Кошт аднаго новага электроннага кампосцера ў грамадскім транспарце сталіцы складае 7,206 млн рублёў, або 727 даляраў па курсе нацыянальнага банка. Такая сума атрымліваецца ў выніку простых арыфметычных дзеянняў з лічбамі, якія знаходзім у тэндарнай дакументацыі (1730 штук за прыкладна 12,5 млрд рублёў) на сайце дзяржзакупак, і ў выніковым пратаколе працэдуры. 

«На месцы сучасных кампосцераў маглі размясціць планшэтныя кампутары фірмы Apple, і «Мінсктранс» зэканоміў бы», — сказаў у эфіры праграмы «Амплітуда» пра дзяржзакупкі кіраўнік праекта «Сродкі урада» у рамках праекта BIPART Уладзімір Кавалкін. 

Эксперт адзначае, што, па ўмовах тэндару, кампосцеры павінны быць сумяшчальнымі з пэўнымі праграмным забеспячэннем, што значна абмяжоўвае патэнцыйных удзельнікаў аўкцыёну. У выніку, у ім прынялі ўдзел закрытае акцыянернае таварыства «Міжнародны дзелавы альянс» (IBA) і таварыства з абмежаванай адказнасцю «НІІЭВМсервіс». На сайце апошняй кампаніі гаворыцца: «НІІЭВМсервіс ўваходзіць у групу кампаній IBA, падтрымлівае цеснае дзелавое супрацоўніцтва з усімі членамі гэтай групы, актыўна ўдзельнічае ў сумесным праекце». 

«Фактычна ў тэндары ўдзельнічалі даччыная і матчына кампаніі, што прымушае задумацца пра якасць тэндарнай працэдуры», — кажа Кавалкін і падкрэслівае, што закупка кампосцераў прайшла за сродкі падаткаплацельшчыкаў. 

Кавалкін таксама кажа пра тое, што да 11 красавіка прымаюцца заяўкі на ўдзел у тэндары на закупку іншага абсталявання для ўдасканалення сістэмы аплаты за праезд у грамадскім транспарце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?