Пасля пяці гадоў зняволення палітвязень выйшаў у «вялікую турму». Гэтак у інтэрв'ю галоўнаму рэдактару charter97.org Наталлі Радзінай былы палітвязень, прадпрымальнік, афіцэр Мікалай Аўтуховіч назваў сённяшнюю Беларусь.

Размова была доўгая. Перадаць яе цалкам няма магчымасці. Аўтуховіч зараззнаходзіцца пад жорсткім прэвентыўным наглядам — яму забаронена пакідаць родны горад Ваўкавыск. Але, здаецца, галоўнае, што хацеў сказаць былы палітвязень — ён не зламаўся і здавацца не збіраецца.

 — Мікалай, першае пытанне, вядома, пра здароўе. Як вы сябе адчуваеце пасля пяці гадоў турэмнага пекла?

 — Пакуль толькі здалі аналізы. Усе вынікі будуць толькі праз два тыдні. Перш за ўсё, цяпер трэба заняцца зубамі — пасля турмы яны ў вельмі дрэнным стане. Невядома яшчэ, ці можна ставіць імплантанты. Ёсць падазрэнне, што ў мяне развіўся дыябет. Здароўем я, вядома, здаў пасля пяці гадоў…

 — Вас папярэджвалі, што трэба быць «асцярожным» у выказваннях на волі? На сваім вопыце ведаю, што гэта звычайная практыка.

 — Не, мяне пра гэта не папярэджвалі. Гэта значыць так наўпрост не казалі. Казалі крыху інакш, але я ўсё, вядома, ведаю.

 — 16 месяцаў прэвентыўнага нагляду — гэта таксама прамая пагроза пасадзіць вас зноў у выпадку палітычнай актыўнасці.

 — Так, такі нагляд і на такі тэрмін… Калі я станавіўся на ўлік, нават у інспекцыі здзівіліся. Вельмі жорсткі нагляд. Мне нават з горада з'язджаць нельга. Цяжка гэта патлумачыць.

Чаго яны баяцца? Напэўна, што буду зноў шукаць праўду, што зноў буду «баламуціць», уплываць на людзей. Чорт ведае чым займаюцца. Яны ж бачылі, як людзі мяне падтрымлівалі, вось і баяцца…

Калі доўга выдаваць хлусню за праўду, а потым усё гэта выкрываецца, вядома, камусьці трэба будзе адказваць. Калі маўчаць і нічога не казаць, гэта ніколі не ўскрыецца. А я маўчаць не хачу і не буду.

 — Ці будзеце дамагацца рэабілітацыі?

 — Так. Лукашэнка ж сам кажа: «справядлівасць перш за ўсё», «мы самая справядлівая краіна ў Еўропе». Ну дык давайце адновім справядлівасць!

Чаму мая сям'я пакутуе 10 гадоў? Чаму я страціў бізнес? Я стварыў 130 працоўных месцаў, і ўсё гэта павалілася ў адно імгненне толькі таму, што нейкі чыноўнік, які вымагаў грошы ў прадпрымальнікаў, хацеў выратаваць «гонар мундзіра».

 — На вашым прыкладзе хацелі папярэдзіць усіх прадпрымальнікаў, якія збіраліся змагацца за свае правы.

 — У прынцыпе, так. Усё трымаецца на хлусні і на страху. Падманваюць і палохаюць, падманваюць і палохаюць… Як толькі пачынаеш супраціўляцца, у іх збіваецца механізм. Адразу пачынаюць думаць, што рабіць: прыдумляюць злачынствы, прызначаюць вінаватых.

 — За пяць гадоў, што вы былі ў турме, Беларусь вельмі змянілася і не ў лепшы бок. Вы ўжо паспелі гэта заўважыць?

 — Я выходзіў і не адчуваў, што выходжу на волю. Разумею, што выйшаў у такі час, калі можа адбыцца ўсё, што заўгодна. Я проста выйшаў у вялікую турму.

Не паспеў выйсці, як ужо з усіх бакоў заўважаю людзей у цывільным, якія здымаюць мяне з усіх бакоў на відэакамеры. Што гэта такое? Я што, злачынец? Запалохваюць? Ім цікава, хто да мяне прыходзіць? Нармальныя людзі прыходзяць. Чаго вы здымаеце? Ідыятызм нейкі.

 — Незадоўга да вызвалення вы ўскрылі сабе жывот лязом. Што прымусіла пайсці на гэты страшны ўчынак?

 — Чалавечая подласць. Я шмат разоў прасіў супрацоўнікаў адміністрацыі не выпрабоўваць на мне іх бязмежныя магчымасці. Яны ці мяне не пачулі, ці пабаяліся: працягвалі рабіць правакацыі, абражаць маю гонар і годнасць. А я нікому не дазволю сябе зневажаць, таму і пайшоў на такі крок, калі ўсе іншыя магчымасці былі вычарпаныя.

 — Стаўленне да ўсіх палітвязняў у Беларусі пасля 19 снежня 2010 года стала больш жорсткім. Улада паставіла задачу — знішчыць іх маральна і фізічна?

 — Так. У дачыненні да мяне больш выкарыстоўвалі подласць, правакацыі, нагнятанне абстаноўкі. Падсаджвалі спецыяльных людзей, якія павінны былі правакаваць.

Яны хочуць зламаць людзей, каб тыя напісалі гэтыя прашэнні аб памілаванні, а калі не атрымліваецца — іх пачынае «каўбасіць» ад гэтага. Як жа так? Чаму яны не баяцца? Хтосьці нервуецца з-за гэтага.

 — Што вам дапамагала трымацца?

 — Такіх людзей, якія не ламаюцца, на самой справе ў турмах шмат. Але пра іх не чуваць, таму што не выходзяць з ізалятараў, іх скаргі не даходзяць на волю. Такія жалезныя людзі, «крэмні», ёсць і ў калоніях, і ў турмах. Хоць большасць людзей, нават тыя, якія называюць сябе «блатнымі», працуюць на адміністрацыю і бяруць удзел у правакацыях, у тым ліку супраць палітвязняў.

 — Зараз асноўны кантынгент беларускіх калоній — чыноўнікі і бізнесмены. З кім даводзілася сядзець?

 — Я сядзеў у калоніях і турме строгага рэжыму. У турмах рэцыдывісты сядзяць — тыя, хто пабываў раней у месцах пазбаўлення волі. У калоніях — так, я сустракаў шмат такіх людзей.

У адной калоніі больш за палову былі чыноўнікі, камерсанты, служачыя, мытнікі, памежнікі. Я размаўляў з многімі, яны тлумачылі мне свае сітуацыі, людзі фактычна ні за што атрымлівалі тэрміны. Проста страшна, што адбываецца…

 — Але цяпер яны разумеюць, што значыць служыць гэтай уладзе?

 — Ёсць розныя людзі. Я сустракаў такіх, якія прыязджаюць, становяцца барацьбітамі за справядлівасць, але праходзіць нейкі час і яны ўладкоўваюцца загадчыкамі гаспадаркі, пачынаюць камандаваць асуджанымі, працаваць на адміністрацыю.

Нешматлікія не супрацоўнічаюць і жывуць самі па сабе. Але такія людзі былі…

 — Наколькі змянілася ваша становішча пасля пераводу з калоніі ў турму?

 — У турме я прабыў два гады і два месяцы, а ўвесь астатні тэрмін — у калоніі. Я думаў, што ў турме мне будзе лягчэй, таму што ў калоніях мяне ўсё часцей правакавалі.

Што такое тры тысячы чалавек у калоніі? Цябе «неспадзявана» могуць штурхнуць, ткнуць «швайку» ў бок. У турме ж ты сядзіш у асобнай камеры, там усё бачна. Але аказваецца, і там могуць рабіць такія ж гадасці і правакацыі.

Я ведаю, што мной займаліся канкрэтна людзі не з турмы. Таму ёсць некалькі доказаў. Хтосьці «руліў» імі, казаў, што рабіць і як рабіць. Мяне хацелі справакаваць.

 — Чаго яны дамагаліся гэтымі правакацыямі? Новага тэрміну, прашэння аб памілаванні, самагубства?

 — Я вам раскажу, што ў турме мяне хацелі «раскруціць» яшчэ па факце ўвозу ў Беларусь вялікай партыі зброі. Знайшліся «добрыя людзі», якія былі гатовыя даць супраць мяне паказанні: нібыта я валодаю вялікімі грузавымі машынамі і перавозіў на іх зброю праз мяжу ў Беларусь. Усё гэта рабілася напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Там вельмі цікавая «завязка»…

 — Гэта значыць, вас хацелі абвінаваціць у тым, што вы везлі зброю нам на Плошчу 19 снежня 2010 года?

 — Усё ішло да таго, што нібыта так, але дзякуючы адвакату, дзякуючы прэсе яны не сталі даводзіць задуманае да канца.

Цікавая была сітуацыя. Я думаю, што калі мяне арыштоўвалі ў 2009 годзе, яны ўжо ведалі ў лютым, што будуць гэта рабіць, таму што завезлі мяне адразу ў СІЗА на Валадарскага, хоць інкрымінавалі мне злачынствы, якія нібыта адбыліся ў Ваўкавыску і справу вялі гродзенскія следчыя.

Мяне ніяк не павінны былі везці на Валадарскага. Потым усё адкрылася. Высветлілася, што нам рыхтуюць артыкул «тэракт».

 — Вы, вядома, ведаеце, што следчы па вашай справе Мікалай Аліхвер цяпер спакойна жыве ў ЗША. Ці будзеце нешта прадпрымаць, каб ён адказаў за фальсіфікацыю вашай справы?

 — Абавязкова. Я вельмі хачу атрымаць паказанні гэтага чалавека. Неяк пасля працяглых галадовак мяне адправілі ў бальніцу на Кальварыйскую, і туды да мяне прыходзілі следчыя, у тым ліку гэты Аліхвер. Ён таксама сядзеў каля майго ложка (я ўжо не ўставаў), пускаў слязу: «Зразумей мяне правільна, мяне прымусілі, прабач…».

Я думаю, што калі гэты чалавек зразумее, што яго ў ЗША могуць пакараць за тое, што ён ламаў лёсы людзей, то ён усё раскажа.

Акрамя Аліхвера, ёсць яшчэ людзі, якія павінны даць паказанні: былі паперы, на якіх ставілі незаконныя рэзалюцыі. Напрыклад: «Узбудзіць крымінальную справу супраць фірмы «Ніка-транс» ці звольнім з працы». Нават такія рэзалюцыі былі на дакументах. Самі супрацоўнікі рабілі копіі і пакідалі для сябе на выпадак, каб потым даказаць, што яны ні пры чым.

Немагчыма гэтую хлусню доўга хаваць, нельга гэта так доўга выдаваць за праўду. Усё роўна ўсё выйдзе вонкі, як бы гэтую ману не хавалі. Так што я папраўлю здароўе, а потым з юрыстамі пачну змагацца далей. І тады зноў паглядзім на твар улады. Яна яго не раз дэманстравала і, упэўнены, яшчэ раз прадэманструе. Іх, як катоў-шкоднікаў, трэба туды носам, носам…

 — Удачы вам, але відавочна, што пры цяперашняй уладзе ў Беларусі вам не ўдасца дамагчыся справядлівасці.

 — Так, не выключаю, што мяне зноў пасадзяць. Заўтра мне могуць «прышыць» любы артыкул, падкінуць у машыну наркотыкі ці больш таго — труп. Маючы магчымасці, як у спецслужбаў, можна сфабрыкаваць любую справу і зладзіць любы спектакль.

І ўсе гэта бачаць, усе так жывуць. Я чытаў у газетах у турме, як кіраўнікі апазіцыйных партый даюць справаздачу, як яны пазітыўна глядзяць у будучыню па выніках праведзеных «выбараў» у мясцовыя саветы. Які такі пазітыў яны бачаць?! Я вось ніякага пазітыву не бачу. Як падманвала нас улада, так і падманула цяпер. Тое, што яны там нейкія свае думкі данеслі да людзей, а што ад гэтага змянілася?

Трэба рабіць такія крокі, каб нешта мянялася. А рабіць адно і тое ж з года ў год — гэта глупства. Людзі чакаюць ад іх не гэтага.

 — Як вы, былы «афганец», успрынялі ўварванне расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны і акупацыю Крыма?

 — Я да апошняга дня не мог паверыць, што гэта наогул адбудзецца. Навіна аб тым, што там «зялёныя чалавечкі» і нейкія сілы самаабароны, мяне проста ў «ступар» загнала. Усё думаў: «Няўжо?». А потым усё пацвердзілася.

Не чакаў такога павароту падзей. Вось яно, расейскае нахабства. За час адбыцця тэрміну я страціў усю павагу да Расеі, астудзеў канчаткова. Вядома, не да расейскага народу, а да яго кіраўніцтва. Я паглядзеў, як мянялася ўлада, як яны перадавалі яе з рук у рукі, як яны нахабяцца, ведаючы, што ніхто не будзе з імі ваяваць.

Зараз вось аб'яўляюць нейкую «Данецкую рэспубліку». Ды кіньце вы, відаць жа, што ўсё гэта правакатары арганізоўваюць. І сёння ніхто за Украіну не заступаецца, вось што крыўдна. А краіну проста могуць парваць на часткі.

 — І Лукашэнка можа аказаць Пуціну ў гэтым пасільную дапамогу. Вы, вядома, у курсе, што ў Беларусі сёння размяшчаюцца расейскія войскі?

 — Я проста ў шоку. Глядзеў тэлевізар, бачыў, як чалавек апраўдваўся і выкручваўся. У гэтай сітуацыі гэта было смешна і недарэчна. Няўжо не відаць, што адбываецца? Ужо нават бабкі ў вёсках гэта разумеюць.

Мы паступова, самі таго не заўважаючы, становімся часткай Расейскай Федэрацыі. Калі мы ўбачым рэальны стан нашай эканомікі, мы проста жахнемся. Гэта такая дзірка і, хутчэй за ўсё, увядзеннем расейскага рубля яны паспрабуюць схаваць усё, што за ўсе гэтыя гады вылецела ў трубу.

 — Беларусы гатовыя абараняць сваю незалежнасць?

 — Бачыце, якія рэплікі цяпер? «Асабіста ў рукі вазьму аўтамат». Але хто ў нас сёння гатовы памерці за «прэзідэнта»? А хто гатовы памерці за краіну? Гэта зусім розныя людзі.

Але, баюся, мы сёння не гатовыя. Хто пойдзе ў партызаны? Невялікая частка людзей. Страх настолькі татальны, што будуць рабіць тое, што ім кажуць «зверху». Хоць мы трапілі цяпер у такую сітуацыю, што немагчыма рабіць ніякіх прагнозаў. Бачыце, як усё хутка і раптоўна мяняецца.

 — Што б вы сказалі тым людзям, хто за вас змагаўся, перажываў за вашу лёс?

 — У першую чаргу, дзякую ўсіх, хто падтрымліваў мяне, хто верыў мне. Гэта надавала сілы, дадавала пазітыўнай энергіі.

Я ведаў, што людзі мяне падтрымліваюць, і таму мяне было вельмі цяжка зламаць. Я ім казаў: зламаць мяне вы можаце толькі грубай фізічнай сілай, але на калені вы мяне ўсё роўна не паставіце ніколі.

…Я толькі хачу паправіць здароўе. Ведаю, што могуць яшчэ пасадзіць і надоўга. Калі прыйдзецца — буду яшчэ трываць. Але на калені станавіцца не буду. Буду дамагацца справядлівасці. Па жыцці я баец і назаўжды ім застануся. Мне ўсё роўна, хто парушыў закон — Лукашэнка ці яго памочнікі — усе павінны адказваць.

Ніхто чамусьці не хоча патрабаваць з гэтых людзей, нікога не цікавіць, куды сыходзяць нашы грошы. Усё «есца» — і крадзеж, і новыя падаткі. Заўтра нас прымусяць плаціць падатак за паветра, якім мы дыхаем, мы і гэта «з'ядзім». Але мяжа гэтаму ёсць, я ўпэўнены.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?