Стэнд Міністэрства спорту і турызму сустракае наведвальнікаў дзіўным нацюрмартам.

Стэнд Міністэрства спорту і турызму сустракае наведвальнікаў дзіўным нацюрмартам.

Сёння ў Мінскім выставачным цэнтры «БелЭкспа» ў 17-ты раз адкрылася штогадовая міжнародная выстава-ярмарка «Адпачынак». Цягам чатырох дзён беларускія і замежныя тураператары, а таксама прадстаўнікі краін, гатэляў і асобных рэгіёнаў будуць дэманстраваць беларусам прапановы для адпачынку ў 2014 годзе.

Турыста ловяць на рамантыку

Аматарам чагосьці незвычайнага будзе сумна на «Адпачынку-2014». Відаць, час шырокага з'яўлення на беларускім рынку цікавостак кшталту віскі-тураў па Шатландыі і іншага спецыфічнага турызму яшчэ не надышоў. Аднак незвычайныя прапановы ўсё ж трапляюцца на вочы.

Сувенінрныя свечы да Чэмпіянату свету па хакеі. 

Сувенінрныя свечы да Чэмпіянату свету па хакеі. 

Напрыклад, турфірма «Музенідзіс трэвэл» прапануе зладзіць вяселле ў Грэцыі. А маскоўская фірма «32 румбы», што ўдзельнічае ў мінскай выставе ўпершыню, арганізуе падарожжы на ветразевых яхтах, прычым як індывідуальныя і сямейныя, гэтак і цім-білдынг для кампаній.

Турфірмы, якія ладзяць адпачынак у Беларусі, таксама шукаюць чагосьці свежага і незвычайнага. Перасыціўшыся анімаванымі экскурсіямі, адразу некалькі турфірмаў прапанавалі падарожжы з элементамі квестынгу: у іх турыст не проста пасіўны назіральнік, але і актыўны ўдзельнік.

Фірма «Кола падарожжаў» распрацавала экскурсію «Выратаванне Парыжа», дзе прапануюць прымерыць на сябе ролю жаўнера Расійскай Імперыі падчас Нарачанскай аперацыі 1916 года. Удзельнікі мусяць выканаць заданні, пасля якіх, паводле словаў арганізатара, адбудзецца «сімвалічнае прымірэнне Расійскай Імперыі і Германіі».

Стэнд, прысвечаны Чэмпіянату свету па хакеі. 

Стэнд, прысвечаны Чэмпіянату свету па хакеі. 

«Краіна замкаў» прапануе экскурсію-квест «Франц і Зося: каханне, мацнейшае за вайну», дзе ўдзельнікі становяцца журналістамі, накіраванымі асвятляць поспехі расійскіх войскаў, і назіраюць за гісторыяй кахання немца Франца і беларускі Зосі ў часы Першай сусветнай вайны. Падчас экскурсіі ўдзелінікі будуць браць штурмам дот і нават трапяць у турму — у выніку арганізатары абяцаюць хэпі-энд.

Прыярытэты — Турцыя і Балгарыя

З кожным годам кропак на зямным шары, куды можна паехаць, набыўшы тур у Беларусі, становіцца ўсё больш. Аданак, калі меркаваць па выставе, на турыстычным рынку Беларусі не адбылося карэнных зменаў.

Стэнд Балгарыі.

Стэнд Балгарыі.

Большасць беларускіх тураператараў сканцэнтраваная на адпачынку на моры, хоць геаграфія і шырокая: Харватыя, Францыя, Грузія, Італія, Егіпет, Грэцыя, Румынія, Ізраіль. У гэтым годзе многа прапаноў паехаць у Сардынію.

Самыя папулярныя краіны ў беларусаў можна лёгка вызначыць па памеры стэндаў іх прадстаўнікоў. Сёлета бясспрэчнымі лідарамі былі Балгарыя і Турцыя.

Стэнд Турцыі. 

Стэнд Турцыі. 

Для тых, хто не хоча ляжаць на пляжы, можна лёгка выбраць аўтобусны тур па Еўропе ці прапановы ад еўрапейскіх краін-суседак. Асабліва вылучаецца Латвія, якая на гіганцкім стэндзе прадставіла дзясяткі турыстычных магчымасцяў у кожным з рэгіёнаў краіны.

Мінус Крым

Не магла не паўплываць на турыстычныя звычкі беларусаў анэксія Крыма. Паўвостраў, які быў адным з самых папулярных месцаў летняга адпачынку, амаль не прадстаўлены на выставе. Турфірма «Адысея тур» — адна з нямногіх, на чыім стэндзе можна пабачыць назву «новага суб'екта Расіі». Прадстаўніца «Адысеі тур» паведаміла, што заявак на адпачынак у Крыме значна менш за мінулыя гады, аднак яны ёсць.

«Каму трэба, той паедзе адпачываць у Крым. Аднак цяпер праблема ў іншым: як давезці людзей. Раней мы кантактавалі з украінскім бокам, але яшчэ не зусім зразумелі, з кім трэба звязвацца цяпер», — сказала яна.

Ваенныя турысты

Турызм унутры Беларусі не цешыць бурлівым развіццём. Вядома, што галоўная падзея гэтага года ў галіне — Чэмпіянат свету па хакеі. Таму адразу на ўваходзе наведвальнікаў выставы сустракае стэнд, прысвечаны падзее. Нажаль, асноўная інфармацыя на ім — турыстычныя буклеты з агульнай інфармацыяй пра Беларусь па-англійску.

А вось традыцыйны стэнд Міністэрства спорту і турызму вялікімі літарамі паведамляе, што «2014 — год ваеннага турзму». У святле украінскіх падзей, дзе «ветлівыя людзі» і дыверсанты-гастралёры адыгралі не апошнюю ролю, такі загаловак выклікае пытанні.

Стэнд Міністэрства спорту і турызму абвяшчае 2014 год Годам ваеннага турызму. 

Стэнд Міністэрства спорту і турызму абвяшчае 2014 год Годам ваеннага турызму. 

У 2014 годзе адзначаецца адразу і 70-годдзе вызвалення Мінска, і 100-годдзе пачатку Першай сусветнай вайны. Відавочна, гэтым і кіравалася міністэрства, прысвячаючы ваеннаму турызму гэты год. Каля міністэрскага стэнда можна пабачыць кулямёт «Максім» і дзяжурнага чырвонаармейца. Прадстаўнікі беларускіх абласцей прапануюць шматлікія экскурсіі, прысвечаныя падзеям Першай сусветнай. Прыватныя турыстычныя агенцтвы таксама актыўна ўзяліся эксплуатаваць гэтую гістарычную падзею.

Асобны стэнд запрашае гасцей на лячэнне і адпачынак у беларускія санаторыі. Супрацоўніца беларускага дзяржаўнага тураператара «Цэнтр курорт» паведаміла карэспандэнту «НН», што немагчымасць трапіць у беларускі санаторый беларусу праз вялікі паток расійцаў — усяго толькі «негатыўны міф, які склаўся ў беларускіх СМІ», і запэўніла, што любы айчынны санаторый заўсёды гатовы прыняць беларуса. Між тым, кошты на адпачынак у санаторыі «Юнацтва», што належыць Упраўленню справамі прэзедэнта, чамусьці ўказаныя толькі ў расійскіх рублях.

Выстава «Адпачынак-2014» працуе 10 і 11 красавіка з 10:00 да 19:00, 12 красавіка з 10:00 да 16:00 па адрасе: вул. Янкі Купалы, 27. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?