Як сцвярджаюць у спецслужбе, жыхар Херсонскай вобласці разам з узброенай групай планаваў захоп стратэгічных аб'ектаў, у прыватнасці Кахоўскай ГЭС.

«8 красавіка СБ Украіны затрымала жыхара Херсонскай вобласці 1960 г.н., які планаваў на чале ўзброенай групы ажыццявіць захоп стратэгічных аб'ектаў, у прыватнасці Кахоўскай ГЭС».

Як паведамляюць у СБУ, менавіта з гэтай мэтай зламыснік стварыў групу з ліку па-прарасійску настроеных жыхароў Херсоншчыны і пры садзейнічанні расійскага боку, праз сотніка так званай самаабароны Крыма, рыхтаваўся атрымаць аўтаматычную зброю.

«Высветлена, што ўказаны грамадзянін, сістэматычна выконваючы заданні ваеннай разведкі РФ, збіраў і перадаваў сваім куратарам у АР Крым інфармацыю аб месцах дыслакацыі і перасоўванняў падраздзяленняў Узброеных Сіл Украіны ў Херсонскай вобласці», — сцвярджаюць у спецслужбе.

Цяпер робяцца ўсе крокі для затрымання ўсіх удзельнікаў дыверсійнай групы.

Нагадаем, 5 красавіка СБУ паведаміла аб затрыманні расійца, які спрабаваў перасекчы дзяржаўную мяжу для арганізацыі і каардынацыі прарасійскіх акцый у Луганску.

У паведамленні адзначаецца, што Раман Банных «1985 г.н., зарэгістраваны па адрасе в/ч 13204, якая ўваходзіць у склад ГРУ Генштаба ВС Расійскай Федэрацыі, непасрэдна арганізоўваў і каардынаваў з тэрыторыі РФ працу дыверсійнай групы, якая дзейнічала ва Украіне».

Служба бяспекі Украіны выклала запіс перамоваў, на якіх, як мяркуецца, Банных з удзельнікамі дыверсійнай групы абмяркоўвае сітуацыю ў рэгіёне.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?