Ала Пугачова нарадзілася ў Маскве 15 красавіка 1949. Яе бацька, франтавік, быў дырэктарам па збыце на абутковай фабрыцы і нават сядзеў у турме за «гаспадарчыя злоўжыванні» ў 60-я. Маці, Зінаіда Архіпаўна Адэгава, працавала на заводзе ў аддзеле кадраў. Іх ужо няма, абое памерлі ад інфарктаў. Бацькі былі таленавітымі людзьмі: тата іграў у народным тэатры, маці ў час вайны ездзіла па франтах з агітбрыгадай. У Пугачовай быў яшчэ брат Яўген, вайсковец, але яго таксама не стала праз праблемы з сэрцам.

Пугачова выбухнула ў адзін момант — на фестывалі «Залаты Арфей» у Балгарыі з песняй «Арлекіна»

Гэта было ў 1975-м. Насамрэч шлях да гэтага фестывалю быў доўгі — музыкай Пугачова займалася з пяці гадоў, спявала ў аркестры Алега Лундстрэма, з агітбрыгадамі радыёстанцый выступала перад палярнікамі і геолагамі на Крайняй Поўначы.

«Пугачова была адной з рэдкіх індывідуальнасцей на тагачаснай савецкай сцэне. Менавіта індывідуальнасць яе вылучала, — кажа музычны крытык Зміцер Падбярэзскі. – У нейкім сэнсе яе можна параўнаць з Клаўдзіяй Шульжэнка, толькі на новым этапе, з новым музычным матэрыялам.

Яна была адметная тым, што думала не толькі пра выкананне песні, але і пра паказ яе на сцэне, спалучаючы музыку і артыстызм.

І яе стыль па першым часе быў рэвалюцыйным для савецкай эстрады».

 

Пугачова і Беларусь

Як сцвярджае стрыечны дзядзька Пугачовай Юрый, які цікавіўся генеалогіяй роду, іх супольнага

прапрадзеда Івана маскоўскі памешчык паслаў аконамам з Масквы ў свой маёнтак у вёсцы Узгорск на Магілёўшчыне. Таксама той памешчык чамусьці сілай ажаніў Івана з аднавокай Маланняй.

Аднак ва Узгорску Іван закахаўся, Маланню кінуў і ажаніўся другім шлюбам. Ад таго шлюбу і нарадзіўся Павел, прадзед Пугачовай. Яны з прабабуляй Марыяй таксама жылі ва Узгорску, што на Прапойшчыне (цяпер Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці). Яны мелі сямёра дзяцей, Марыя (у акрузе была вядомай лекаркай і варажбіткай) дажыла амаль да 90 гадоў, пахаваная ў вёсцы Нядашава (Магілёўская вобласць), Павел памёр у 40-гадовым веку (пахаваны ва Узгорску). У Нядашаве данядаўна жыла цётка Пугачовай, Валянціна Валуева.

Дзед спявачкі Міхаіл з сям’ёй у 1933 уцёк у Маскву ад калектывізацыі.

Пугачова і анекдоты

Пугачова была ў СССР больш чым спявачкай, яна была іконай стылю, гераіняй анекдотаў (разам з вечнай канкурэнткай-антыподам Сафіяй Ратару) і ананімных паэм (разам з Рэйганам, Гарбачовым і той жа Сафіяй Ратару).

Пра Пугачову складалі нават палітычныя анекдоты. Вось, напрыклад, такія:

— Хто такі Брэжнеў?
— Дробны палітык часоў Алы Пугачовай.

Пугачова і мужы

Іх было не так і многа — усяго пяць.

Цыркавы артыст Мікалас Орбакас (гэта яго дачка Крысціна Арбакайце), рэжысёр Аляксандр Стэфановіч, прадусар Яўген Болдзін, спявак Філіп Кіркораў і парадыст Максім Галкін. Апроч таго, вокс популі звязваў Пугачову рамантычнымі сувязямі з пачынаючым артыстам Чалабанавым і поп-рок-спеваком Уладзімірам Кузьміным.

Ужо не маючы хітовага рэпертуару і – будзем шчырымі — голасу, Пугачова дзесяцігоддзямі падтрымлівае цікавасць да сябе, ператварыўшы ў шоу-бізнэс уласнае асабістае жыццё.

Пугачова і «Песняры»

Цікава, што на ўзлёце кар’еры, у 1975-м, Пугачова выступала ў Канах на Міжнародным музычным кірмашы разам з «Песнярамі». І «Песняры» зацікавілі заходніх прадусараў намнога больш, бо стыль і рэпертуар Пугачовай не быў такім наватарскім. І гэта не ўсё, што звязвае Пугачову з беларускім калектывам. Як неаднаразова сцвярджаў у інтэрв’ю саліст «Песняроў» Леанід Барткевіч, ён правёў «незабыўную ноч» з Пугачовай падчас сумесных гастроляў. Пугачова гэта адмаўляе, дарэчы.

 

Пугачова і яе нерухомасць

Пугачова — адна з найбагацейшых артыстак Расіі. Яна неаднаразова ўваходзіла ў «рэйтынг знакамітасцяў Forbes», дзелячы лідарскія месцы з спеваком Стасам Міхайлавым і тэнісісткай Марыяй Шарапавай. Паводле таго ж «Форбсу» прыбытак спявачкі ў 2011склаў 4,8 млн даляраў.

Пугачова мае кватэру ў 500 кв м у Маскве. Кватэру ёй падарыў зяць, бізнэсовец чачэнскага паходжання Руслан Байсараў, Пугачова толькі выбрала месца — Філіпаўскі завулак. Цікава, што адбылося гэта хутка пасля развітання з Філіпам Кіркоравым — такі сабе гумар спявачкі.

Таксама Пугачова мае катэдж на ўчастку ў 50 сотак у вёсцы Беражкі ў Падмаскоўі,на беразе Істрынскага вадасховішча.

 

Пугачова цяпер

Ад 2010 Пугачова не канцэртуе. Праўда, яна запісала некалькі песень, адна з якіх, «Самы высокі», была прысвечаная алігарху Міхаілу Прохараву і неаднаразова выконвалася падчас прэзідэнцкіх выбараў 2011 у Расіі, дзе Прохараў быў дэмакратычным кандыдатам. Сёлета Пугачова выступіла ў абарону спевака Андрэя Макарэвіча, якога ў Расіі пачалі цкаваць пасля яго выступу супраць расійскай інтэрвенцыі Крыма. Дарэчы, адна з моваў, на якой спявае Пугачова, — украінская.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?