"Крэмль спрабуе пашырыць уплыў у кібэрпрасторы", — піша "Вашынгтан пост". (Хто не цураецца перакладу на імпэрскую мову :) — можа зірнуць вось тут.)

(с) connect.rin.ru

Калі коратка, то ў артыкуле абмаляваны захоп Сеціва ціхай сапай. У расейскіх кіроўных вярхоў дастаткова розуму (ці хітрасьці), каб ня трушчыць інтэрнэт-вольніцу абухом. І да халеры грошай. Пры такім, як у іх, сымбіёзе палітыкі зь бізнэсам можна проста купляць раскручаныя рэсурсы і папулярных блогераў. Што й робяць. А потым ідзе нібыта стыхійная хваля спрыяльнага для Крамля піяру.

Падчас знакамітага жнівеньскага візыту у "СБ" беларускі афіцыйны лідэр таксама паставіў задачу ідэалягічнай экспансіі ў Сеціва. Праўда, пакуль што зрухаў ня бачна. Калі не лічыць фрагмэнтарных спробаў асобных мэтраў дзяржаўнай журналістыкі акунуцца ў віртуальны інтэрактыў. Увогуле ж сайты дзяржаўных мэдыяў па-ранейшаму ўяўляюць сабой пераважна ўбогі пэйзаж. Не чуваць і пра нейкія новыя праекты. Нарэшце, не заўважна, каб якісьці рэсурс быў захоплены ціхай сапай.

Дарэчы, нейкая загадкавая цішыня суправаджае працу адмысловай групы ў справе "ўпарадкаваньня" айчыннага ўэб-сэгмэнту. Хаця было абвешчана, што вынікі акумуляваньня сусьветнага досьведу ў гэтай сфэры будуць прэзэнтаваныя ў сярэдзіне кастрычніка.

Зрэшты, гэта, можа, толькі мы з вамі ня ведаем? А каму трэба дык ужо ўсё і прэзэнтавалі…

Увогуле ж чуе сэрца, што мудрагеліць у справе кантраляваньня Сеціва айчыннае ідэалягічнае начальства ня стане. Нашто сушыць мазгі над нейкім хітрым і крэатыўным адлупам віртуальным "апам"? Ёсьць звыклая тэхналёгія, адпрацаваная на друкаваных СМІ: заціснуць так, каб хіба трохі дыхалі (на паказ Захаду). Тых, хто пад рукою, у дамэне BY, змусяць рэгістравацца (ужо фільтар!), а затым стануць мэтадычна браць на цугундар. Набор выхаваўчых сродкаў знаёмы: папярэджаньні, штрафы, а для самых непапраўных — "вышэйшая мера сацыяльнай абароны", то бок закрыцьцё. Тых жа, хто будзе партызаніць з-за мяжы, проста адсякуць.

Канешне, усё не заглушаць, але крыві стваральнікам незалежных праектаў папсуюць і часткова айчынную інтэрнэт-журналістыку маргіналізуюць.

Памятаеце, як у старой камэдыі: "Лёлік, але ж гэта неэстэтычна!" — "Затое танна, надзейна і практычна!".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?