Украіна, якая спрабуе дамовіцца з расійскім газавым манапалістам «Газпромам» аб вяртанні цаны на газ на ўзроўні $268,5 за тысячу кубаметраў, на сённяшні дзень спыніла запампоўку расійскага газу ў свае падземныя сховішчы.
Пра гэта ў сераду перад пасяджэннем Кабінета міністраў заявіў міністр энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны Юрый Продан.
«Мы газ на сённяшні дзень не запампоўваем. У нас яшчэ ёсць час ажыццявіць адпаведную запампоўку», — сказаў Продан.
Таксама міністр адзначыў, што ўкраінскі бок не задавальняе тая цана на газ, якая была ўстаноўлена «Газпромам» з 1 красавіка, і Украіна будзе весці перамовы з расійскім бокам аб вяртанні старой цаны, якая была ў першым квартале 2014 года.