39-­гадовы Сяргей Жадан — папулярны ўкраінскі пісьменнік. Ён жыве ў Харкаве, а месяц таму свет абляцелі кадры, на якіх яго да паўсмерці збіваюць расійскія штурмавікі.

Сяргей Жадан

Сяргей Жадан

Сяргей Жадан быў жорстка збіты 1 сакавіка

Сяргей Жадан быў жорстка збіты 1 сакавіка

Акрываўленае аблічча ўкраінскага пісьменніка стала абліччам Еўропы ХХІ стаго­ддзя, якой зноў пагражае перадзел межаў і нацызм. Цяпер хваля ідзе з усходу. Мы патэлефанавалі Сяргею Жадану, каб ён расказаў пра сітуацыю ва Усходняй Украіне і настроі насельніцтва.

«Наша Ніва»: Не так даўно Вы казалі, што сепаратызм на ўсходзе Украіны не пройдзе. Не адмаўляецеся ад сваіх словаў?

Сяргей Жадан: Калі мець на ўвазе пад сепаратызмам настроі насельніцтва ў рэгіёнах, то я і надалей трымаюся свайго пункту погляду.

Гэта не сепаратызм — гэта добра спланаваная спецаперацыя, якую праводзіць суседняя дзяржава. Я памятаю, як гэтыя сепаратысцкія мітынгі пачыналіся, першапачаткова яны былі больш шматлікімі, там было больш ідэйных людзей.

Сёння ж там задаюць тон баевікі, якія невядома адкуль узяліся, многія з якіх не грамадзяне Украіны. Мэтай такіх мітынгаў з’яўляецца толькі дэстабілізацыя сітуацыі.

«НН»: Здаецца, дэстабілізаваць удаецца. На выхадных у Харкаве было горача. Васьмёра чалавек дагэтуль знаходзяцца ў шпіталях.

СЖ: Так, пабілі каля 50 чалавек. Разграмілі станцыю метро. Узброеныя бітамі і палкамі баевікі білі мірных дэманстрантаў, жанчын. Спрабавалі захапіць будынак гарсавета. Пасля ў іх быў пікет ля СІЗА, дзе сядзелі арыштаваныя сепаратысты. А скончылася ўсё бойкай з мясцовымі футбольнымі ультрас харкаўскага «Металіста».

«НН»: Што за людзі з георгіеўскімі стужкамі выходзяць на вуліцы ўкраінскіх гарадоў пратэставаць за Расію?

СЖ: Мне нават цяжка ацаніць. Раней, сапраўды, выходзілі мясцовыя людзі з прарасійскімі і прасавецкімі поглядамі, але яны былі настроеныя на дыялог.

Цяпер жа ўсё болей людзей, што выходзяць на вуліцы як на баявую аперацыю.

Ударныя атрады антымайдану становяцца агрэсіўнымі, некантраляванымі. Хаця нехта ж іх кантралюе, хто тыя лялькаводы — найбольшая інтрыга.

«НН»: Лялькаводы ж усе ў Крамлі, не?

СЖ: Відавочна. Але я маю на ўвазе нават не Крэмль і тых, хто гэтую аперацыю прыдумаў. Я хачу ведаць канкрэтна, хто іх у Харкаве кантралюе. Не Пуцін жа ім тэлефануе па мабільным тэлефоне, правільна? Мне цікава, хто непасрэдны начальнік баевікоў, хто зай­маецца агентурай, каардынуе іх. Гэтае пытанне да СБУ.

«НН»: Чытаў, што ў Харкаве вялікая праблема з міліцыяй, якая працягвае падтрымліваць Януковіча.

СЖ: Яны не падтрымліваюць сённяшнюю ўладу, сённяшняга міністра ўнутраных справаў, а ці падтрымліваюць Януковіча — гэта ўжо іншае. Я пастаянна чую аб сабатажы міліцыі, што яны падтрымліваюць сепаратыстаў. Шмат у чым гэта праўда. Але разам з тым харкаўская міліцыя стаіць ля абласной адміністрацыі і абараняе яе.

«НН»: З Беларусі здаецца, што падзеі ва Усходняй Украіне вельмі драматычныя, што Украіне цяжка адстаяць Данбас.

СЖ: Па­-любому будзе цяжка адстаяць. І Данецкую, і Луганскую вобласці. Ды і з Харкаўскай нічога невядома. Расія праводзіць абсалютна нахабную, цынічную палітыку.

Разам з тым мы маем справу з няяснай палітыкай Кіева. Яны абвяшчаюць ультыматум, а па сканчэнні часу забываюць пра яго. Яны заяўляць аб пачатку антытэрарыстычных аперацый, але зноў забываюцца. Такая непаслядоўнасць пакідае шмат прэтэнзій.

«НН»: Слухаючы такое, узнікае пытанне: ці не расчараваныя Вы вынікамі Майдану?

СЖ: Вынікаў пакуль што няма. Сітуацыя не вырашылася. Пострэвалюцыйная фаза з’яўляецца цалкам натуральнай. Многія хацелі ўжо на другі дзень пасля ўцёкаў Януковіча пабачыць ва ўладзе новыя твары, новыя прынцыпы жыццядзейнасці ўлады. Плюс пагроза з боку Расіі, анексія Крыма. Многіх гэта заганяе ў дэпрэсію. Але цяпер час не для расчаравання, а для мабілізацыі. Мы рызыкуем згубіць вельмі шмат, мы рызыкуем згубіць Радзіму.

«НН»: У апошняй сваёй калонцы на сайце Tsn.ua Вы пісалі, што ўсё толькі пачынаецца.

СЖ: Канечне. Гэта не 2005-­ы год. Украінцы, якія ўсю зіму выходзілі на вуліцы, падстаўлялі сябе пад кулі, для іх гаворка не ішла пра змену прэзідэнта, міністраў. Гаворка ішла пра сістэмныя змены ў краіне. Пакуль яны не пачнуцца, грамадства не супакоіцца і Майдан не разыдзецца. Майдан, канечне, не фізічны, а як нейкі сімвал барацьбы і грамадскага супраціву.

«НН»: Вы асабіста на Майдане стаялі дзеля чаго?

СЖ: Стаяў за сваю будучыню, за сваю краіну. Мне здавалася, што мы яе губляем. Тое самае мне здаецца і цяпер.

«НН»: Пра Майдан пісаліся вершы і песні. Пра сённяшнія падзеі на ўсходзе таксама будуць пісаць?

СЖ: Усё залежыць ад таго, як гэта скончыцца. Падручнікі па гісторыі пішуць пераможцы. Мне б не хацелася, каб мае дзеці па такіх падручніках вучылі факты аб гераічным паўстанні народа Данбаса супраць «фашысцкай акупацыі», якая прыйшла з Кіева. Я ўсё ж спадзяюся, што сітуацыя будзе ўрэгуляваная мірна. А вершы і песні будуць пра шчаслівую і мірную будучыню. Хоць сёння такія прагнозы і выглядаюць утапічнымі.

«НН»: Моўны фактар ва Усходняй Украіне важны?

СЖ: Зусім не важны. Я жыву ў Харкаве і ў штодзённым жыцці размаўляю толькі па­ўкраінску. Я не памятаю, калі апошні раз у мяне былі праз гэта праблемы. Я магу сур’ёзна паставіцца да патрабаванняў сепаратыстаў па дэцэнтралізацыі ўлады, але калі яны пачынаюць гаварыць пра ўціск рускамоўных, то гэта смешна. Пагроза існуе для ўкраінскай мовы, а не для рускай.

«НН»: Дарэчы, а сепаратысты ніяк не выкарыстоўваюць украінскую мову?

СЖ: Не. У іх, наадварот, агрэсіўнае стаўленне да ўкраінскай мовы, культуры, ідэалогіі, гісторыі, дзяржаўнасці.

«НН»: Сяргей, я так разумею, што Вы не выключаеце таго, што ваш горад можа аказацца ў іншай дзяржаве?

СЖ: Не выключаю. Але я веру, што такі сцэнар прывядзе да вялізнага супрацьстаяння і адпору захопнікам. Усход Украіны — гэта не Крым. Мясцовыя жыхары не гараць жаданнем пераходзіць у падпарадкаванне крамлёўскім кіраўнікам. Большасць насельніцтва ўсходу адчувае сябе ўкраінцамі. Гэта іх краіна, іх Радзіма. Я ўпэўнены, што яны будуць біцца за Украіну. Нават калі Расіі ўдасца захоп, то гэта ўсё не скончыцца маланкавай перамогай, а можа перарасці ў крывавыя і трагічныя наступствы.

«НН»: Прабачце, калі ўсё будзе развівацца па найгоршым сцэнары і Харкаў усё ж выйдзе са складу Украіны, што асабіста Вы будзеце рабіць?

СЖ: Шчыра кажучы, ніякага плана не маю. Праз два тыдні я збіраюся ехаць у Луганск [былы Варашылаўград. У Жадана адзін з раманаў называецца «Варашылаўград» — НН]. З замежнымі сябрамі ладзім там арт­праект. Дарэчы, у ім будуць браць удзел беларускія музыкі. Пакуль ёсць магчымасць, я рыхтуюся да гэтага праекта.

«НН»: Расійская прапаганда нярэдка выкарыстоўвае штамп, што жыхары Усходняй Украіны адчуваюць сябе «людзьмі другога гатунку».

СЖ: Гэта сапраўды штамп. Паглядзіце на склад Вярхоўнай Рады Украіны. Там, здаецца, траціна дэпутатаў з Усходняй Украіны.

Казаць, што усход быў абдзелены, — абсалютнае глупства. Улада ў нас была цалкам з Усходняй Украіны.

Гэта такі кепска прыдуманы маніпуляцыйны механізм, каб выклікаць узбуджэнне ў людзях, што не хочуць думаць. Што значыць — яны былі пакрыўджаныя? Данецк і Луганск — датацыйныя рэгіёны з Кіева. Харкаўская ж вобласць датацыйнай не была. Нельга казаць, што да іх ніхто не прыслухоўваецца. Гэта такі інфантылізм, які можа кепска скончыцца, калі Ахметаў кажа, што ўсе павінны прыслухоўвацца да Данбаса. Дык а хто крыўдзіць Данбас?

«НН»: Чым беларусы сёння могуць дапамагаць Украіне?

СЖ: Мне здаецца, што беларусам не Украіну трэба падтрымліваць, а думаць пра захаванне ўласнай дзяржаўнасці. Апетыты Крамля вельмі насцярожваюць. У іх пачынаюцца прэтэнзіі да Балтыі. Невядома, што стаіць за перамяшчэннем расійскіх войскаў ля беларускай мяжы. І ваш народ, і наш знаходзяцца пад пастаянным прэсінгам усходняга суседа. Нам трэба вучыцца на памылках адзін аднаго. Трэба абараняць сваю краіну, пакуль яна існуе.

***

Сяргей Жадан нарадзіўся ў 1974 у Луганскай вобласці (Украіна). Паэт, празаік, перакладчык. Адзін з найбольш папулярных творцаў Украіны. Ягоныя раманы «Дэпеш Мод» і «Anarchy in the UKR» выходзілі па­беларуску. Колькі тыдняў таму свет пабачыла новая кніга Жадана «Дынама Харкаў». Жыве ў Харкаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?