнт Усеўкраінскага яўрэйскага кангрэса

Адкуль: Харкаў

Узрост: 60

Даходы: 1 мільён грыўняў

Даходы сям’і: 252 тысячы грыўняў

Што патрэбна ведаць: Займаўся гандлем газу з Расіі, за эканамічныя злачынствы на нейкі час пазбаўляўся ўкраінскага грамадзянства. Быў уладальнікам футбольнага клуба «Арсенал» (Кіеў).

Валерый Канавалюк

Хто: Генеральны дырэктар «Цэнтра антыкрызісных праграм», эканаміст

Адкуль: Данецк

Узрост: 47

Даходы: 55 тысяч грыўняў

Даходы сям’і: 107 тысяч грыўняў

Што патрэбна ведаць: Тройчы быў дэпутатам Вярхоўнай Рады, дзе «абараняў інтарэсы данецкіх», колішні член Партыі рэгіёнаў.

Васіль Куйбіда

Хто: Лідар Народнага руху Украіны, былы мэр Львова, былы міністр рэгіянальнага развіцця

Адкуль: Нарадзіўся ў Комі АССР у сям’і ўкраінцаў

Узрост: 55

Даходы: 229 тысяч грыўняў

Даходы сям’і: адсутнічаюць

Што патрэбна ведаць: Аўтар больш за 150 матэрыялаў па матэматыцы, эканоміцы, будаўніцтву, правазнаўству. Заслужаны юрыст Украіны, аўтар пяці паэтычных зборнікаў. Кавалер ордэна Яраслава Мудрага за значны ўнёсак у дзяржаўнае будаўніцтва.

Васіль Цушко

Хто: Былы старшыня Антыманапольнага камітэта Украіны, былы міністр эканомікі, былы міністр унутраных справаў

Адкуль: вёска Надрэчнае Адэскай вобласці

Узрост: 51

Даходы: 176 тысяч грыўняў

Даходы сям’і: 2,6 мільёна грыўняў

Што патрэбна ведаць: Нарадзіўся ў малдаўскамоўнай вёсцы. Быў сябрам Сацыялістычнай партыі Украіны, выступаў за ўвядзення падатку на багацце. Пры Януковічу ўзначальваў Антыманапольны камітэт.

Уладзімір Саранаў

Хто: бізнэсовец

Адкуль: вёска Клаўдзіева-Тарасава Кіеўскай вобласці

Узрост: 49

Даходы: 14 тысяч грыўняў. Пры гэтым летась ён набыў сабе яхту за 3 мільёны грыўняў і Mercedes S.

Даходы сям’і: 125 тысяч грыўняў

Што патрэбна ведаць: Малавядомы кандыдат абяцае аднавіць у краіне «абсалютную справядлівасць», а таксама ліквідаваць дэпутацкую недатыкальнасць.

Дзмітрый Яраш

Хто: Лідар «Правага сектара»

Адкуль: Днепрадзяржынск

Узрост: 42

Даходы: 0 (ва ўласнасці кватэра 46,4 квадратных метра, а таксама машына Skoda Octavia 2009).

Даходы сям’і: 0 (ва ўласнасці кватэра 53,9 квадратных метры, а таксама машына Opel Astra 2006).

Што патрэбна ведаць: Лідар украінскіх нацыяналістаў. Доўгі час узначальваў патрыятычную арганізацыю «Трызуб». Цяпер выступае як галоўная страшылка на расійскіх тэлеканалах.

Зоран Шкірак

Хто: Былы дэпутат Кіеўскай гарадской рады

Адкуль: Ужгарад

Узрост: 43

Даходы: 0 (валодае кватэрай, а таксама двума аўтамабілямі)

Даходы сям’і: 0

Што патрэбна ведаць: Актыўны ўдзельнік кіеўскага Еўрамайдану.

Міхаіл Добкін

Хто: Былы губернатар Харкаўскай вобласці

Адкуль: Харкаў

Узрост: 44

Даходы: 21 мільён грыўняў

Даходы сям’і: 18 мільёнаў грыўняў

Што патрэбна ведаць: Харызматычны губернатар Харкаўшчыны выступае за ўнітарнасць Украіны, але за наданне рускай мове статус дзяржаўнай. Кандыдат на выбарах ад Партыі рэгіёнаў. Вялікую славу ў інтэрнэце набыў з відэа перадвыбарчага выступу, дзе не мог звязаць некалькі словаў, а таксама ўжываў шматлікую колькасць матаў. «У цябе твар нецікавы, табе грошай не дадуць», — вучыў яго памочнік, які з часам здабудзе пасаду мэра Харкава.

Наталля Каралеўская

Хто: Былы міністр сацыяльнай палітыкі, лідар партыі «Украіна – наперад!»

Адкуль: Луганская вобласць

Узрост: 38

Даходы: 191 тысяча грыўняў

Даходы сям’і: 1 мільён грыўняў

Што патрэбна ведаць: У 2004 годзе падчас апытання Каралеўскую назвалі «Лідар сярэдняга бізнэса года». Займала высокае месца ў спісе самых уплывовых жанчын Украіны (у 2010 – пятнаццатае). Багацце Каралеўскай ацэньваецца 235 мільёнаў даляраў. Аднойчы яна сказала, што з нацыяналістамі ёй не па дарозе, свае палітычныя погляды ідэнтыфікуе як сацыял-дэмакратычныя.

Мікалай Маламуж

Хто: Былы кіраўнік Службы замежнай выведкі Украіны

Адкуль: Чаркаская вобласць

Узрост: 58

Даходы: 313 тысяч грыўняў

Даходы сям’і: 2,771 мільёна грыўняў (з іх 2,564 мільёна — гэта спадчына, што атрымала жонка Маламужа).

Што патрэбна ведаць: Быў кіраўніком выведкі пры Юшчанку, а пры Януковічу — пазаштатным дарадцам.

Алег Ляшко

Хто: Лідар Радыкальнай партыі, народны дэпутат

Адкуль: Чарнігаў

Узрост: 41

Даходы: 195 тысяч грыўняў

Даходы сям’і: 0

Што патрэбна ведаць: Доўгі час працаваў журналістам. Актыўны ўдзельнік Майдану. Адзін з нямногіх украінскіх палітыкаў, хто ў сакавіку сёлета прысутнічаў у Крыме. У сваіх палітычных мэтах называе разрыў дыпламатычных адносін з Расіяй.

Украінскі Жырыноўскі, але ліберальнага толку.

Алег Цягнібок

Хто: лідар Усеўкраінскага аб’яднання «Свабода»

Адкуль: Львоў

Узрост: 45

Даходы: 243 тысячы грыўняў

Даходы сям’і: 59 тысяч грыўняў

Што патрэбна ведаць: Да з’яўлення «Правага сектара» лічыўся самым радыкальным палітыкам Украіны. Выступае за забарону камуністычнай ідэалогіі. Па адукацыі — доктар. У Расіі на Цягнібока заведзеная крымінальная справа за дачыненне да «банды, якая ваявала за чачэнскіх сепаратыстаў». Быў сярод тых лідараў апазіцыі, што ўзначальвалі перамовы з Януковічам.

Алег Цароў

Хто: Народны дэпутат ад Партыі рэгіёнаў

Адкуль: Днепрапятроўск

Узрост: 43

Даходы: 234 тысячы грыўняў

Даходы сям’і: шэсць кватэраў, дом, пяць зямельных участкаў

Што патрэбна ведаць: Быў актыўны праціўнікам Майдану. Прапаноўваў Службе бяспекі Украіны зрабіць персонамі нон грата вялікую колькасць замежных грамадзян, якія, на ягоную думку, фінансавалі Майдан. 18 лютага ў самым пачатку штурму гучна заявіў, што «цягам гадзіны Майдан будзе зачышчаны».

Вольга Багамолец

Хто: Лекарка, актывістка Майдана, дачка вядомага ўкраінскага акадэміка

Адкуль: Кіеў

Узрост: 48

Даходы: 3,3 мільёна грыўняў

Даходы сям’і: 1,1 мільёна грыўняў

Што патрэбна ведаць: Актыўна дапамагала ўдзельнікам Майдану медыцынскай дапамогай, яе называлі «лідарам медычнай сотні». Адмовілася заняць пасаду віцэ-прэм’ера па гуманітарных пытаннях. Сама родам са старажытнага рода Аліфяровічаў-Багамольцаў, які паходзіць з Віцебшчыны. Вядомая не толькі як доктарка-дэрматолаг, а і як выканаўца ўкраінскіх рамансаў. У яе чацвёра дзяцей.

Пятро Парашэнка

Хто: Заснавальнік карпарацыі Roshen, народны дэпутат, былы міністр замежных справаў

Адкуль: Болград Адэскай вобласці

Узрост: 48

Даходы: 52 мільёны грыўняў

Даходы сям’і: 52 тысячы грыўняў

Што патрэбна ведаць: Адзін з найбагацейшых людзей Украіны. Па версіі часопіса Forbes, ён займае 5-ае месца сярод мільярдэраў краіны і валодае 1,8 мільярда даляраў. Першы капітал зарабіў на пастаўках какава-бабоў. З’яўляецца ўласнік тэлекампаніі «5 канал». Яго кандыдатуру на выбарах падтрымаў баксёр Віталь Клічко. 

Пятро Сіманенка

Хто: Лідар Камуністычнай партыі Украіны

Адкуль: Данецк

Узрост: 61

Даходы: 314 тысяч грыўняў

Даходы сям’і: Маюць дзве кватэры

Што патрэбна ведаць: Ужо больш за 20 гадоў узначальвае ўкраінскіх камуністаў. Гэта ўжо чацвёртыя выбары, на якіх удзельнічае Сіманенка. У 1999 годзе заняў другое месца, за яго прагаласавала 37,8% выбарцаў. Выступае за нацыяналізацыю буйных прадпрыемстваў, а таксама за ўваходжанне Украіны ў Мытны саюз.

Рэнат Кузьмін

Хто: Былы першы намеснік генеральнага пракурора Украіны

Адкуль: Данецк

Узрост: 46

Даходы: 1,3 мільёна грыўняў (амаль 800 тысяч невядома адкуль)

Што патрэбна ведаць: Пад кіраўніцтвам Кузьміна былі накіраваныя ў суд справы Юліі Цімашэнкі, Юрыя Луцэнкі. Заводзіў крымінальную справу супраць былога прэзідэнта Леаніда Кучмы. Быў намеснікам славутага генпракурора Пшонкі, асабняк якога многіх здзівіў.

Сяргей Цігіпка

Хто: Народны дэпутат ад Партыі рэгіёнаў, былы віцэ-прэм’ер

Адкуль: Нарадзіўся ў Малдаўскай ССР

Узрост: 54

Даходы: 263 мільёны грыўняў

Даходы сям’і: 8,6 мільёна грыўняў

Што патрэбна ведаць: Па ацэнках часопіса Forbes, ягоны капітал складае 1,1 мільярда даляраў. Вядомы банкір. У 2004 узначальваў выбарчы штаб Віктара Януковіча. У 2010 самастойна ўдзельнічаў у выбарах, дзе заняў трэцяе месца з 13% галасоў, пазней падтрымаў Віктара Януковіча.

Юлія Цімашэнка

Хто: Былая прэм’ер-міністр, лідарка аб’яднання «Бацькаўшчына»

Адкуль: Днепрапятроўск

Узрост: 53

Даходы: 180 тысяч грыўняў

Што патрэбна ведаць: Даўно ў палітыцы. Была паплечніцай былога прэзідэнта Віктара Юшчанкі, прэм’ер-міністрам. У 2010 саступіла ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў Віктару Януковічу. У жніўні 2011 арыштаваная па «газавай справе». Асуджаная на 7 гадоў турэмнага зняволення. Вызваленая пасля перамогі Майдана. Уваходзіць у ТОП-100 самых багатых украінцаў.

Юрый Бойка

Хто: Былы віцэ-прэм’ер

Адкуль: Горлаўка, Данецкая вобласць

Даходы: 400 тысяч грыўняў

Даходы сям’і: 17 мільёнаў грыўняў

Што патрэбна ведаць: Герой Украіны (за выдатныя дасягненні ў развіцці паліўна-энергетычнага комплексу Украіны). Ва ўрадзе Азарава выконваў абавязкі віцэ-прэм’ера.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?