Украінскія следчыя органы ўжо раскрылі схему разгону Майдана і забойствы ўдзельнікаў акцый пратэсту, якімі кіраваў экс-прэзідэнт Віктар Януковіч.

Пра гэта заявіў у Страсбургу в. а. генпракурора Алег Махніцкі, паведамляе Euronews.

Ён распавёў, што следчыя органы ўжо правялі вялікі аб'ём следчых дзеянняў, у прыватнасці, ужо ёсць затрыманыя.

«Устаноўлены асобы, якія прымалі ўдзел (у сілавых акцыях), працягваюцца таксама следча-аператыўныя мерапрыемствы па затрыманні ўсіх асоб, якія маюць дачыненне да здзяйснення злачынстваў», — распавёў в. а. генпракурора.

Махніцкі сцвярджае, што раскрытая схема кіраўніцтва разгонам Майдана, дзе галоўным быў Віктар Януковіч.

«Устаноўленая неабходная схема сувязяў, як аддаваліся загады. У прыватнасці, ужо даказаная віна і былога прэзідэнта Віктара Януковіча, які даваў злачынныя загады. Свае злачынныя загады ён даваў адміністрацыі прэзідэнта, адпаведныя прадстаўнікі якой таксама абвешчаныя ў вышук», — распавёў Махницкі.

Ён заявіў, што «распрацоўваліся злачынныя планы забойства людзей, планы нейтралізацыі Майдана, планы стварэння розных вайсковых фарміраванняў, праваахоўных органаў, а таксама бандфарміраванняў — так званых цітушак і іншых падобных».

«Пазней аддаваліся загады адпаведным сілавым міністрам i кіраўнікам. У тым ліку і міністру ўнутраных спраў, Службе бяспекі, іншым камандзірам вайсковых фарміраванняў. I ўжо адтуль тыя загады даваліся непасрэдным камандзірам тых падраздзяленняў, якія прымалі ўдзел у забойстве грамадзян», — распавёў Махніцкі.

Паводле яго слоў, ужо затрыманыя непасрэдныя выканаўцы злачынстваў, сярод якіх, у прыватнасці, работнікі спецроты падраздзялення «Беркут», якім «выдавалася зброя — аўтаматычная, снайперская».

Махніцкі заявіў, што ва Украіне «адбыўся новы віток сепаратызму, які перакінуўся на ўсходнія вобласці».

«Мы лічым, што гэта — працяг крымскага сцэнара. Таму што з боку Расіі ў межах Украіны сканцэнтравана і манеўруецца вялікая колькасць войскаў. Пакуль улады спрабуюць урэгуляваць канфлікт мірным шляхам», — распавёў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?