Спрашчэнне візавага рэжыму пастаянна фігуруе ў парадку дня кансультацый па пытаннях знешнеэканамічнай дзейнасці паміж Беларуссю і ЕС, паведаміў 10 красавіка на брыфінгу ў Мінску прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык. 

Каментуючы ход перамоў аб спрашчэнні візавага рэжыму Беларусі з ЕС, ён падкрэсліў: «Тэматыка спрашчэння візавага рэжыму пастаянна фігуруе ў парадку дня кансультацый па консульскіх пытаннях, якія даволі эфектыўна праводзяцца паміж МЗС Рэспублікі Беларусь і міністэрствамі замежных спраў краін — членаў Еўрапейскага саюза. Толькі за апошні час падобныя кансультацыі прайшлі паміж консульскімі ўпраўленнямі МЗС Беларусі і Літвы, Беларусі і Славеніі». 

«Таму, — дадаў ён, — мы працягваем працаваць у кірунку, указаным кіраўніком дзяржавы ў пасланні Нацыянальнаму сходу і беларускаму народу ў красавіку 2013 года». 

Нагадаем, Савет міністраў ЕС яшчэ ў чэрвені 2011 года запрасіў Беларусь да пачатку перамоў аб спрашчэнні візавага рэжыму. Савет ЕС неаднаразова заклікаў беларускія ўлады пачаць перамовы. У лістападзе 2013 года на саміце Усходняга партнёрства ў Вільнюсе міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь гатова пачаць перамовы па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. 

Першы раўнд перамоў прайшоў у Бруселі ў канцы студзеня 2014 года. 

Пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС ужо падпісаныя ўсімі краінамі Усходняга партнёрства (УП) і Расіяй. Беларусь — адзіная краіна УП, грамадзяне якой вымушаны плаціць за шэнгенскую візу не 35 еўра, а 60.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?