Анатоль Лябедзька.
Сёння лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька правёў тэрміновую прэс-канферэнцыю. Падставай сталі прэтэнзіі да партыі з боку Міністэрства юстыцыі.
У лісце з Мінюста на адрас АГП сцвярджалася, што некаторыя актывісты партыі парушылі закон аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, арганізаваўшы акцыі, што не адносіліся да выбараў мясцовых дэпутатаў.
АГП адказала, што не прымала рашэнні аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, аднак ў лісце ад 1 красавіка Мінюст абвінаваціў партыю ў парушэнні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. У лісце паведамляецца, што «палітычная партыя можа быць ліквідавана паводле рашэння Вярхоўнага Суда за аднаразовае парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемcтвах».
Лябедзька расцаніў гэты ліст як вынясенне папярэджання дэ-факта.
«Я вымушаны заявіць: тое, што адбываецца ў адносінах да АГП з пачатку гэтага года, мы кваліфікуем не інакш як спецаперацыю, накіраваную на стварэнне перашкодаў у дасягненні мэтаў нашай дзейнасці. А апошнім часам у адрас АГП прагучалі і пагрозы аб ліквідацыі партыі.
Упершыню за 20 гадоў рэжыму Лукашэнкі мы сутыкнуліся з тым, што афіцыйна зарэгістраваных кандыдатаў і іх давераных асобаў не проста брутальна затрымліваюць, а прапускаюць праз адміністратыўныя працэсы і кідаюць за краты.
Па-другое, мы бачым, што такія дзеянні былі накіраваны выключна супраць АГП. Я магу спаслацца на намесніка начальніка РУУС Савецкага раёна, які адкрыта мне заявіў: «Вам што, больш за ўсіх трэба»? А затым ён пералічыў тэмы, якія не выклікаюць пытанняў.
Гэта значыць, што ў віну АГП паставілі пасланне, з якім партыя пайшла да выбарцаў, то бок патрабаванне сумленных і свабодных выбараў. Няма сумленных і свабодных выбараў — няма пераменаў, няма пераменаў — няма развіцця.
Нам ясна далі зразумець, што непрымальнымі з'яўляюцца тэма персоны Аляксандра Лукашэнкі, у звязку з ёй тэма карупцыі, тэма ўкраінскага Майдану — тое, да чаго можа давесці эканамічная і сацыяльная сітуацыя і ў Беларусі. Непрымальнымі ёсць тэма ЧС па хакеі, палітвязняў і скрадзеных беларускіх палітыкаў».
Лябедзька сказаў, што за ўсім гэтым стаіць «арганізатар усіх выбарчых кампаній у Беларусі — КДБ». У якасці пацвярджэння гэтага палітык прыгадаў, што 24 сакавіка Лукашэнка са справаздачай аб выніках выбараў дэпутатах мясцовых саветаў прыняў менавіта старшыню КДБ.
«А яшчэ калісьці начальнік КДБ Сухарэнка заявіў, што гэта «мы перамаглі на выбарах». Гэта нонсенс», — падкрэсліў Лябедзька.
Таксама Лябедзька засяродзіў увагу на словах Ярмошынай пра тое, што мясцовыя выбары былі «рэпетыцыяй прэзідэнцкіх».
Лябедзька дадаў, што ў святле вышэйназваных акалічнасцяў АГП у чацвер 10 красавіка правядзе палітычную раду, на якой будзе разглядацца пытанне аб правядзенні чарговага з'езда, а таксама аб стратэгіі дзейнасці партыі ў выпадку пазбаўлення юрыдычнай рэгістрацыі.
«Мы ставіліся да мясцовых выбараў як да лёгкай прагулкі.
Аднак бачыце, чым яна закончылася для нас, таму цяпер усё сур'ёзна. Калі яны лічаць, што пазбавіўшы нас юрыдычнага статусу, яны аслабляюць нашу палітычную структуру, то гэта вялікая палітчная памылка», — сказаў Лябедзька.
Што цікава, прамаўляў толькі лідар АГП, журналісты не задалі ніводнага пытання.