Па словах Вольгі Філонавай, першы раз яна напісала Аўтуховічу, калі ўбачыла ў «Народнай волі» зварот «Павіншуйце палітвязняў з Новым годам» з адрасамі калоній. Яна напісала ўсім, але перапіска завязалася толькі са Змітром Дашкевічам, Паўлам Севярынцам і Мікалаем Аўтуховічам.
— У мяне шмат вольнага часу, я адзінокая пенсіянерка — што мне яшчэ рабіць? Падпрацоўваю дворнікам, таму нячаста апошнім часам выпадае пагутарыць з разумнымі людзьмі, – смяецца Вольга Філонава.
Аўтуховіч вызваліўся апошнім з усіх зняволеных, таму перапіска з ім была самай працяглай. Па словах жанчыны, кожны месяц яна атрымлівала па 2–3 лісты з-за кратаў.
У лістах Аўтуховіч цікавіўся палітычнымі і грамадскімі навінамі, якія адбываліся на волі. Сам ён пра свае праблемы не паведамляў. Пра непрыемнасці ў яго жанчына даведвалася не з лістоў, а са СМІ.
Вольга Філонава кажа, што Аўтуховіч — справядлівы і моцны, як камень, чалавек, са сфармаванымі жыццёвымі прынцыпамі, які нават цаной жыцця не збіраўся адступаць.
— Мне было цікава з ім перапісвацца, — кажа жанчына. — Ён добра аналізуе, шмат да чаго ў жыцці дайшоў сам. Мікалай — шматбаковая асоба.
Асабіста Аўтуховіча Вольга Філонава не ведае. У 2010 годзе, калі яго другі раз асудзілі (на 5 гадоў і 2 месяцы), жанчына ездзіла на паседжанне Вярхоўнага суда ў Мінску.
Вольга лічыць, што пасля вызвалення Аўтуховіча ім не трэба больш ліставацца ці сустракацца.
— Я падтрымлівала яго, калі ён меў абмежаваныя кантакты і яму патрэбна была падтрымка з волі. Цяпер жа Мікалаю трэба забыцца пра тое, што ён перажыў, каб і знаку ў думках пра былое не засталося, — кажа яна.
* * *
Мікалай Аўтуховіч, ветэран вайны ў Афганістане, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі і медалёў «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Займаўся бізнесам у Ваўкавыску. Барацьбіт з карупцыяй. У кастрычніку 2005 года быў арыштаваны па абвінавачванні ў нявыплаце падаткаў. Асуджаны на тры з паловай гады. У знак пратэсту галадаў 93 дні. Разам з шасцю палітвязнямі ў пачатку 2008 года вызвалены пад ціскам ЗША і Еўрасаюза.
У лютым 2009 года зноў арыштаваны. За перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі быў асуджаны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму. Абвінавачванне ў тэрарызме было знята дзякуючы 90 дням яго галадоўкі.
Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітвязнем, асуджаным за сваю актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй. У студзені 2012 года суд зрабіў больш жорсткімі ўмовы адбывання пакарання Аўтуховічу, прызнаўшы яго «злосным парушальнікам рэжыму».
