Аляксандар Алесін |
Адставаньне «Інтэгралу» ад прадпрыемстваў сусьветнага ўзроўню сапраўды істотнае, і гаворка тут вядзецца не пра гады, а пра дзесяцігодзьдзі. Але неабходна адзначыць, што найперш нашых усходніх суседзяў цікавіць абаронны характар дзейнасьці прадпрыемства. І тут у расейцаў папросту няма іншай альтэрнатывы, бо прадукцыя беларускага «Інтэгралу» запатрабаваная ў абароннай прамысловасьці Расеі. У першую чаргу інтэграваныя мікрасхемы выкарыстоўваюцца ў зэнітных і стратэгічных ракетах, а ў гэтым выпадку памер мікрачыпаў не мае прынцыповага значэньня. Расейцы, што б яны не казалі пра «Інтэграл», па‑ранейшаму маюць у ім патрэбу, бо мадэрнізацыя стратэгічнай зброі ў іх адбываецца вельмі марудна, таму яны зацікаўленыя ў захаваньні каапэрацыі ў гэтай сфэры.
Словы ж пра адсталасьць прадукцыі «Інтэгралу» ад сучасных стандартаў варта найперш расцэньваць як спробу зьбіць кошт у выпадку, калі справа такі дойдзе да продажу. Хоць тут ўзьнікаюць пэўныя сумневы наконт стоадсоткавага пераходу акцыяў да расейцаў. «Сыстэма» не пацягне ўвесь «Інтэграл»: гэта ж і сацыяльныя аб’екты, што знаходзяцца на балянсе прадпрыемства, і пляцоўкі, што даўно не функцыянуюць. Хутчэй за ўсё расейская карпарацыя паспрабуе выкупіць найбольш камэрцыйна прывабныя аб’екты НВА.
Ня варта адназначна ставіцца таксама і да словаў Лукашэнкі. Надта ж неадназначна яны прагучалі. Усё гэта нагадвае нейкі гандаль.