Настаяцель царквы Усіх Святых у Мінску добра знаёмы нават тым, хто не цікавіцца праваслаўем. Фёдар Поўны — часты госць на тэлебачанні. Ён жа побач са спартсменамі і прэзідэнтам на важных спаборніцтвах. Менавіта ў яго царкву Лукашэнка ў апошнія гады прыходзіць на вялікія святы.

Айцец Фёдар — тэлезорка. За свае нядзельныя пропаведзі ён атрымліваў «Тэлевяршыню»

Айцец Фёдар — тэлезорка. За свае нядзельныя пропаведзі ён атрымліваў «Тэлевяршыню»

«Наша Ніва» расказвае гісторыю жыцця Фёдара Поўнага — самага набліжанага да ўлады беларускага святара, які не хавае сваіх амбіцый і сувязяў з палітыкай.

Карані айца Фёдара

Пятро Поўны, бацька айца Фёдара, стаў святаром, яшчэ калі праваслаўе было фактычна пад забаронай, у 1950-­я гады. Яго згадваюць добрым словам у многіх гарадах і вёсках Гомельшчыны, дзе яму давялося служыць.

Але спачатку была вучоба ў Жыровіцкай семінарыі. Там Пятро і пазнаёміўся з харысткай Марыяй. Разам яны пражылі каля 40 гадоў.

Вясельнае фота Пятра і Марыя Поўных

Вясельнае фота Пятра і Марыя Поўных

Калі Поўны служыў у брагінскай вёсцы Сялец (а гэта быў адзіны храм на тэрыторыі трох суседніх раёнаў), у сям’і нарадзіўся першынец Фёдар. Адтуль у 1960 годзе святара перавялі ў вёску пад Гомелем. У Галовінцах ён адслужыў тры гады, пакуль царкву не закрылі — замест яе запрацаваў сельскі клуб.

Праз нейкі час айцец Пятро апынуўся ў Калінкавічах. Там закрылі адзіную ў горадзе царкву, але мясцовыя вернікі не здаліся. Яны выбілі-такі дазвол пабудаваць хаця б драўляны, з вясковай хаты, храм на ўскрайку горада.

Некалькі гадоў таму на месцы царквы пастаў новы цагляны храм. Фота globus.tut.by за 2004 год

Некалькі гадоў таму на месцы царквы пастаў новы цагляны храм. Фота globus.tut.by за 2004 год

«У 1964 годзе, калі мы дабудавалі царкву Успення Багародзіцы, сюды прыслалі сталага святара. А той кажа: нешта ў вас тут нават хору няма, я лепш з маладым памяняюся, — расказвае Юлія Грабеншчыкова (Тарашкевіч), якая некалькі дзесяцігоддзяў была ў царкве казначэем. — Вось айцец Пятро і прыехаў сюды. Стаялі адныя сцены. А ён і рамы ставіў, і іканастас рабіў — усю працу выканаў!»

Праўда, праз некалькі месяцаў Пятра зноў забралі бліжэй да Гомеля. І ён пачаў будаваць храм у вёсцы Яроміна.

Фота globus.tut.by

Фота globus.tut.by

А ў пачатку 1990­-х Пятро Поўны вярнуўся у Галовінцы, у вясковы драўляны храм, у якім служыў 30 гадоў таму.

Фота cerkov.ru

Фота cerkov.ru

Жахлівая смерць маці

Юлія Грабеншчыкова з прыемнасцю ўзгадвае айца Пятра. Нават пасля ягонага ад’езду яны падтрымлівалі сувязь. І калі ў Калінкавічы прыязджалі высокія чыны БПЦ, Юлія Міронаўна заўсёды дапамагала арганізаваць сустрэчу гасцей. Аднак у канцы 90­-х сувязь з Пятром Поўным на некаторы час была згублена. «Я яго доўга шукала: куды падзеўся Пятро Поўны?» — узгадвае яна.

Аказалася, што айцец Пятро прыняў пострыг і змяніў імя на Феадосій. Гэтаму папярэднічала трагічная гісторыя.

У ноч на 7 жніўня 1994 года двое злачынцаў залезлі ў гомельскі дом Поўных праз адчыненую фортку. Разлічвалі, што святар захоўвае дома грошы. Бандыты пырснулі гаспадарам у вочы газам з балончыка і пачалі збіваць, патрабуючы прызнацца, дзе схаваныя даляры. Нічога не дазнаўшыся, урэшце сышлі, прыхапіўшы з сабой сем іконаў.

Гаспадароў яны загарнулі ў дываны і звязалі. Пятро здолеў выбрацца жывым, а вось 63­-гадовая матушка Марыя загінула.

Экспертыза паказала, што яна памерла ад удушша… Жанчыну пахавалі на манастырскіх могілках у Жыровічах, на радзіме. Там застаўся і Пятро-­Феадосій.

Цяпер ён архімандрыт, духоўнік Свята­-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Узрост бярэ сваё, і шмат часу сыходзіць на лячэнне.

Браты Поўныя

Фёдар быў старэйшым сынам у сям’і. Два ягоныя браты таксама пайшлі па царкоўнай лініі.

Малодшы, протадыякан Павел, служыць у братавай царкве Усіх Святых і дапамагае Фёдару. Пазалетась яму ўручылі ордэн Кірылы Тураўскага — адну з найвышэйшых узнагарод Беларускай праваслаўнай царквы.

Сярэдні, Генадзь, заняўся навукова­-выкладчыцкай дзейнасцю. Яшчэ за савецкім часам ён стаў кандыдатам багаслоўя. Адзін з ягоных найбольш цытаваных артыкулаў — аб шкодзе стварэння аўтакефальных цэркваў. «Гэта можа выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах», — засцерагаў ён у 1990-­я. Цяпер Генадзь — дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі.

Генадзь Поўны

Генадзь Поўны

 Лётчык-­дызайнер-­сакратар

А вось сам Фёдар Поўны спыніўся на царкве не адразу. Ягоная душа прагнула палёту ў прамым і пераносным значэнні слова. «У 8­-м класе думаў з’ехаць вучыцца ў Чарнігаўскае ваенна­-авіяцыйнае вучылішча», — прызнаваўся ён. Але не адпусціла маці.

Па адукацыі Фёдар — дызайнер, адвучыўся на адпаведным факультэце Акадэміі мастацтваў (тады Тэатральна-мастацкі інстытут). Але пасля службы ў войску вырашыў пайсці па бацькавым шляху — у праваслаўе.

Падчас вучобы ў Маскоўскай духоўнай акадэміі Поўны сышоўся з мінскім мітрапалітам Філарэтам, які быў яшчэ і старшынёй Аддзела замежных царкоўных сувязяў, і патрыяршым экзархам Заходняй Еўропы. Фёдар стаў ягоным асабістым сакратаром.

Фёдар Поўны з патрыярхам Кірылам і старшынём Мінгарвыканама Мікалаем Ладуцькам.

Фёдар Поўны з патрыярхам Кірылам і старшынём Мінгарвыканама Мікалаем Ладуцькам.

Менш чым праз год пасля пасвячэння ў святары яго адправілі служыць у Германію. Поўнаму было ўсяго 27 гадоў — самы малады савецкі святар, накіраваны за мяжу!

Многія даследчыкі рэлігіі пісалі, што ў савецкі час сакратарамі старшыні Аддзела замежных царкоўных сувязяў працавалі выключна супрацоўнікі спецслужбаў. Гэтаксама і святарамі за мяжу накіроўвалі толькі людзей, звязаных з КДБ. Вядома, дакументы пра гэта застаюцца закрытымі, таму з пэўнасцю нічога сцвярджаць няможна.

Калега стаў зяцем

Закінуць слова за Фёдара мог і яшчэ адзін уплывовы беларускі святар — Іаан Харашэвіч. Ён адказваў за прыём замежных гасцей у мінскай епархіі, а раней паспеў паслужыць у Алма­Аце, на Каспіі і ўрэшце разам з сям’ёй быў закінуты ў Германію.

Цесць — Іаан Харашэвіч

Цесць — Іаан Харашэвіч

Ягоны сын Уладзімір адвучыўся на медыка, а пасля таксама пайшоў у святары. Была яшчэ і дачка Алена.

Калі Іаан разам з дачкой прыйшоў на сустрэчу з Філарэтам і ягоным сакратаром Фёдарам, мітрапаліт адразу вызначыў: «Добрая жонка будзе!». Прароцтва спраўдзілася і Фёдар з Аленай пабраліся шлюбам. Жонка ў Поўнага — журналістка, працавала на радыё, а да нядаўняга часу была намеснікам дырэктара холдынга «Мінск-­Навіны». Цікава, што падпісвалася яна дзявочым прозвішчам.

 Перабудова і вяртанне

У сярэдзіне 1987 года Філарэт і Харашэвіч адправілі маладога святара далей ад беларускай радыяцыі. Служыць ён стаў у Храме-помніку рускай славы ў Лейпцыгу. Маладая жонка Алена адчувала тут сябе як дома — у той самай царкве сем гадоў служыў яе тата. Неўзабаве ў сям’і нарадзілася дачка, яе таксама назвалі Аленай. «Дзетак праз Чарнобыль больш не было», — лаканічна заўважаў Фёдар у інтэрв’ю.

Свята-Аляксееўскі храм-помнік Рускай славы ў Лейпцыгу

Свята-Аляксееўскі храм-помнік Рускай славы ў Лейпцыгу

Як і разлічваў Філарэт, спрытны святар заняўся актыўнай грамадскай дзейнасцю. Пры ягонай дапамозе на аздараўленне вывозіліся сотні, калі не тысячы беларускіх дзяцей, пацярпелых ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. А сам Поўны атрымаў досвед і сувязі, якія дапамаглі яму ў будучыні.

У канцы 1980-­х адбылася сустрэча Міхаіла Гарбачова і патрыярха Пімена, прымеркаваная да 1000­-годдзя хрышчэння Русі. Пасля яе ціск на рэлігію зменшыўся, праваслаўныя атрымалі дазвол на адкрыццё новых храмаў. У Мінску вернікам спачатку была перада­дзеная царква Марыі-Магдалены, у якой апошнія дзесяцігоддзі знаходзіўся кінаархіў.

Філарэт прызначыў настаяцелем цесця Поўнага, Іаана Харашэвіча. «Галоўнай святыняй храма з’яўляецца часціца мошчаў Марыі­-Магдалены, якую перадаў зяць», — прызнаваўся святар. Разам з ім храм аднаўляў сын Уладзімір. Цяпер Харашэвіч­-малодшы — протаіерэй у бацькавай царкве.

А неўзабаве магчымасць пабудаваць «сваю» царкву атрымаў і Фёдар.

У 1991 годзе Філарэт расказаў яму, што праваслаўнай царкве выдзелілі два новыя ўчасткі пад будаўніцтва ў Мінску — на вуліцах Прытыцкага і Каліноўскага. І прапанаваў Фёдару вяртацца з Лейпцыга і ўзяцца за стварэнне храма Усіх Святых. Поўны пагадзіўся, хоць меў у Германіі від на жыхарства.

Бізнэс­-праекты

Што праўда, будоўля пачалася няхутка, а ішла яшчэ марудней. То не было грошай, пакуль не дапамагла дзяржава, то настаяцеля займалі іншыя клопаты.

Тым больш ён заставаўся ў Германіі. З Лейпцыга ён канчаткова вярнуўся толькі ў самым канцы 1994 года.

Тады якраз грымела гучная справа — дзейнасць кампаніі «Дыяконія», створанай пры Беларускім экзархаце.

За кошт вызвалення ад падаткаў і збораў бізнэс быў надзвычай паспяховым.

Праз «Дыяконію» ў Беларусь прыплывалі бясконцыя партыі тавараў. Адным з асноўных накірункаў дзейнасці кампаніі быў імпарт дарагога алкаголю.

Яшчэ адным паспяховым бізнэс­-праектам Фёдара Поўнага, які ўзначаліў аддзел знешніх сувязяў БПЦ, стала будаўніцтва Дома міласэрнасці. Ідэяй стварэння сацыяльнага цэнтра ён шчыльна заняўся па вяртанні з Германіі.

 Медцэнтр з гатэлем

Дзякуючы ягоным і Філарэтавым сувязям, у краіну з размахам пацякла гуманітарная дапамога. Дзякуючы ёй, у 2002 годзе Дом міласэрнасці запрацаваў.

У першапачатковую задуму час унёс змены. «Дом міласэрнасці дапамагае ўсім», — заяўляў Фёдар Поўны.

А пасля ўдакладняў, што некаторыя катэгорыі насельніцтва яго не цікавяць: «Гэта не ўстанова для састарэлых. Бяздомных і дармаедаў тут не заахвочваюць».

Што Дом міласэрнасці ўяўляе сабой цяпер? Перадусім, нятанны прыватны медыцынскі цэнтр. Тэхнікі, падоранай замежнікамі, хапіла з лішкам.

Патрыярх Аляксей ІІ, які курыраваў будоўлю, напрыклад, падарыў стаматалагічны кабінет. Хірургія, касметалогія, стаматалогія, дыягностыка, догляд і рэабілітацыя хворых — усё гэта працуе на высокім узроўні, але і па адпаведных рынкавых цэнах.

Прыйсці ў Дом міласэрнасці і проста папрасіць міласэрнасці ў вас не выйдзе.

Ёсць тут і «Мітрапалітава гасціная». Іншымі словамі — невялікі гатэль, які па сваіх характарыстыках адпавядае тром ці чатыром зоркам камфорту. Чаго варты хаця б падагрэў падлогі ў кожным з нумароў. Што праўда, цэны дэмакратычныя. За ноч на дваіх у двухузроўневых апартаментах павышанай камфортнасці трэба заплаціць усяго $90. Напрыклад, у трохзоркавай «Планеце» самы танны нумар для дваіх каштуе $140.

Апроч таго, у Доме міласэрнасці працуюць майстэрні па вырабе адзення для святароў, ладзяцца разнастайныя рэлігійныя сустрэчы, сюды прыязджаюць праваслаўныя дэлегацыі з усяго свету. Дый «дары вешчуноў» Фёдар Поўны прывёз менавіта сюды.

 Прыдворны святар

А што ж Усіхсвяцкая царква, дзеля якой айца Фёдара і заклікалі вярнуцца назад? У адным з самых велічных храмаў Мінска дагэтуль вядуцца апошнія аздабленчыя работы. Аднак нават у няскончаным выглядзе яе штогод на Раство наведвае Аляксандр Лукашэнка. Адметна, што ў царкве Фёдара Поўнага ён з’яўляецца часцей, чым у астатніх храмах.

Блізкасць да кіраўніка дзяржавы дапамагала протаіерэю і ў іншых яго справах.

Фёдар Поўны не хавае, што на момант адкрыцця Дома міласэрнасці не было ніякіх юрыдычных падстаў для яго існавання. Царква не мела права займацца падобнай дзейнасцю, але на гэта заплюшчылі вочы.

А пасля адкрыцця цэнтра протаіерэй нечакана даведаўся, што мусіць плаціць падатак на зямлю, што зусім не ўваходзіла ў яго планы. Але падатак удалося адмяніць.

Ці праўда, што Фёдар хрысціў Колю Лукашэнку? Святар не пацвярджае, але і не абвяргае: «Духоўныя моманты не афішуюцца».

Палітычная і рэлігійная кар’ера

Імя Фёдара Поўнага называлася ў ліку імаверных кандыдатаў на месца мітрапаліта Філарэта. Прычым яму б не перашкодзілі ні статус «белага духавенства», ні жонка з дачкой. Паводле праваслаўных канонаў, ён мог сысці разам з жонкай у манахі (стаць «чорным духавенствам»), і паўналетняя дачка не бралася б пад увагу. У любым выпадку Масква прызначыла новым мітрапалітам Паўла (Георгія Панамарова), і дыскусія наконт перспектыў Фёдара адклалася на нявызначаны тэрмін.

Вось толькі большасць святароў недалюбліваюць Фёдара. Хтосьці за публічнасць, хтосьці — за прывілеі, атрыманыя ад улады. Дый у самога Поўнага амбіцыі не толькі рэлігійныя, але і палітычныя.

У 2008 святар меціў у сенатары. Аднак пасля сустрэчы з патрыярхам Аляксеем ІІ прынёс заяву ў ЦВК, што ён больш не хоча быць абраным у савет рэспублікі, паколькі не атрымаў дабраславення.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2010 Фёдар Поўны таксама выказаў сваю пазіцыю. Пасля таго, як старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына дэманстратыўна пакінула студыю ток-­шоу «Выбар», ратаваць сітуацыю ўзяўся айцец Фёдар. «Тое, што адбываецца там, гэта страшна, — расказваў ён пра Плошчу. — Там правіць не дэмакратыя, а зусім іншыя сілы».

Глядзець з 1:46

Не абышлося без Фёдара Поўнага і на Алімпіядзе ў Сочы. Ён быў адным з «заўзятараў у шкарпэтках», якія на чале з Лукашэнкам сустракалі ў «доме прэзідэнта» Дар’ю Домрачаву. Айцец Фёдар Поўны не падкідаў чэмпіёнку, сарамліва стоячы ўбаку. Затое падчас «чаяпіцця» не ўпусціў магчымасці падняць келіх віна і прамовіць тост: «Хачу павіншаваць нашага прэзідэнта, які так хваляваўся. Я быў сведкам гэтых хваляванняў і недзе нават адважыўся сказаць Аляксандру Рыгоравічу, што вы патрэбныя не толькі спорту, але і краіне».

Глядзець з 4:50

***

Протаіерэй Фёдар Поўны

Нарадзіўся ў 1959 у Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Вучыўся ў Мінскім тэатральна­-мастацкім інстытуце. Пасля службы ў войску вучыўся ў маскоўскіх духоўных школах. Быў асабістым сакратаром Філарэта.

Служыў у Мінскім кафедральным саборы (1986—­1987), Храме­помніку рускай славы ў Лейпцыгу (1987­—1994). Пасля вяртання ў Мінск заняўся будаўніцтвам храма Усіх Святых і Дома міласэрнасці. Жанаты, мае дачку.

Усіхсвяцкая царква з помнікам Аляксею ІІ на ўваходзе — самы пампезны храм Мінска.

* * *

Святар у Драздах

Фёдар Поўны — адзіны прадстаўнік царквы, які атрымаў запрашэнне пасяліцца ў Драздах, звышэлітным квартале для чыноўнікаў і бізнэсменаў.

Святар расказваў, што браў крэдыт на будаўніцтва. Цяпер яму належыць 15 сотак, а на іх — невялікі двухпавярховы катэдж. Сярод суседзяў яго вылучае ікона на фасадзе.

Але гэта не ўся нерухомасць Поўных. Даўным-­даўно сям’я (Фёдар і браты) атрымала ажно тры кватэры ў прэстыжным доме па вуліцы Старажоўскай, на ўзбярэжжы Свіслачы. Гэта той самы дом, да якога Юрый Чыж прыбудаваў свой гмах «Ля Траецкага».

Чатырохпакаёўка засталася дачцэ Фёдара Поўнага, яшчэ адна кватэра запісаная на самога святара. А трэцюю кватэру протаіерэй у сярэдзіне 2000-­х гадоў у прадаў за гіганцкія на той час $115 тысяч дачцэ Уладзіміра Пефціева (невядома, ці таго самага мільянера).

* * *

Правілы жыцця Фёдара Поўнага

  • Я бачыў, колькі ў Лондан (на Алімпіяду — «НН») панаехала ўсякіх ведзьмакоў і іншай поскудзі. На мне заўсёды быў крыж з 33 часціцамі святых мошчаў, схаваны ад вачэй. Як жа адчувалі яго гэтыя людзі, часам проста кідаліся ўбок.
  • Калі на самалёце лячу, у мяне ў навушніках гучыць Псалтыр або Акафіст свяціцелю Мікалаю. Гэта значыць, увесь маршрут фактычна асвячаецца малітвай.
  • І горныя лыжы вельмі люблю. Пакуль падымешся на гару, усхваліш Творцу за навакольную прыгажосць. А потым трошкі задавальнення атрымаеш. Самая вялікая хуткасць, якую засек па навігатары, — 123 км/г.
  • Многае залежыць ад таго, як чалавек першы раз увойдзе ў храм і хто яго там сустрэне. Часта бывае, калі звычайны свецкі чалавек пачынае павучаць таго, хто робіць першыя крокі ў храм, — і ў нашай парафіі гэта вельмі рэзка спыняецца.
  • Як ты павінен жыць, як павінен рабіць — не нейкія органы кантролю, не Дзяржкантроль вызначае, а сам Бог у цябе самы галоўны кантралёр.
  • Прыходзіць жонка з царквы, а муж ляжыць на канапе каля тэлевізара побач з гарой недакуркаў. Не трэба пачынаць яго пілаваць: «Ах, такі­-сякі». Хай ён твой боль, твой клопат, але прынясі яму з храма пасху, падыдзі да яго з радасцю — і ён безабаронны.
  • Можна гэтак выпукліць жывот, распушыць бараду, пальцы па­крутому растапырыць: «Я будую храм!» А можа быць зусім іншая ўнутраная настроенасць: «Мне Госпад даверыў такую справу. Якая ж мера маёй адказнасці!» І тады самая галоўная служба кантролю — тваё сумленне.
  • Ну паехаў прэзідэнт з малым да Папы. Не трэба ж з гэтага рабіць шоу. А хто робіць? Ён? Не! Гэта робяць тыя, хто здымае, фатаграфуе і піша.
  • Многія (напрыклад, нашы апазіцыянеры) пакутуюць на тое, што крытыкуюць людзей навокал. Але гэта ж самае простае! А вы вазьміце і пакажыце супрацьлеглы прыклад.
  • Я з усімі добра знаёмы і з усімі маю шчырыя адносіны. З нашым прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам у тым ліку.
Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?