Пра гэта ў панядзелак паведаміў тэлеканал АНТ.
Гендырэктару прадпрыемства і яго намесніку інкрымінуецца перавышэнне службовых паўнамоцтваў, халатнасць і злоўжыванне ўладай.
Прадпрыемства правяралі Камітэт дзяржкантролю і Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК.
Ёсць падазрэнне, што Слуцкі мясакамбінат прадаваў мяса танней за мінімальныя цэны, а калі прыцягвалі падрадчыкаў, дык, наадварот, кошт работ завышалі. У прыватнасці, завышаўся кошт транспартных паслуг.
«За 2013 і два месяцы бягучага года чыстыя страты камбіната склалі 157 млрд рублёў», — паведаміў тэлеканалу начальнік аддзела КДК Дзяніс Галавароў.
«Прадукцыя рэалізоўвалася па заніжаных цэнах, — сказаў ён. — Так, за 5 месяцаў мінулага года мясакамбінат недаатрымаў амаль $300 тысяч пры пастаўцы расійскім купцам быкоў пад выглядам кароваў, розніца ў цане якіх у сярэднім складала каля даляра за кілаграм. У той жа час сыравіну набывалі праз пасярэднікаў з нацэнкай 320%, а таксама ў абыход праведзеных конкурсаў», — сказаў кантралёр.
Завесці крымінальныя справы па фактах безгаспадарчасці на Слуцкім мясакамбінаце і Слуцкім ільнокамбінаце загадаў у часе паездкі ў Слуцк Аляксандр Лукашэнка.