Беларусь прапанавала Расеі сумесна будаваць новую чаргу газаправоду Ямал‑Эўропа. «Газпрам» гатовы скарыстацца ёй дзеля ціску на Ўкраіну.

У мінулую пятніцу міністар энэргетыкі Беларусі Аляксандар Азярэц паведаміў пра падрыхтаваны беларускім урадам зварот да расейскага прэм’ер‑міністра з прапановай разгледзець праект пабудовы другой чаргі газаправоду Ямал‑Эўропа ў абыход Украіны, паведамляе ўкраінскі «Коммерсант». Паводле праекту прапускная здольнасьць гэтага газаправода можа быць супастаўнай зь першай ніткай газаправода Nord Stream (27,5 млрд куб. м), а сам праект будзе таньнейшым. У выпадку рэалізацыі праекту, будаўніцтва адбудзецца ў два этапы: пабудова газаправоду ад кампрэсарнай станцыі «Нясьвіж» да мяжы з Польшчай, затым, пасьля супастаўленьня патрэбы газу ў Эўропе і магчымасьцяў яго здабычы ў Расеі, працяг ніткі газаправоду да расейскай тэрыторыі.

Расейскі бок пакуль не сьпяшаецца прыняць прапанову Беларусі: бо ў выніку ўвядзеньня Эўрасаюзам новых павілаў ў энэргапалітыцы «Газпрам» можа старціць кантроль над дзеючым газаправодам Ямал‑Эўропа на тэрыторыі Польшчы. Нагадаем, што беларускі бок ужо прапаноўваў

Расеі вярнуцца да плянаў пабудовы другога адгалінаваньня трубаправоду, прапануючы ў абмен бясплатны транзыт газу цягам пяці год. Тады паведамлялася, што гэты варыянт ня быў уключаны ў інвэст‑праграму 2008 г. «Газпраму» праз адсутнасьць чаканага падвышэньня аб’ёму закупак газу Польшчай.

Аднак прапанову беларускага ўраду «Газпрам» гатовы скарыстаць, каб прымусіць Украіну перадаць сваю газатранспартную сыстэму ў кіраваньне ўтворанаму ў 2001 г. кансорцыюму. Дадзеная пазыцыя будзе даведзеная да ўкраінскага ўраду цягам наступных перамоваў наконт цэнаў на газ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?