Баевікам, якія штурмавалі адміністрацыйныя будынкі ў Славянску, даў прытулак мясцовы праваслаўны цэнтр.
Пра гэта сёння заявіла журналістам мэр Славянска Неля Штэпа.
Яна распавяла, што «пяць дзён таму вось гэтыя ўзброеныя паўстанцы сабраліся за горадам Арцёмаўскам ў двух КаМАЗах, пасля гэтага, па ўзгадненні з нашым праваслаўным бацюшкам айцом Віталём, яны размясціліся ў яго ў праваслаўным цэнтры».
«Мне патэлефанавалі жыхары і паведамілі, што каля 150 цалкам узброеных чалавек выйшлі з гэтага праваслаўнага цэнтра і да іх далучыліся 300 чалавек, якіх запрасіў айцец Віталь — гэта былыя афганцы і ваенныя, якія далучыліся да гэтых паўстанцаў. Гэтым 300 чалавекам паўстанцы далі поўныя паўнамоцтвы і яны сёння, што хочуць, тое і робяць у горадзе», — заявіла Штэпа.
Мэр таксама распавяла, што «сёння ноччу чалавек ехаў на працу з Харкава ў Бярдзянск, яго спынілі простыя славянскія хлопцы якія вырашылі пагуляць «у вайнушку», якія вырашылі, што яны ўжо галоўныя ў гэтым жыцці, — спынілі, пачалі шманаць машыну, мужчына ім аказаў супраціў, яны яго ва ўпор расстралялі».
Па словах Штэпы, сёння гэты мужчына «ў цяжкім стане, у яго прастрэленыя ногі, рукі, тулава, і мы яму робім аперацыю за аперацыяй, каб яго выратаваць».
Мясцовыя жыхары Славянска і Святагорска таксама паведамілі, што так званы «цэнтр расійскіх дыверсантаў» размяшчаўся ў Святагорскай Свята-Успенскай Лаўры Маскоўскага патрыярхату УПЦ Данецкай Епархіі.