Магілёўскі вышэйшы каледж МУС адкрыў набор для дзяўчат на факультэт міліцыі па спецыяльнасці «прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі».
Як паведаміў намеснік начальніка вышэйшага каледжа па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні палкоўнік міліцыі Уладзімір Святлічны, конкурс чакаецца вельмі высокі: прыкладна 10 —15 чалавек на месца.
Ужо зараз на сайце каледжа сярод жадаючых паступіць у навучальную ўстанову зарэгістраваліся 62 дзяўчыны, а на падрыхтоўчым аддзяленні каледжа навучаюцца 28. Па дадзеных райаддзелаў АУС Беларусі, 159 дзяўчат падалі заявы і афармляюцца ў якасці абітурыентаў.
«Ва ўсіх дзяўчат маецца магчымасць прайсці нашы падрыхтоўчыя курсы, якія значна павышаюць шанцы на паступленне ў ВНУ. У мінулым годзе 94% слухачоў, якiя прайшлi поўны курс навучання, сталі курсантамі або студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Акрамя таго, слухачы, якія прайшлі навучанне на падрыхтоўчых курсах, маюць пераважнае права пры залічэнні ў Магілёўскі вышэйшы каледж МУС», — адзначыў Уладзімір Святлічны.
Поўны тэрмін навучання складае 4 гады, пасля выдаецца дыплом аб вышэйшай адукацыі з прысваеннем кваліфікацыі «юрыст» і спецыяльнага звання сярэдняга начальніцкага складу органаў унутраных спраў Беларусі «лейтэнант міліцыі».
З 1 верасні 2014 г. Магілёўскі вышэйшы каледж МУС будзе называцца Магілёўскім інстытутам міністэрства ўнутраных спраў, і таму абітурыенты, якія паступілі ў 2014 годзе ў каледж, атрымаюць у 2018 годзе дыплом аб заканчэнні інстытута.





