У часе інтэрв'ю Якаў Валянцінавіч дастаў і паказаў разліковы лісток. Прызнаюся, у мяне быў шок — асабліва зважаючы на рэгаліі і рэпутацыю гэтага шаноўнага навукоўца. Прафесар, доктар навук, загадчык кафедры, лаўрэат дзяржпрэміі, член-карэспандэнт Акадэміі навук…
А ўвогуле інтэрв'ю было не з гэтай нагоды.
11 красавіка Якаў Радына прачытае публічную лекцыю «Поспехі і крызісы матэматыкі» ў межах цыкла Urbi et Orbi («Гораду і свету») Лятучага ўніверсітэта і Міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь». Пачатак у 18.30, месца — Галерэя «Ў» (Незалежнасці, 37а, метро Плошча Перамогі). Уваход вольны!
Спадар Якаў абяцае, што на лекцыі «не будзе ніводнай формулы» – і яна будзе цікавая нават далёкім ад матэматыкі людзям. Пэўна, што так яно і будзе. Гутарка ж напярэдадні лекцыі можа быць цікавай, бадай, для кожнага чытача. Бо сталася яна не толькі і не столькі пра поспехі і крызісы матэматыкі…
«Нельга знайсці цагліну золата. Калі нехта шукае самародкі – то не будзе мець золата, бо золата мыюць, ашчадна збіраюць…»
— Спадар Якаў, тэма лекцыі – «Поспехі і крызісы матэматыкі» – гучыць проста ўсёабдымна. Нібыта лекцыя пра Космас! Як вы плануеце змясціць выклад такой тэмы ў адну гадзіну?
— Мяркую, што буду казаць толькі пра самыя асноўныя вехі, якія адбыліся ў матэматыцы, куды яна далей ідзе… Мяркую, што гэта за гадзіну раскажу – а калі не раскажу, то нешта застанецца на другую лекцыю (усміхаецца).
— Ці будзеце казаць пра тое, наколькі беларуская матэматычная навука звязаная з еўрапейскай ды сусветнай, ці не адстаем мы?
— Я зусім пра гэта не буду расказваць – ні пра беларускую, ні пра расейскую, ні пра польскую… Хоць мог бы. Толькі пра асноўныя вехі сусветнай матэматыкі! Таму што даваць нейкія ацэнкі… Не хачу.
— Добра, калі не будзеце казаць на лекцыі, то спытаю ў вас, як у спецыяліста, гэта проста цяпер: на якім узроўні знаходзіцца сёння матэматыка ў Беларусі?
— (Доўгая паўза) Вось тут у панядзелак, 30 сакавіка, было паседжанне ў Акадэміі навук – разам з прэзідэнтам краіны, прэм'ер-міністрам, увесь урад сядзеў… Абмяркоўвалі становішча навукі ў Беларусі, і як яго палепшыць… І там неаднойчы прагучала, што ў моладзі няма цікавасці, няма матывацыі… А чаму няма? Прыбіральшчыца ў вялікай краме – безумоўна, гэта патрэбная прафесія – яна атрымлівае больш за прафесара ўніверсітэта.
— Дык справа толькі ў грашах?
— Не толькі. Але калі мой сусед-дальнабойшчык атрымлівае ў разы болей, чым я… Якая цікавасць маладому чалавеку ісці сюды? Такі чалавек, які захапляецца фізікай, матэматыкай – спачатку думае, што будзе вялікім навукоўцам… А пасля ён бачыць, што нічога не заробіць.
— З боку ўладаў неаднойчы гучалі контраргументы: дайце нам вялікія адкрыцці, распрацоўкі, навацыі – і мы вас азалацім. Як з пісьменнікамі – «прынясіце «Вайну і мір»…
— На згаданым паседжанні былі вельмі талковыя выступленні і Шымава, і Сямашкі, і Радзькова. Прэзідэнт казаў: канечне, не ўсе робяць адкрыцці, але дайце нам алмаз – і мы з яго зробім дыямент. Але нельга ўзяць і прынесці вялікую цагліну золата. Калі нехта шукае самародкі – то не будзе мець золата, бо золата мыюць, ашчадна збіраюць… Дацэнты, прафесары матэматыкі, фізікі – безумоўна, не ўсе робяць адкрыцці! Але ж гэта ўзровень навукі! Напрыклад, у Амерыцы цяпер самая высокааплатная прафесія – гэта інжынер. А хто гэтага інжынера будзе вучыць матэматыцы? Толькі матэматык адпаведнага ўзроўню – а не той, хто ведае табліцу множання і пару формул. Грыбы не збіраюць на асфальце, яны растуць у лесе! Патрэбны ўдзел у семінарах, канферэнцыях – бо чалавек не можа адзін усё прачытаць і даведацца, патрэбны абмеркаванні, даклады, сумесныя пошукі. Часам чытаеш – і думаеш: як жа ён да гэтага дадумаўся? А на канферэнцыі можна падыйсці і спытаць!
«Аклад 3,3 мільёна, з усімі надбаўкамі атрымліваю на рукі 4 мільёны 820 тысяч»
— Якаў Валянцінавіч, даруйце за правакацыйную аналогію: хакей. Укідваюцца мільёны даляраў – а вынікі смешныя. Тут так не будзе, калі пачаць годна фінансаваць навуку? Маем патэнцыял?
— Опа!.. Я таксама чамусьці часам думаю пра хакей… Без трэнераў ніхто нічога не зробіць. А тут – без прафесараў. Алмаз у матэматыцы нельга знайсці абы-дзе – яго можна толькі выгадаваць ва ўніверсітэцкай аўдыторыі, пры наяўнасці высокакласных настаўнікаў. Я нядаўна прачытаў класнае параўнанне аднаго расейскага матэматыка, які падрахаваў, што кошт аднаго танка дазволіць цэлы год плаціць грошы ўсім расейскім матэматыкам. У нас – тое самае. Дайце нам хоць трошкі грошай – каб у моладзі была зацікаўленасць! Матэматыкаў – і ўвогуле навукоўцаў – не так шмат, тут не вядзецца пра астранамічныя сумы!
— Спадар Якаў, раз ужо вы не першы раз кажаце пра праблему галечы, то ці сакрэт: колькі вы зарабляеце?
— Не, не сакрэт! (дастае з партфеля разліковы лісток) Вось, глядзіце… Аклад – 3 мільёна 300 тысяч. Так, тут усякія прэміі, надбаўкі, тут падаткі, адлічэнні… А, вось сума, якая выдаецца на рукі: 4 мільёны 820 тысяч.
— Спадар Якаў, тут самы час нагадаць вашыя рэгаліі…
— Член-карэспандэнт Акадэміі навук, лаўрэат дзяржпрэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі, прафесар БДУ, ганаровы прафесар Гарадзенскага і Брэсцкага ўніверсітэтаў, запрошаны прафесар некаторых замежных універсітэтаў, ужо 39 гадоў загадчык кафедры функцыянальнага аналізу ў БДУ…
— Калі такі заслужаны чалавек, як вы, не мае нават 500 даляраў, што ж маюць маладыя спецыялісты?
— А нічога не маюць! Аспірант атрымлівае стыпендыі больш, чым ён, як абароніцца, будзе атрымліваць ужо на працы. Пры такой сітуацыі чым можна прывабіць моладзь у навуку? Таму ў нас усе ўжо з трэцяга курса ідуць у праграмісты – і атрымліваюць, безумоўна, болей грошай, чым я… Дарэчы, тут яшчэ ёсць і іншы момант, на які звярнуў увагу і прэзідэнт на тым паседжанні. Ён спытаў: а колькі там людзей працуе ва ўсёй Акадэміі? Выявілася, што 17 тысяч чалавек. А колькі з іх займаюцца ўласна даследваннямі? 6 тысяч чалавек. Толькі траціна! А рэшта, 11 тысяч – гэта чыноўнікі, якія паперкі перакладаюць! Паглядзіце, у нас ва ўніверсітэце: тры корпусы набітыя гэтымі чыноўнікамі! А потым нам на Радзе ўніверсітэта расказваюць, што сярэдні заробак – 800 даляраў, ці колькі там. Я кажу: дык як жа так?! Калі я ніжэй сярэдняга заробку, то тады хто ўжо вышэй?! Безумоўна, чыноўнікі!
— Якія наступствы гэтага? Людзі сыходзяць у іншыя сферы? З'язджаюць за мяжу?..
— Хто хоча – той з'едзе. Хто не з'язджае – асноўная частка матэматыкаў ідзе ў праграмісты. Я б зрабіў па-іншаму. Хочаце быць праграмістамі – вось вам два гады, навучыліся на клавішы націскаць і рабіцеся праграмістамі. Нашто людзей столькі тут трымаць? Нашто ў нашай краіне ўвогуле столькі ўніверсітэтаў нарабілі? Баранавіцкі, Палескі, Мазырскі – і ніводнага прафесара! Але ж «універсітэт», нароўні з нашым. Як так? Іх жа не падцягнеш да нашага ўзроўню, лягчэй жа нас да іхнага апусціць…
— Якаў Валянцінавіч, дык якая сапраўдная сітуацыя, які рэальны ўзровень нашай навукі – у прыватнасці, матэматычнай – на тле ўсяго, што вы расказалі? Ці не ўсе разбегліся, ці ёсць каго заахвочваць?
— На маёй кафедры яшчэ не самая кепская сітуацыя, ёсць маладыя. Алег, якому 37 гадоў, збіраецца абараняць доктарскую. Жэнька – 32 гады…. А так жа ва ўніверсітэце сярэдні ўзрост прафесараў – 76 гадоў… Ведаеце, мяне запрашалі ў Ізраіль. Казалі: «Якаў Валянцінавіч, адно ваша слова – і заўтра ж вы маеце двухузроўневую кватэру ў цэнтры Тэль-Авіва і працу да самай смерці». Жонка плакала, хацела, каб мы ехалі… Але не магу я… Была магчымасць і ў Швейцарыі застацца… Не хачу.
— Таму што позна ўжо ўсё кідаць і зрывацца?
— Каб быў малады – і не думаў бы нават! І моладзь так часцей за ўсё і робіць. Мяне спыняла толькі тое, што калі перасадзіць вялікае дрэва, – вядома, што будзе.
«У Беларусі няма ніводнага матэматычнага часопіса»
— Назва лекцыі — «Поспехі і крызісы матэматыкі» – у цікавай форме ажывае ў вашых словах. З крызісамі, здаецца, усё ясна. А поспехі ёсць? Чым вымяраецца кваліфікацыя матэматыка?
— Натуральна, па публікацыях у навуковых часопісах, па кнігах. Фокус у тым, што ў Беларусі такіх часопісаў у галіне матэматыкі няма. Ніводнага. І ніколі не было, дарэчы. На гэта нам раяць: публікуйцеся ў замежных рэйтынгавых часопісах. То бок, варыянта стварыць свой і зрабіць яго рэйтынгавым няма. Напрыклад, у Літве ёсць «Літоўскі матэматычны часопіс», створаны яшчэ за савецкім часам. Яны яго захавалі пасля здабыцця незалежнасці – і не проста захавалі, а зрабілі рэйтынгавым, прэстыжным!
— Дзе ж вы з калегамі друкуецеся?
— «Веснік БДУ», «Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»… Усё! Далей ідуць замежныя часопісы, дзе нашыя матэматыкі, безумоўна, таксама друкуюцца.
— Шмат у нас матэматыкаў, якія «падтрымліваюць форму»?
— Усіх прафесараў матыматыкі ўвогуле пералічыць няцяжка – іх усяго некалькі дзясяткаў. Я заўжды кажу, што я – матэматык №2 у Беларусі. А хто №1? Такіх шмат. У асноўным прафесары матэматыкі засяроджаныя ў нас у БДУ ды ў Інстытуце матэматыкі… А, напрыклад, у педынстытуце, дзе я таксама выкладаю, свайго няма ніводнага.
«Будучыя настаўнікі матэматыкі атрымалі па гэтым прадмеце 10 балаў на тэставанні – і паступілі»
— Вы вучыце там будучых настаўнікаў матэматыкі?
— (Сумна ўсміхаецца, трымае доўгую паўзу) Жах. Ведаеце, калі максімум можна набраць на тэставанні 100 балаў, то перада мной сядзяць будучыя настаўнікі матэматыкі, якія атрымалі 10 балаў па гэтым прадмеце – і паступілі.
— Поўнае балота?
— Поўнае. З шасцідзесяці чалавек ёсць адзін талковы хлопец. Я не ведаю, чаму яны будуць вучыць дзяцей у школах…
— А гэты адзін як туды прыбіўся?
— Ведаеце, і мне зрабілася цікава!. Я стаў яго распытваць. Аказалася, ехаў падаваць заяву – і не ў тое метро выйшаў. А ўжо час падачы сканчаўся, хвіліны проста заставаліся. Кажа, не паспеў бы да БДУ дабегчы – і падаў у пед на матэматыку. (смяецца).
— Гэтая праблема, што праходзяць людзі з нізкімі «профільнымі» баламі з тэставання – як яе вырашыць?
— А адкуль яна ўзнікла? На Расію глядзелі. Карупцыю ва ўніверсітэтах выкаранялі. Разумееце, галоўныя карупцыянеры ў нас у ВНУ атабарыліся! Мы казалі: добра, калі вы так баіцеся, што мы тут будзем за хабары прымаць, давайце зробім іначай. Дазвольце нам правесці па ўсёй Беларусі алімпіяды і выбраць 200 ці нават 100 самых здольных у матэматыцы вучняў. А потым вы самі – каб мы карупцыю не разводзілі – з гэтых 100 адбераце нам 30. Па якіх хочаце прыкметах: па вазе, па росце, па колеры вачэй, па даўжыні ступні… Чаму так не зрабіць?.. Чаму не зрабіць так, як мы – спецыялісты ў матэматыцы – лічым найлепей?..
— Якаў Валянцінавіч, на фоне ўсяго расказанага можа і дзіўнае пытанне пры канцы: ці бачнае хоць трошачкі святло ў канцы тунэля?
— У мяне два сыны. Абодва матэматыкі, адзін на гэтым факультэце, другі на іншым. Я калісьці, як яны былі студэнтамі, казаў ім: «Вучыцеся, абараняйцеся. Ні пры якой уладзе прафесар не прападзе». Яны мне цяпер часта згадваюць гэтыя словы.
