Асабовы склад упраўлення ўнутраных спраў па ахове Мінскага метрапалітэна гатовы да ўзмоцненага варыянту нясення службы падчас чэмпіянату свету па хакеі. Стан правапарадку будзе знаходзіцца пад кругласутачным кантролем, заяўляюць у гэтым падраздзяленні міліцыі. 

«Усе мы разумеем, што чэмпіянат свету чакаюць не толькі хакейныя балельшчыкі, але і людзі з нядобрымі намерамі. У гэтай сувязі асаблівая ўвага будзе накіравана на прадухіленне кішэнных крадзяжоў. Спартыўныя эмоцыі могуць стаць перадумовамі ўзнікнення канфліктных сітуацый, дзеянняў хуліганскага характару, таму ўсе пасажыры сталічнай падземкі будуць знаходзіцца пад пільным назіраннем. Асаблівая ўвага з прычыны адмены візавага рэжыму на перыяд правядзення спартыўнага форуму будзе нададзена праблеме незаконнага абароту наркатычных рэчываў», — гаворыцца ў паведамленні УУС па ахове метро. 

У мэтах павышэння камунікатыўных навыкаў супрацоўнікі гэтага падраздзялення прайшлі адпаведную лінгвістычную падрыхтоўку, атрымалі неабходныя веды для зносін з замежнымі гасцямі на замежнай мове. Больш за тое, кожны супрацоўнік упраўлення прайшоў агульную псіхалагічную падрыхтоўку. Да хакейнага першынства распрацаваны правілы паводзін падчас чэмпіянату для сталічных грамадзян і замежных гасцей. 

Служба бяспекі Мінскага метрапалітэна таксама гатова забяспечыць парадак падчас ЧС. 

Для забеспячэння кантрольна-прапускнога рэжыму на пяці станцыях метро створаны спецыяльныя зоны надгляду. Для гэтага ўстаноўлены металадэтэктары ў выглядзе рамкі і сканер. Да 2015 года плануецца стварэнне такіх зон на ўсіх станцыях. Для кантролю бяспекі ў многіх вагонах электрацягнікоў устаноўлены камеры відэаназірання. Больш чым 1.000 відэакамер устаноўлена на аб'ектах метрапалітэна, яшчэ столькі ж плануецца ўстанавіць найбліжэйшым часам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?